Летам радыё «Юністар» рэалізуе праект New line па пошуку і прасоўванні новых беларускіх выканаўцаў. Аб гэтым 7 мая паведаміла журналістам у Мінску дырэктар па маркетынгу і развіцці радыёстанцыі Марына Навышная.

Паводле яе слоў, з улікам патрабаванняў да беларускіх радыёстанцый забяспечыць 75% айчыннай музыкі ў эфіры востра стаіць праблема якаснай музыкі.

«Мы ведаем, што на радыё круцяцца кампазіцыі беларускіх выканаўцаў, якім ужо гадоў дзесяць, а можа быць, і больш. Нічога не мяняецца. Адны і тыя ж людзі, кампазіцыі, галасы», — сказала прадстаўнік «Юністар».

Таленавітыя маладыя выканаўцы часта імігрыруюць з Беларусі, адзначыла Навышная. Большасць жа даступных беларускіх кампазіцый, паводле звестак даследаванняў радыёстанцыі, выклікае жаданне ў слухачоў пераключыцца на іншую частату.

Што да беларускіх гуртоў і музыкантаў, уключаных у «чорны спіс» забароненых у Беларусі, то, паводле слоў Навышнай, яны не трапляюць у фармат радыёстанцыі.

«Гэта не адпавядае нашаму музычнаму фармату, таму мы не былі заклапочаныя тым, каб убраць іх з эфіру або запоўніць іх кімсьці іншым», — сказала прадстаўнік «Юністар».

Як заявіла Навышная, з улікам такой сітуацыі радыё «Юністар» гатова браць у ратацыю новыя беларускія каманды і садзейнічаць запісу іх кампазіцый на якасным узроўні.

Праграмны дырэктар «Юністар» Юлія Заўгародняя паведаміла, што першы этап праекта плануецца правесці ў ліпені. Гэта будзе канцэрт маладога беларускага гурту «Аёва» з Магілёва, які ўяўляецца «Юністар» перспектыўным гуртом.

У ліку новых праектаў «Юністар» — таксама першае друкаванае выданне пра радыё «Энцыклапедыя «Юністар», у якім сабраны факты аб дзесяцігадовай гісторыі радыёстанцыі, прафесійныя тэрміны. Выданне выйшла накладам 500 асобнікаў і будзе распаўсюджвацца сярод партнёраў радыёстанцыі.

Акрамя таго, у чэрвені 2012 года плануецца выхад першага ў Беларусі мабільнага дадатку «Юністар» для смартфонаў на платформах iOS (Apple) і Аndroid. Бясплатны дадатак дазволіць аператыўна атрымліваць інфармацыю аб прапановах «Юністар»: розыгрышах каштоўных падарункаў, турыстычных пуцёвак, білетаў на самыя значныя культурныя падзеі і інш.

Паводле звестак даследчай кампаніі ГЕВС, радыё «Юністар» у першым квартале 2012 года займала трэцяе месца па колькасці слухачоў у Мінску (10,1%) пасля «Рускага радыё» (24,2%) і «Радыё Рокс» (16,6%).
Доля рынку радыёстанцыі ў Мінску ў грашовым выражэнні склала траціну. Паводле слоў прадстаўніка радыёстанцыі, асноўная аўдыторыя — людзі 25–35 гадоў: «актыўныя, адукаваныя, арыентаваныя на еўрапейскія каштоўнасці».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?