Крымінальная справа ў дачыненні да рагачоўскага міліцыянера, які абвінавачваецца ў забойстве дзяўчыны, 11 кастрычніка перададзена ў суд для разгляду па сутнасці,
паведамілі ў пракуратуры Гомельскай вобласці.

Канчатковае абвінавачанне міліцыянеру прад`яўлена па п. 13 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса

(забойства з хуліганскіх меркаванняў).

Першапачаткова ён абвінавачваўся ў замаху на забойства (ч. 1 арт. 14, ч. 1 арт. 139 КК), бо на момант распачынання справы дзяўчына была жывая.

Начальнік аддзела па важнейшых справах пракуратуры вобласці Юрый Дзям`янчык растлумачыў, што абвінавачанне было перакваліфікавана на забойства з хуліганскіх меркаванняў, бо фактычна матыў адсутнічае.

«Забойства было — гэта факт, а матыву забіваць не было, ён гэта ўчыніў беспадстаўна», — дадаў Дзям`янчык.

***

Нагадаем, трагедыя адбылася 6 ліпеня. У 23.00 участковы міліцыянер Рагачоўскага РАУС параніў з табельнага пісталета ў службовай машыне 22-гадовую дзяўчыну, жыхарку вёскі Журавічы. Яна атрымала сляпое агнястрэльнае раненне галавы. Праз 10 дзён дзяўчына памерла ў рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць. У ноч з 6 на 7 ліпеня ў Журавічах святкавалі Купалле. За парадкам сачылі міліцыянеры з Рагачоўскага РАУС. Прычым абвінавачаны павінен быў знаходзіцца ў той час на тэрыторыі іншага сельсавета. Пацярпелая дзяўчына і дзве яе сяброўкі селі ў машыну да супрацоўнікаў міліцыі і паехалі з імі ў суседнюю вёску Доўск, дзе і здарылася трагедыя.

Устаноўлена, што міліцыянер на момант учынення злачынства быў п`яны — у яго крыві выяўлена каля 1,8 праміле алкаголю. У крыві яго калегі-ўчастковага, які таксама знаходзіўся на месцы НЗ, — 2,0 праміле алкаголю. Яшчэ адзін міліцыянер уцёк, таму яго не агледзелі. Вадзіцель-міліцыянер быў цвярозы, але ён не паведаміў кіраўніцтву аб тым, што яго калегі п`янствуюць у той час, як павінны забяспечваць грамадскі парадак.

Пасля забойства міліцыянерам дзяўчыны ў Рагачоўскім раёне больш за трыццаць супрацоўнікаў і кіраўнікоў сістэмы МУС былі прыцягнутыя да адказнасці — ад вымоў да звальнення. Службовая праверка, праведзеная ўпраўленнем уласнай бяспекі МУС, паказала, што прычыны ўчынення злачынства — гэта не толькі «нізкія асабістыя маральныя якасці» міліцыянера, але і практычна поўная адсутнасць кантролю з боку кіраўніцтва Рагачоўскага РАУС і Гомельскага УУС.

За грубае парушэнне дысцыпліны звольнены з міліцыі абвінавачваны ў забойстве дзяўчыны ўчастковы і тры яго калегі, якія знаходзіліся на месцы ўчынення злачынства. Дысцыплінарна былі пакараныя кіраўнікі Рагачоўскага РАУС, Гомельскага УУС і тры кіраўнікі ўпраўленняў МУС, адказныя за ахову грамадскага парадку, прафілактыку, кадры і следства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?