Паводле інфармацыі Рэспубліканскага гідраметэацэнтра, 28 ліпеня на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца навальніцы, у другой палове дня — шквалістае ўзмацненне ветру падчас навальніц да 15–20 метраў у секунду, месцамі — да 25–28 м/с.

У асобных раёнах магчымы моцныя ліўні, град.

У сталіцы сёння таксама чакаюцца навальніцы, у другой палове дня — парывы ветру да 17–22 м/с.

29 ліпеня сіноптыкі прагназуюць воблачнае з праясненнямі надвор’е. На большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы, па ўсходняй палове месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы, днём месцамі па ўсходзе магчымы град. Вецер паўднёвы з пераходам на заходні 5–10 м/с, пры навальніцах парывы да 15–20 м/с. Тэмпература паветра ноччу 13–20°С, днём 18–25°С, па ўсходзе да 28°С.

***

Ці магчымыя ў Беларусі ўраганы?

У Заходняй Чэхіі ўпершыню зафіксаванае тарнада — слуп-віхор, які мы часта бачым у амерыканскіх навінах. Яго назіралі жыхары вёскі Чыста ля горада Ракоўнік. Ахвяраў няма, віхор мінуў вёску, павыварочваўшы дрэвы ў навакольных лясах.

Тое, што тарнада ўтварыўся ў Еўропе, пацвярджае тэорыю паскарэння працэсу кліматычных змяненняў і глабальнага пацяплення на планеце. Бо тарнада характэрныя для тэрыторый, на якія уплывае вільготны трапічны клімат. Што іх выклікае — да канца не ясна. Слуп, які нішчыць і ўсмоктвае ўсё, што сустракае на шляху, утвараюць паветраныя масы, якія рухаюцца з рознай хуткасцю на рознай вышыні. Каб разабрацца ў механізме ўтварэння дэтальна, трэба трапіць усярэдзіну слупа. Амерыканскія навукоўцы распрацоўваюць для гэтага спецмашыну, накшталт танка, але дастаткова хуткую, каб дагнаць тарнада. (Хуткасць яго руху — 40–65 км/г.)

У Беларусі таксама некалькі тыдняў трымалася гарачае надвор’е. А зараз да нас ідуць халодныя і вільгатнейшыя масы паветра з Заходняй Еўропы. Сутыкненне з гарачым паветрам можа выклікаць магутныя навальніцы па ўсёй краіне, кажа галоўны сіноптык Белгідраметэацэнтра Вольга Фядутава. «Безумоўна, мы не чакаем грандыёзных ураганаў, якія адбываюцца ў паўднёвых краінах. Аднак і не выключаем такіх прыродных з’яваў нават і ў Беларусі. Будзем адсочваць сітуацыю і адразу ж даваць папярэджанні», — адзначыла В.Фядотава.

Паводле словаў спецыяліста, хуткасць ветра падчас навальніц можа дасягаць 20 м/с. Да ўзроўню штармавога ветра, здольнага здзіраць стрэхі, не хапае ўсяго 0,7 м/с. А ўраганным лічыцца вецер ад 32,6 м/с.

АП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?