Сабака самаед. Фота з сацыяльных сетак

Сабака самаед. Фота з сацыяльных сетак

Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе Scientific Reports, паказала, што маленькія сабакі і сабакі з доўгімі насамі жывуць даўжэй, чым большыя або са сплюшчанай пысай. Таксама сабакі-самкі жывуць крыху даўжэй, чым самцы.

З гэтых агульных тэндэнцый ёсць выключэнні, і атрыманыя вынікі могуць быць непрыдатныя да сабак за межамі Брытаніі, дзе практыка гадоўлі і генафонд могуць быць іншымі, звяртаюць увагу навукоўцы.

Даследаванне заснавана на базе даных пра амаль 600 тысяч брытанскіх сабаках, якую даследчыкі сабралі з рэестраў парод, кампаній па страхаванні хатніх жывёл, ветэрынарных кампаній і іншых крыніц. Навукоўцы прызнаюць, што вынікі не абавязкова рэпрэзентатыўныя для агульнай папуляцыі сабак Вялікабрытаніі. Аднак пры гэтым нельга не прызнаць маштабнасць праведзенай работы.

Даследчыкі класіфікавалі агульны памер цела кожнай пароды як маленькі, сярэдні ці вялікі, а форму галавы — як сплюшчаную, сярэднепрапарцыянальную або выцягнутую.

Ва ўсіх сабак сярэдняя працягласць жыцця складала 12,5 гадоў, але сярод парод вар'іравалася «вельмі істотна».

Так, напрыклад, ланкашырскія хілеры, парода мініяцюрных сабак, жылі ў сярэднім 15,4 года. Аднак значна большыя каўказскія аўчаркі мелі сярэднюю працягласць жыцця ўсяго 5,4 года.

У цэлым дробныя пароды жылі ў сярэднім 12,7 гадоў у параўнанні з 11,9 гадамі для буйных парод.

Гэта супадае з папярэднімі даследаваннямі на сабаках, якія паказваюць, што ўнутры гэтага віду больш дробныя асобіны маюць тэндэнцыю перажываць больш буйных.

Пароды з плоскай пысай, якія яшчэ называюць брахіцэфалічнымі, жылі ў сярэднім 11,2 года, а пароды з сярэдняй і доўгай пысай мелі сярэднюю працягласць жыцця 12,8 і 12,1 года.

Некаторыя пароды з плоскай пысай, напрыклад французскі бульдог, маюць шалёную папулярнасць. Але эксперты папярэджваюць, што іх надзвычай кароткія пысы могуць прывесці да праблем з дыханнем, цеплавога ўдару і іншых праблем са здароўем.

У цэлым дробныя пароды з доўгім носам, такія як мініяцюрныя таксы і уіпеты, жылі ў сярэднім 13,3 года — прыкладна на 2,5 года даўжэй, чым буйныя пароды з кароткім носам, такія як баксёры і бульмастыфы, якія мелі сярэднюю працягласць жыцця 10,7 гадоў.

Даследчыкі таксама выявілі, што чыстакроўныя сабакі мелі сярэднюю працягласць жыцця 12,7 гадоў у параўнанні з 12 гадамі ў сабак змешанай пароды. Гэты вынік кідае выклік агульнапрынятаму меркаванню пра тое, што сабакі змешаных парод здаравейшыя. Навукоўцы кажуць, такая перавага чыстакроўных сабак супярэчыць папярэднім назіранням і можа быць звязана з тым, што падчас даследавання ўсіх сабак — незалежна ад памеру або пароды — аб'ядналі ў адну катэгорыю.

Каб высветліць, чаму ў некаторых парод працягласць жыцця карацейшая, чым у іншых, спатрэбяцца дадатковыя даследаванні. Вядома, што некаторыя пароды генетычна схільныя да сур'ёзных праблем са здароўем, але на скарачэнне жыцця могуць уплываць і іншыя фактары, такія як розніца ў ладзе жыцця, дыеце і навакольным асяроддзі.

«Цяпер, калі мы вызначылі групы сабак, якім пагражае ранняя смерць, мы можам пачаць высвятляць, чаму гэта адбываецца», — кажа Кірстэн Макмілан, аўтарка новага даследавання. «Гэта дае нам магчымасць палепшыць жыццё нашых сабак».

Чытайце таксама:

Крычыш на сабаку? Расказваем, чаму гэта бессэнсоўна і як лепш дзейнічаць

«Я такіх сабак ніколі не бачыла». Воўк ці сабака: хто трымае ў страху жыхароў Віцебска

Чалавек-кот і чалавек-сабака: тое, якая ў вас хатняя жывёла, можа шмат расказаць пра ваш характар

Клас
17
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
4