У сістэме Міністэрства аховы здароўя не хапае чатырох тысяч дактароў і пяці тысяч медсясцёр.

Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнік аддзела спецыялізаванай медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Таццяна Мігаль 21 студзеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Яна падкрэсліла, што вастрэй за ўсё праблема недахопу кадраў стаіць у першасным звяне сістэмы аховы здароўя. У цэлым у сістэме аховы здароўя за кошт сумяшчэння пасад заняты 94,7% ставак дактароў, а ў сістэме першаснага звяна аховы здароўя — каля 80%, сказала Мігаль.

У выніку ў Беларусі не поўнасцю выконваецца нарматыў (адзін лекар на 1 тыс. 200 чалавек) па забяспечанасці насельніцтва дактарамі агульнай практыкі.

Не хапае ў паліклініках таксама вузкіх спецыялістаў, у прыватнасці оталарынголагаў, афтальмолагаў, неўролагаў, хірургаў і траўматолагаў.

Для вырашэння праблемы недахопу спецыялістаў у апошнія гады медыцынскія ВНУ значна павялічылі набор на свае спецыяльнасці.

Мігаль таксама падкрэсліла, што для замацавання кадраў у пярвічным звяне неабходна, каб дактары атрымлівалі дастойную зарплату і для іх ствараліся нармальныя ўмовы працы ў паліклініках і амбулаторыях.

Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі выказала меркаванне, што, паколькі пярвічнае звяно «з’яўляецца авангардам медыцыны», у сітуацыі недахопу спецыялістаў, пры адсутнасці добрых умоў працы для іх «разлічваць на якасць аказання медыцынскай дапамогі не прыходзіцца». Пры гэтым Мігаль адзначыла, што ўзровень аказання амбулаторнай дапамогі ў Беларусі і ўмовы працы медыкаў у пярвічным звяне «сталі значна лепшымі, чым, напрыклад, 20 гадоў таму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?