Былы старшыня Федэрацыі хакея Уладзімір Навумаў мае намер адправіцца ў Маскву пасля завяршэння перамоў аб працаўладкаванні.

«Выезд залежыць ад заканчэння перамоў, якія я вяду. Як толькі я вызначуся, што мяне задавальняюць усе ўмовы, якія мне прапануюць, я адразу ж з’еду. Я сёння не магу канкрэтна сказаць месца працы, бо ў мяне ёсць некалькі прапаноў, і я якраз абмяркоўваю гэтыя прапановы», — заявіў журналістам Навумаў 21 студзеня па заканчэнні нечарговай справаздачна‑выбарчай канферэнцыі ФХРБ.

Навумаў абверг паведамленні, што яго новым месцам працы стане расійскі банк ВТБ («Внешторгбанк»).

Паводле слоў былога кіраўніка федэрацыі, сваё далейшае жыццё ён звязвае з Беларуссю, а ў Маскву едзе працаваць. Яго жонка «таксама хоча ў Маскву — зімой, а летам — дадому».

Адказваючы на пытанне, колькі часу ён плануе працаваць у Маскве, Навумаў заявіў: «Я ўвесь час і раней гаварыў, што чалавек, і мужчына асабліва, павінен працаваць да той пары, пакуль ён ходзіць. Я б не падаваў так, што за маім ад’ездам у Маскву штосьці стаіць. Нармальная сітуацыя ў свеце такая: дзе ёсць добрая праца, якая высока аплачваецца, туды мужчына павінен ехаць.

І я думаю, што, калі складзецца такая сітуацыя і праз месяц мне прапануюць добрую зарплату і працу на Гаіці, я паеду на Гаіці».

Навумаў пракаментаваў таксама чуткі аб сваім магчымым арышце: «Я гэтага не чытаў, але краем вуха мне ўчора расказвалі. Я скажу так: за доўгі, доўгі час я да гэтага ўжо прывык. Ужо пра мяне столькі ўсяго пісалі, што мне хочацца сёння хутчэй сысці ў цень і спакойна адпачыць. Напэўна, для гэтага і існуе прэса, што трэба пра штосьці пісаць. Зараз вось якраз удзел мой. Я вельмі спадзяюся, што ён хутка завершыцца і будзе хтосьці іншы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?