Прадстаўнік ізраільскіх Узброеных сіл Даніэль Хагары паказвае СМІ адну з іранскіх балістычных ракет, перахопленых Ізраілем у мінулыя выходныя на вайсковай базе Джуліа, на поўдні Ізраіля. Фота: Tsafrir Abayov / AP

Варыянт 1: Напад на ядзерныя аб'екты Ірана

Малаімаверна, бо гэта занадта складана і рызыкоўна, на думку многіх экспертаў. Ядзерныя аб'екты ў Натанзе размешчаны глыбока пад зямлёй і запатрабуюць працяглых бамбардзіровак.

Джонатан Лорд, эксперт па Блізкім Усходзе з вашынгтонскага аналітычнага цэнтра «Цэнтр новай амерыканскай бяспекі» (CNAS) у інтэрв'ю Foreign Policy адзначае, што наступствы пры гэтым сцэнары могуць быць разбуральнымі: Іран можа ўзмацніць атакі на Ізраіль (наўпрост або праз свае проксі), а габрэйская дзяржава акажацца ў міжнароднай ізаляцыі ў выпадку няўдачы.

Варыянт 2: Іншыя цэлі ў Іране

Ізраіль таксама можа атакаваць цэлі на іранскай зямлі, якія не маюць прамога дачынення да ядзернай праграмы (напрыклад, склады зброі і заводы па вытворчасці дронаў). Аднак гэтая аперацыя таксама запатрабуе вялікіх намаганняў, бо супрацьпаветраная абарона Ірана — гэта «не жарт», як і сірыйская, лічыць Білал Сааб, даследчык з Chatham House ў Лондане. Акрамя таго, гэта не атрымае адабрэння з боку ЗША.

Тым не менш нельга выключаць абмежаваныя напады на іранскай тэрыторыі, кажа эксперт па Іране Раз Зімт. Ваенна-паветраныя сілы Ізраіля ўжо шмат гадоў рыхтуюцца да такіх аперацый і з'яўляюцца аднымі з найлепшых у свеце.

Варыянт 3: «Паляванне» на іранскіх камандзіраў

«У Ізраіля значна больш магчымасцяў, чым у Ірана, дзякуючы яго разведвальнай і аператыўнай перавазе», — кажа Раз Цімт.

Гэта азначае, напрыклад, што Ізраіль можа прыцэльна атакаваць высокапастаўленых ваенных лідараў у Іране ці за яго межамі, напрыклад, у Іраку ці Сірыі. Такі адказ адпавядаў бы звычайнаму падыходу Ізраіля і не выглядаў бы як эскалацыя. Аднак нядаўняя такая атака ў Дамаску заахвоціла Іран атакаваць Ізраіль — і можа зрабіць гэта зноў.

Варыянт 4: Атака на іранскія проксі

У Ірана ёсць марыянетачныя войскі на межах Ізраіля і ў Персідскім заліве. Найперш, ліванская «Хезбала». Але эксперт па Іране Цімт не лічыць такі варыянт самым верагодным.

«Я не думаю, што Ізраіль нападзе на «Хезбалу», бо Ізраіль дакладна не хоча ўсёабдымнай канфрантацыі з ёй», — кажа ён. Ён таксама лічыць іранскія ваенізаваныя фармаванні ў Іраку менш верагоднай мэтай. Застаецца іранская прысутнасць у суседняй Сірыі, кажа Цімт, — ці прамая, няхай і абмежаваная, атака на Іран.

Варыянт 5: Кібератака

Гэта быў бы самы знешне мяккі адказ, але ён мог бы аказацца вельмі эфектыўным. У выпадку поспеху гэта стане яшчэ адным прыніжэннем для рэжыму мулаў пасля таго, як 99% іх беспілотнікаў і ракет былі перахоплены.

Чытайце таксама:

Ізраіль заклікаў Захад увесці санкцыі супраць Тэгерана ў адказ на ракетную атаку

ЗША ўпершыню выкарысталі «зброю будучыні» пры адбіцці атакі на Ізраіль. Вось што пра яе вядома

Як Ізраіль можа адказаць на іранскую атаку?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3