Леанід Закутэнка. Фота: Бі-бі-сі

Леанід Закутэнка. Фота: Бі-бі-сі

Асоба ўкраінца, які прадае яд, што, як мяркуюць, мог стаць прычынай прынамсі 130 смерцяў у Вялікабрытаніі, устаноўлена Бі-бі-сі.

Леанід Закутэнка рэкламаваў свае паслугі на сайце, які заахвочвае самагубствы. Рэпарцёру, які працаваў пад прыкрыццём, ён сказаў, што пасылае ў Вялікабрытанію па пяць пасылак на тыдзень.

Ён гандляваў тым жа рэчывам, што і канадзец Кэнэт Лоу, якога арыштавалі летась і якому цяпер выстаўленыя абвінавачванні ў 14 забойствах.

Рэпарцёры Бі-бі-сі падышлі да Закутэнкі на вуліцы ў Кіеве і паспрабавалі задаць яму пытанні, навошта ён прадаваў смяротнае хімічнае рэчыва (назву якога Бі-бі-сі не называе па зразумелых прычынах). Закутэнка ўсё адмаўляў, аднак расследаванне паказала, што ён гадамі гандляваў ядам праз інтэрнэт.

Гэта хімічнае рэчыва можна цалкам легальна прадаваць у Злучаным Каралеўстве, але — толькі кампаніям, якія выкарыстоўваюць яго ў мэтах, дазволеных законам. Пастаўшчыкі не павінны прадаваць яго прыватным пакупнікам, пакуль не правядуць належнай праверкі, навошта тым гэта рэчыва, якое нават пры прыёме ўнутр малой дозы можа прывесці да смерці.

У сям'і сясцёр-блізнят Лінды і Сары, якія памерлі летась у Лондане пасля таго, як украінец даслаў ім яд, Закутэнку называюць «кепскім чалавекам, злыднем».

Як распавядае іх сястра Хелен Кайт, усяго за некалькі фунтаў стэрлінгаў Лінда лёгка атрымала «набор смерці», пасля таго як пабачыла рэкламу прадаўца на вядомым анлайн-форуме, прысвечаным самагубствам. Хелен запэўнівае, што яе памерлыя 54-гадовыя сёстры былі «разумныя, клапатлівыя і разважлівыя».

Кайт называе ганьбай дзяржавы адсутнасць з боку ўладаў канкрэтных дзеянняў, якія маглі б перакрыць доступ да атрутнага рэчыва як для яе сясцёр, так і многіх іншых, што схіляюцца да здзяйснення самагубства.

Рэчыва, якім гандлюе Закутэнка, адкрыта абмяркоўваецца на анлайн-форуме, які наведвала Лінда, і члены супольнасці раяць адзін аднаму, як купіць яго і як прымяніць.

Гэта атрута магла быць прычынай больш за 130 смерцяў у Вялікабрытаніі, пачынаючы з 2019 года, мяркуе прафесар Амрыта Алуваліа, спецыяліст па сасудзістай фармакалогіі Лонданскага ўніверсітэта каралевы Марыі.

Яна вывучыла ўзоры крыві і іншых біяматэрыялаў загінулых людзей, якія ёй дасылалі патолагаанатамы з усёй Брытаніі.

У 71% з 187 тэстаў Алувалія знайшла сляды высокай канцэнтрацыі рэчыва, якія паказваюць, што прынамсі 133 чалавекі маглі загінуць у выніку прыняцця ўнутр гэтага яду.

«Нешта трэба рабіць, — кажа прафесар. — Улічваючы тое, для чаго яго [гэта рэчыва] ужываюць, трэба ўсёабдымнае расследаванне звязаных з гэтым праблем. Трэба рэгламентаваць яго прымяненне толькі для тых мэтаў, для якіх яно прызначана».

Абвінавачванні ў забойстве

Кенэт Лоу, былы шэф-кухар, быў арыштаваны ў маі 2023 года ў Канадзе. Цяпер яму выстаўленыя абвінавачанні ў 14 забойствах і ў садзейнічанні самагубству.

Лічыцца, што ён больш за 1200 разоў прадаў хімічнае рэчыва пакупнікам у 40 краінах свету, што магло прывесці прынамсі да 93 смерцяў у адной толькі Брытаніі.

Расследаванне ўстанавіла, што Закутэнка прадаваў тое ж самае рэчыва як мінімум з лістапада 2020 года. Акрамя таго, ён прапаноўваў яшчэ тры розныя лекі, што звычайна адпускаюцца толькі па рэцэптах і якія згадваліся ў інтэрнэт-дапаможніках для жадаючых здзейсніць самагубства.

Ён нават некаторы час рэкламаваў свае паслугі на тым жа анлайн-форуме самагубцаў, што і Кэнэт Лоу. Пасля гэтага наведвальнікі форуму пачалі перадаваць адзін аднаму яго кантакты ў асабістых паведамленнях.

Журналісты вылічылі месца жыхарства Закутэнкі — маленькую кватэру ў стандартнай кіеўскай шматпавярхоўцы савецкіх часоў.

Яны паспрабавалі задаць яму пытанні, калі ён выходзіў з мясцовага паштовага аддзялення, адкуль толькі што адправіў яшчэ некалькі пасылак.

Яго спыталі, навошта ён пасылае атрутнае рэчыва людзям, якія збіраюцца пакончыць з сабой.

«Гэта хлусня», — адказаў ён, закрываючы рукой аб'ектыў відэакамеры, і паспрабаваў хутка сысці.

Журналісты ўпэўненыя ў тым, што прынамсі адна з яго пасылак была з тым самым рэчывам, бо яго замовілі Закутэнку ў той дзень і ім прыйшоў нумар для адсочвання пасылкі, як толькі Закутэнка выйшаў з паштовага аддзялення.

Калі спыталі яго, што б ён сказаў сем'ям загінулых, ён адказаў: «Я не разумею, пра што вы кажаце».

Патрэбныя больш рашучыя дзеянні

Сын Дэвіда Парфета тым, якому было 22 гады, купіў гэта самае рэчыва ў Кенета Лоу і ў кастрычніку 2021 года выкарыстаў яго для таго, каб пакончыць з сабой.

Цяпер Дэвід Парфет заклікае закрыць анлайн-форум самагубцаў і спыніць такіх прадаўцоў, як Закутэнка.

Брытанскім уладам было вядома аб хімічным рэчыве і анлайн-гандлі ім як мінімум з верасня 2020-га, калі да іх звярнуўся коранер, які праводзіў дазнанне наконт смерці 23-гадовага Джо Ніхіла.

Судмедэксперт напісаў у паліцыю, галоўнаму коранеру і пастаўшчыку хімікатаў, папярэдзіўшы іх аб гандлі смяротным рэчывам.

З тых часоў коранеры па ўсёй Англіі пісалі ў розныя ўрадавыя дэпартаменты як мінімум у пяці выпадках, рэкамендуючы прыняць меры адносна распаўсюду гэтага хімічнага рэчыва і адносна анлайн-форуму, дзе яно рэкламуецца і абмяркоўваецца.

У снежні 2023 года Дэвід Парфет купіў у Закутэнкі яд, бо хацеў зразумець, як дзейнічае схема, і праверыць, ці перахопяць пасылку ўлады.

Праз некалькі дзён пасля размяшчэння замовы паліцыя фармальна праверыла яго, але ён усё роўна атрымаў пасылку на працягу некалькіх тыдняў, і паліцыя больш ім не цікавілася.

«Я проста не магу паверыць, што такое здараецца сёння, пасля ўсяго таго, што мы даведаліся пра гэтую колькасць смерцяў», — кажа Парфет.

Такія праверкі пакупнікоў-брытанцаў праводзіліся і пасля таго, як у Канадзе быў арыштаваны Кэнэт Лоу.

Нацыянальнае агенцтва па барацьбе са злачыннасцю пацвердзіла, што былі выпадкі, калі людзі, якія атрымалі пасылку ад Кенета Лоу, паміралі ўжо пасля таго, як паліцыя правяла іх так званую сацыяльную праверку (welfare check).

Як заявіў прадстаўнік паліцыі, «такія выпадкі разглядаюцца згодна з Правіламі і дзяржаўным інструкцыям».

І Дэвід Парфет, і Хелен Кайт заклікаюць да больш рашучых дзеянняў супраць анлайн-форуму, які прапагандуе здзяйсненне самагубства, на якім іх Том і Лінда знайшлі магчымасць купіць яд.

Кайт апісвае гэты сайт як «брыдоту, якая паразітуе на патуранні гэтаму з боку ўладаў і пакідае за сабой невымоўныя пакуты і гора».

Урад краіны сцвярджае, што новы закон аб бяспецы ў Інтэрнэце, прыняты летась, павінен дапамагчы абмежаваць доступ да падобных форумаў.

Чытайце таксама:

Расійскага ваенкара Андрэя Коца затрымалі ў Маскве з марыхуанай

Якая сітуацыя з наркотыкамі на фронце?

«Пасля ранення ў ім нешта надламалася». Саслужыўцы пра беларускага добраахвотніка, затрыманага за наркотыкі

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
8
Абуральна
16