Кавід (Covid-19) быў выяўлены ў Кітаі ў снежні 2019 года, у студзені прыйшоў у Еўропу, а 28 лютага 2020 года было заяўлена пра першы выпадак у Беларусі. У Літве, дарэчы, таксама ў гэты дзень быў пацверджаны першы выпадак.

Тады паведамілі, што першы выпадак зафіксаваны ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ), студэнт прывёз гэту заразу з Ірана. 

Мінск. 28 лютага 2020 года

Мінск. 28 лютага 2020 года

Аднак яшчэ два-тры тыдні Беларусь жыла ў лайт-рэжыме, і кавід стаў распаўсюджвацца толькі з трэцяй дэкады сакавіка, тады і прыйшлі першыя смерці.

Афіцыйна лічыцца першым памерлым акцёр Коласаўскага тэатра ў Віцебску, заслужаны артыст 75-гадовы Віктар Дашкевіч, 19 сакавіка ў яго было дыягнаставана запаленне лёгкіх.

Лукашэнка тады выказаўся так пра яго смерць: «Мы падазраем, што ў Віцебску гэты акцёр памёр, і ў яго таксама быў да пнеўманіі і іншага яшчэ і гэты вірус.

Ну мы ж прасілі — яму заўтра 80 гадоў будзе… — чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы, а тым больш працуеш? 

Жонка здаровая — яна ж з мужам жыла, — дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны. А ён, небарака, не вытрымаў. Паступіў з цяжкай пнеўманіяй, на штучнай вентыляцыі лёгкіх ляжаў, ратавалі яго».

Улады на чале з Лукашэнкам доўгі час адмаўлялі небяспеку кавіду, што прывяло з аднаго боку да непрымання палітыкі ўладаў у грамадстве, а з другога да мабілізацыі гэтага грамадства і стварэнне розных ініцыятыў.

Людзі самаарганізоўваліся, збіралі грошы на апараты штучнай вентыляцыі, прыватныя майстэрні шылі маскі, збіралі грошы.

Цікавасць людзей да выбарчай кампаніі лета 2020 года была абумоўлена няправільнай стратэгіяй уладаў.

Пры тагачасным міністру здароўя Уладзіміру Караніку вясной-летам 2020 года колькасць заяўленых выпадкаў у дзень кавіду ні разу не перавысіла адзнаку ў 1000 выпадкаў, хоць хутчэй за ўсё лічбы былі куды большыя.

Афіцыйна апошні раз пра колькасць выпадкаў кавіду ў Беларусі было паведамлена ў ліпені 2022 года. 

«Сусветная метрыка», якая грунтуецца на афіцыйных звестках, паведамляе, што ў Беларусі было зафіксавана 994 037 выпадкаў заражэння, а памерлі, зноў жа па афіцыйных звестках, 7 118 чалавек (зноў жа апошнія звесткі тычыліся ліпеня 2022 года). Гэта 74-е месца ў свеце.

Для параўнання ў Латвіі, якая на 75-м месцы і амаль ў пяць разоў меншая па насельніцтве, 982 232 выпадкі і 6 675 смерцяў. Але ў Латвіі ў першыя хвалі былі вельмі строгія захады, фактычна краіна закрывалася на лакдаўн.

У праграме «Жыццё-маліна» каардынатар Фонда медыцынскай салідарнасці Лідзія Тарасенка сказала, што па незалежных аналіз-ацэнках колькасць смерцяў ад кавіду ў Беларусі у 14-17 разоў заніжана. 

Мікіта Мелказёраў перапытаў, лішкавая смяротнасць ад кавіду можа быць каля 70 тысяч чалавек?

«Ну так, — адказала Лідзія Тарасенка. — Гэта сведчыць пра тое, што можна колькі заўгодна людзей прыкапаць і табе за гэта нічога не будзе. Гісторыя пішацца тымі, хто выжыў».

Што да агульных лічбаў па свеце, то па стане на 28 лютага 2024 года на Зямлі за чатыры гады зафіксавана 703 мільёны 761 тысяча 224 выпадкі, памерлі 6 мільёнаў 987 тысяч 694 чалавекі.

Аднак варта зазначыць, што цяпер кавід у свеце і ў Беларусі эвалюцыянаваў у бок сезонных хваробаў.

Чытайце таксама:

Лукашэнка пракаментаваў зліў пра вакцыну для «Першага»

«Захоўвайце як зрэнку вока, гэта для «Першага». Злівы размоў чыноўнікаў пра вакцыну для Лукашэнкі і статыстыку па каранавірусе

Беларускую вакцыну ад кавіду першымі выпрабавалі на гомельскіх чыгуначніках

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
4