Барыс Каткоў пасля выдварэння з Латвіі дае інтэрв'ю расійскім прапагандысцкім СМІ. Скрыншот з відэа

Барыс Каткоў пасля выдварэння з Латвіі дае інтэрв'ю расійскім прапагандысцкім СМІ. Скрыншот з відэа

Паводле слоў самога Каткова, распараджэнне пакінуць Латвію ён атрымаў 10 студзеня. У рашэнні, падпісаным міністрам унутраных спраў Латвіі, гаварылася, што Каткоў уяўляе пагрозу для бяспекі дзяржавы.

Раніцай 12 студзеня да яго прыехалі памежнікі, далі гадзіну на зборы, каб затым вывезці на мяжу. 

Як высветліў партал Delfi, пастанову аб унясенні Каткова ў спіс непажаданых у Латвіі персон прыняў кіраўнік МУС Рыхардс Казлоўскіс на падставе заключэння Службы дзяржбяспекі, якая атрымала інфармацыю аб дзейнасці Каткова, што пагражае дзяржаўнай бяспецы. Было ўлічана яго доўгае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі Расіі і пракрамлёўскімі арганізацыямі ў Латвіі.

Барыс Каткоў прыехаў у Латвію ў 1966 годзе. Спачатку ён працаваў у вайсковым камісарыяце ў горадзе Цэсіс, а пасля ў Даўгаўпілсе. Пайшоў на пенсію ў званні палкоўніка ў 1991 годзе.

Пашпарт неграмадзяніна Латвіі Каткоў атрымаў у 1998 годзе, а ў 2000-м узяў расійскае грамадзянства. Пастаянны ДНЖ Латвіі ён атрымаў паводле закона, які страціў сілу яшчэ ў 2003 годзе, а пад апошнія папраўкі да Закона аб іміграцыі, больш строгія да асоб з расійскім пашпартам, ён не трапіў.

Каткоў быў вядомы ў Латвіі як актыўны прарасійскі дзеяч. У 1999 годзе ён узначаліў Латвійска-расійскую асацыяцыю супрацоўніцтва, ідэя стварэння якой паходзіла ад расійскай Дзярждумы. У 2004 годзе асацыяцыя заключыла дамову аб супрацоўніцтве з партыяй «Адзіная Расія», сам Каткоў публічна выказваўся ў падтрымку Пуціна.

Праўда, у лістападзе мінулага года Каткоў тлумачыў, што грамадзянства РФ ён прыняў, маўляў, для таго, каб ездзіць да сваякоў у Расію, дзе ў яго была нерухомасць, але цяпер яго нічога з гэтай краінай не звязвае. Ягоная жонка-пенсіянерка, паўналетнія сын і дачка — усе неграмадзяне Латвіі.

Паводле паправак у латвійскі Закон аб іміграцыі, прынятых Сеймам у 2022 годзе годзе, прадугледжвалася, што грамадзяне Расіі, якія жывуць у Латвіі, да 1 верасня 2023 года павінны былі прайсці экзамен на веданне латышскай мовы, а калі хто не здаў, то паўторны экзамен — да 30 лістапада 2023 года.

Тыя ж, хто патрабаванні новага закона проста праігнараваў, з 2 верасня 2023 года гублялі ДНЖ. Яны таксама пазбаўляюцца сацыяльных гарантый у Латвіі, не могуць легальна працаваць і атрымліваць медыцынскае абслугоўванне. Пасля гэтага Упраўленне па справах грамадзянства і міграцыі рассылала ім лісты з просьбай пакінуць краіну на працягу 90 дзён.

Верагодна, сярод тых, хто праігнараваў патрабаванні новага закона, быў і Барыс Каткоў.

Чытайце таксама:

Дэпутаты латвійскага Сейма заклікалі не пускаць беларускіх і расійскіх спартоўцаў на Алімпіяду

Латвія будзе ўмацоўваць мяжу з Беларуссю

Што з паўсядзённых фішак падабаецца ў іншых краінах. Частка 2: Італія, Латвія, Грузія, Турцыя

Што стала з расійскімі помнікамі, якія імперыя ставіла ў нацыянальных правінцыях

Клас
77
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
4