Пасажыр без дакументаў прыляцеў у ЗША кампаніяй Scandinavian Airlines

Пасажыр без дакументаў прыляцеў у ЗША кампаніяй Scandinavian Airlines

«Расійскі эканаміст» прыляцеў у Лос-Анджэлес без патрэбных для ўезду ў ЗША пашпарта і візы ў лістападзе, гаворыцца ў судовым дакуменце, які апублікавала выданне 404.

З дакумента вынікала, што мужчына не памятаў, як апынуўся ў самалёце. Пры сабе ў яго былі некалькі пасведчанняў асобы Расіі і Ізраіля на імя Сяргея Уладзіміравіча Ачыгавы. Ва ўцечках расійскіх баз звестак, якія вывучыла «Агентство», ёсць толькі адзін чалавек з такім прозвішчам, іменем, і ён сапраўды быў эканамістам.

Спачатку мужчына на памежным кантролі сказаў, што страціў пашпарт у самалёце, аднак знайсці яго там не ўдалося. А наступная праверка авіякампаніі паказала, што мужчына не рэгістраваўся на рэйс, і зусім незразумела, як ён трапіў у самалёт.

У яго сумцы знайшлі расійскі ўнутраны пашпарт, а таксама ізраільскі дакумент, які не дае права на бязвізавы ўезд у ЗША (ізраільцяне замест атрымання візы павінны праходзіць папярэднюю электронную праверку ESTA, але Ачыгава заяўкі ў гэтую сістэму не падаваў).

Члены экіпажа распавялі, што на борце мужчына перасаджваўся з месца на месца, камунікаваў з пасажырамі і спрабаваў зʼесці шакалад, які прызначаўся членам экіпажа. Кожны раз, калі прапаноўвалі ежу, ён прасіў падвойную порцыю.

Супрацоўнікам ФБР мужчына прадставіўся расійскім эканамістам, і сказаў, што не разумее, дзе знаходзіцца.

Ён паведаміў, што не спаў тры дні, і што ў яго, магчыма, быў квіток на рэйс у ЗША, але ён не ўпэўнены.

Ён сказаў, што не памятае, як сеў на самалёт, а таксама не змог растлумачыць, як трапіў у Капенгаген і што там рабіў. На ягоным тэлефоне супрацоўнікі ФБР знайшлі фатаграфію табло аэрапорта Капенгагена, а таксама скрыншоты прыкладання «Карты» з хостэламі ў нямецкім горадзе Кіль і з картай «невядомага замежнага горада», гаворыцца ў дакуменце суда.

Як даведалася «Агенцтва», у расійскіх уцечках ёсць толькі адзін Сяргей Уладзіміравіч Ачыгава. З яго рэзюмэ вынікае, што ў 2003 годзе ён атрымаў ступень кандыдата эканамічных навук, аспірантуру ён праходзіў у Расійскай эканамічнай акадэміі імя Пляханава (РЭУ), быў кансультантам у кампаніі «Маркетынгавыя і інвестыцыйныя праекты» і займаў такую ж пасаду ў кансалтынгавай кампаніі «Интелектсервис». Таксама ён выкладаў у РЭУ імя Пляханава. 

Ачыгава быў саўладальнікам трох кампаній, кожная з якіх ужо спыніла дзейнасць, піша «Агентство». У 1998 годзе мужчына быў судзімы за набыццё або захоўванне гашышу.

Тэлеграм-акаўнт, да якога прывязаны нумар Ачыгавы, апошні раз быў у сеціве 3 ліпеня.

Клас
3
Панылы сорам
11
Ха-ха
35
Ого
27
Сумна
1
Абуральна
8