Выступ Kiss у Мэдысан-Сквер-Гардэн у Нью-Ёрку. Photo by Kevin Mazur / Getty Images for Live Nation

Выступ Kiss у Мэдысан-Сквер-Гардэн у Нью-Ёрку. Photo by Kevin Mazur / Getty Images for Live Nation

Як толькі музыкі пайшлі за кулісы, на сцэне з'явіліся іх галаграмы, якія выканалі адзін з хітоў гурта — God Gave Rock 'n' Roll to You, піша Бі-бі-сі.

Гэтая тэхналогія была першапачаткова распрацавана для ABBA Voyage, сусветнага турнэ шведскай групы ABBA. З дапамогай галаграм удзельнікі гурта былі адноўлены на сцэне такімі, якімі яны былі ў пачатку кар'еры ў 1970-х.

Джын Сіманс, адзін з заснавальнікаў Kiss, сказаў, што дзякуючы найноўшым тэхналогіям яго гурт таксама будзе «вечна маладым і назаўжды культавым».

«Тое, чаго мы дасягнулі, — цудоўна, але гэтага недастаткова. Група заслугоўвае таго, каб жыць далей, бо яна больш, чым мы», — сказаў іншы выканаўца Kiss Пол Стэнлі.

Лічбавая неўміручасць — вельмі важная старонка ў жыцці і гісторыі гурта, кажуць музыкі.

У чым сутнасць галаграмнай неўміручасці

Галаграмы для Kiss былі распрацаваны кампаніяй па стварэнні спецэфектаў Industrial Light & Magic (ILM). Праект прафінансаваны шведскім кангламератам Pophouse Entertainment, саўладальнікам якога з'яўляецца Б'ёрн Ульвеус з ABBA.

Гэтыя ж кампаніі працавалі над шоу ABBA Voyage, у якім адноўлены канцэрт шведскай чацвёркі 1970-х гадоў.

На падрыхтоўку праграмы сышло шэсць гадоў — з 2016 года да прэм'еры ў Лондане ў маі 2022-га, якую ўдзельнікі ABBA глядзелі, седзячы ў ложы.

Пры працы над шоу музыканты на працягу некалькіх тыдняў у касцюмах адпрацоўвалі рухі, якія сканавалі 160 камер, уключаючы не толькі пазіцыю цела, але і выраз твараў.

На другім этапе аніматары і мастакі па візуальных эфектах па даных з камер стварылі аватары музыкаў у ранні перыяд іх кар'еры, якія з'яўляюцца на велізарным экране з 65 мільёнамі пікселяў, з падсветкай і іншымі эфектамі, сціраюць межы паміж лічбавымі элементамі і рэальнасцю на сцэне.

Двухметровыя вогненныя аватары

Аватары музыкаў Kiss не такія рэалістычныя. Тыя, што лёталі па сцэне і над публікай пасля развітальнага канцэрта, былі вышынёй у два з паловай метры, дыхалі агнём і стралялі электрычнасцю з пальцаў.

Яны былі зроблены на аснове даных, запісаных на спецыяльныя камеры падчас выступу гурта ў пачатку гэтага года.

Гэта значыць, у адрозненне ад ABBA, удзельнікі Kiss, мяркуючы па ўсім, атрымаюць лічбавую неўміручасць такімі, якімі сталі да канца кар'еры.

Група пакуль не раскрывае свае планы адносна лічбавых шоу.

«Магчыма, гэта будзе канцэрт Kiss у будучыні. Магчыма, рок-опера або мюзікл. А можа, гісторыя, прыгода? — сказаў выканаўчы дырэктар Pophouse Entertainment Пер Сундзін.

Канцэрты рок-гурта Kiss з іх неверагоднымі касцюмамі, макіяжам і нечуванымі выхадкамі сталі аднымі з самых запамінальных канцэртаў 1970-80-х.

Сярод самых моцных хітоў Kiss можна адзначыць Rock And Roll All Nite, Black Diamond, I Was Made For Lovin' You і Crazy Crazy Nights.

Але рана ці позна надыходзіць час сыходзіць, і ў 2001 годзе яны зладзілі сваё першае развітальнае турнэ. Каб потым яшчэ шмат разоў даваць гастролі, у якіх бралі ўдзел двое бацькоў-заснавальнікаў Стэнлі і Сіманс, а таксама гітарыст Томі Тэер і бубнач Эрык Сінгер.

Пры гэтым па агульным меркаванні, былыя ўдзельнікі групы накшталт Пітэра Крыса і Эйса Фрэйлі наўрад ці ўдастояцца уласных аватараў у новым шоу.

Яшчэ мінулым летам Сіманс (якому ўжо 74) сказаў, што Kiss, магчыма, працягне сваё існаванне і пасля фінальнага канцэрта ў такім выглядзе, што нават ён сам не мог гэтага ўявіць.

Тады ж прагучала прапанова набраць зусім новы склад, які б выглядаў як арыгінальная група і граў бы яе найлепшыя хіты.

«У мяне няма ніякіх праблем з тым, каб чацвёрка годных 20-гадовых хлопцаў схавала свае твары пад макіяжам, каб ніхто іх не пазнаваў», — заявіў Сіманс.

Чытайце таксама:

Тэйлар Свіфт стала мільярдэркай

Эд Шыран нечакана прыйшоў на вяселле незнаёмцаў і заспяваў новую песню «Magical» 

Зніклую бас-гітару Пола Мак-Картні будуць шукаць па ўсім свеце. Яна знікла ў 1969 годзе

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?