Сумнымі для беларусаў звесткамі пра заробкі ў краінах ЕАЭС падзяліліся ў Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК), піша Tochka.by.

Беларусь заняла чацвёртае месца з пяці па памеры заробкаў.

Як відаць з прыведзенай табліцы, ззаду Беларусі па выніках трох чвэрцяў 2023 года застаўся толькі Кыргызстан. Летась заробкі беларусаў былі вышэйшыя (адносна): тады яны апярэджвалі яшчэ і заробкі ў Арменіі.

Як адзначаюць у Еўразійскай эканамічнай камісіі, узровень сярэдняга заробку ў Арменіі моцна вырас дзякуючы прытоку бізнэсу і рэлакантаў з Расіі.

Другой прычынай росту даходаў у гэтай краіне стала тое, што Арменія «добра выкарыстоўвае перавагі транзіту тавараў у/з Расіі, якія адкрыліся перад ёй у 2022 годзе».

У кастрычніку сярэдні заробак беларусаў у рублях крыху вырас.

Паводле афіцыйных звестак, сярэдні (не медыянны) заробак у Беларусі ў кастрычніку склаў 1971,2 рубля (601 даляр паводле сярэднеўзважанага курсу Нацбанка Беларусі). Гэта на 31,4 рубля больш, чым у верасні.

Традыцыйна лідарам сярод рэгіёнаў стала сталіца. Сярэдні заробак у Мінску — 2661,9 рубля. А горшай у зарплатным рэйтынгу выглядае Магілёўская вобласць — зноў жа традыцыйна. У гэтым рэгіёне беларусы ў сярэднім атрымліваюць па 1647, 5 рубля.

Разрыў з суседзямі вельмі вялікі

Паводле свежых звестак аб заробках за тры кварталы 2023 года, сярэдні ўзровень даходаў у Беларусі нізкі ў параўнанні не толькі з большасцю краін ЕАЭС, але і з суседнімі Літвой і Польшчай.

Да прыкладу, у Літве ў жніўні 2023-га сярэдні заробак мужчын складаў 2072 еўра да выплаты падаткаў (2155 даляраў паводле сярэднеўзважанага курсу жніўня). Жанчыны зараблялі менш — 1848 еўра да выплаты падаткаў (1922 даляры). Гэта значыць, у сярэднім літоўцы зарабляюць у тры з лішнім разы больш, чым беларусы.

Але на рукі атрымліваюць куды менш: як паведаміў Дзяржаўны фонд сацыяльнага страхавання, У II квартале 2023-га — у сярэднім па 1230 еўра (1353 даляра). І гэта ўсё роўна ў два з лішнім разы больш, чым у Беларусі.

Яшчэ вялікая розніца з палякамі. У іх, па даных еўрапейскага статыстычнага агенцтва, у апошнія гады зарплата расце кожны квартал. У 2022 годзе яна ў сярэднім складала 1510 еўра на месяц (1593 даляры), а ў 2023-м вырасла больш, чым у папярэднія гады з-за паскоранай інфляцыі.

Чытайце таксама:

Сярэдні заробак у Латвіі дасягнуў 1126 еўра чыстымі

Сярэдні заробак у Літве перавысіў 2000 еўра бруднымі. Гэта 1370 даляраў чыстымі

Сярэдні заробак у Польшчы перавысіў 1880 даляраў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?