Айтана Лопез. Фота: інстаграм-старонка дзяўчыны.

Айтана Лопез. Фота: інстаграм-старонка дзяўчыны.

Айтана Лопез — першая ў Іспаніі штучная мадэль, створаная іспанскім дызайнерскім агенцтвам The Clueless. У інтэрв’ю Euronews кіраўнік агенцтва Рубен Круз распавёў, як менавіта з'явілася ідэя стварыць Айтану.

«Мы пачалі аналізаваць нашу працу і зразумелі, што шмат праектаў адкладваецца альбо адмяняецца праз незалежныя ад нас прычыны.

У цяжкі для агенцтва перыяд з’явілася ідэя стварыць свайго ўласнага інфлюенсера. Так і «нарадзілася» Айтана, якая стала мадэллю для брэндаў, якія звярталіся ў The Clueless. Яна зарабляе ў сярэднім 3 тысячы еўра на месяц, аднак былі і такія часы, калі заробак Айтаны складаў звыш 10 тысяч еўра», — расказаў агенцву Euronews Рубен Круз.

Круз адзначыў, што віртуальная дзяўчына была створана для таго, каб забяспечыць незалежнасць кампаній ад сапраўдных мадэляў, «якія хочуць зарабіць грошай, проста пазіруючы перад камерай». 

Штучная Айтана ўжо стала тварам кампаніі Big, якая вырабляе дабаўкі для спартыўнага харчавання, завяла акаўнт на Fanvue (платформа, падобная да OnlyFans). На інстаграм Айтаны за некалькі месяцаў падпісалася 145 тысяч падпісчыкаў, а ёй у асабістыя пішуць нават некаторыя селебрыці, спрабуючы запрасіць дзяўчыну на спатканне.

«Аднойчы вядомы лацінаамерыканскі акцёр запрасіў яе на спатканне. Ён нават не ўсведамляў, што Айтана — віртуальная мадэль», — падзяліўся Круз.

Скрыншот інстаграм-старонкі Айтаны Лопез

Скрыншот інстаграм-старонкі Айтаны Лопез

Жыццём мадэлі кіруе цэлая каманда спецыялістаў. Кожны тыдзень у агенцтве The Clueless праходзіць нарада па тэме, што менавіта будзе рабіць Айтана ў наступныя 7 дзён.

Супрацоўнікі вырашаюць, куды яна пойдзе і што запосціць у сацсетках. У The Clueless хутка зразумелі, што людзі ў інтэрнэце перш за ўсё сочаць за жыццём, а не за вобразамі, піша Euronews.

Айтана, як сцвярджаюць стваральнікі, гэта чыстая папера для дызайнераў. Яна мае яркую знешнасць і моцныя персанальныя якасці. Дзяўчыну прыдумалі як мэтанакіраваную асобу са складаным характарам, надзяліўшы яе ўсім тым, што сёння больш за ўсё падабаецца грамадству. Таму мадэль мае ружовыя валасы і любіць камп’ютарныя гульні.

Нават імя Айтана было прыдумана не выпадкова — першыя дзве літары імені дзяўчыны з’яўляюцца абрэвіятурай штучнага інтэлекту», — заявілі ў агенцтве The Clueless.

Пасля стварэння Айтаны ў The Clueless стала паступаць значна больш прапаноў аб супрацоўніцтве. Паводле Робіна Круза, шмат кампаній не хочуць працаваць з сапраўднымі мадэлямі, бо баяцца праблем з аўтарскімі правамі пасля іх раптоўнага сыходу. Да таго ж гэта істотная эканомія грошай, дадаў Круз.

У дызайнерскім агенцтве лічаць, што такія штучныя мадэлі змогуць дапамагчы развіццю малога бізнэсу, які не можа сабе дазволіць дарагіх мадэляў-амбасадараў.

Аднак знайшліся і тыя, хто крытыкуе гэту ідэю. Людзі занепакоены, што выгляд віртуальнай мадэлі можа паўплываць на моладзь, якая стане апантанай дасягненнем такіх ідэалаў прыгажосці. Крытыкуюць і знешні выгляд Айтаны, называючы яго «занадта сэксуальным», перадае Euronews.

Чытайце таксама:

ChatGPT цяпер здольны размаўляць з кожным чалавекам. Наколькі добра нейрасетка гаворыць на беларускай?

«Нясе пагрозу для ўсяго чалавецтва». Высветліліся падрабязнасці гучнага звальнення Альтмана з OpenAI

Высветлілася, колькі будзе каштаваць устаноўка чыпа Neuralink ад Ілана Маска для звычайных людзей

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?