Спецыфіка працы ў Беларусі

Па словах Лінкявічуса, падчас яго працы паслом у Беларусі пастаянна адчуваўся кантроль і сачэнне. «Часам сачэнне не заўважнае, але яно ёсць. А ў Беларусі яно праводзіцца так, каб ты заўважыў. Калі ты сядзіш з некім і пʼеш каву, то побач таксама сядзяць, каб ты бачыў. Гэта псіхалагічна душыць».

Другой асаблівасцю зʼяўляюцца кантакты з афіцыйнымі асобамі. Літоўскаму дыпламату цяжка было зразумець, наколькі шчыра з ім размаўляюць.

«Яны маюць нейкі каэфіцыент праўды. Ты размаўляеш і не ведаеш, шчыры твой калега ці не. І я адразу магу сказаць, што калі ты камунікуеш у Мінску, то зразумела, што не шчыры. Ці не цалкам».

Лінас Лінкявічус Linas Linkevičius Линас Линкявичюс

Лінас Лінкявічус. Скрын відэа radio-svaboda / YouTube

А вось падчас сустрэчаў за мяжою, як згадвае Лінкявічус, размова з беларускімі афіцыйнымі асобамі была больш адкрытай і шчырай.

Пра Уладзіміра Макея

Памерлага міністра Уладзіміра Макея Лінкявічус называе амаль адзінай даверанай асобай, з якой можна было нешта абмяркоўваць.

«Фактарам зʼяўляецца тое (і гэта не пустыя словы), што ён меў доступ да першай асобы, доступ да якой быў абмежаваны. І фактар таго, што Макей не толькі мог з ёй камунікаваць, але і меў нейкія даныя, азначае, што ён меў больш інфармацыі.

Яго папярэдні калега (Сяргей Мартынаў, міністр замежных спраў у 2003-2012 гадах. — НН) мог размаўляць, рабіць заявы, але гэта нічога не значыла, бо гэта не ўплывала на настрой ці меркаванне першай асобы».

Лінкявічус адзначае, што яго камунікацыя з Макеем была максімальна адкрытай: «Мне падабалася з ім камунікаваць. Калі мы пра нешта дамаўляліся, ён імкнуўся паводзіць сябе так, як было дамоўлена. З абодвух бакоў быў давер».

Палітык прызнаецца, што меў ілюзіі адносна Макея: «Калі мы камунікавалі, я меў ілюзію, што ён можа стаць асобай, якая б садзейнічала гэтым пераменам. І гэтаму былі перадумовы».

Лінкявічус згадвае, што апошні раз быў у Мінску ў лютым 2020 года. У той час літоўская дэлегацыя наведала месцы, дзе пражываюць літоўцы — вёскі Пеляса і Рымдзюны. Макей дапамог вырашыць некаторыя адміністрацыйныя праблемы. «Была праблема з дзіцячым садочкам. І ён дапамог з мясцовай уладай. Гэта была такая добразычлівасць».

А ў Мінску быў прыём у гонар дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі. «І гэта ў Мінску. Касцюшка. Гаспадарамі прыёму былі ЗША, Польшча, Літва і Беларусь. Два міністры — я і Макей — прысутнічалі персанальна. А два другія (ад ЗША Пампеа, і ад Польшчы Чапутовіч) выступілі з відэазваротамі. Макей выступаў на беларускай мове».

Калі яны з Макеем развітваліся, Лінкявічус папрасіў:

«Зараз будуць выбары. Зрабіце нармальныя выбары, каб не было праблем, як раней. І ўсё пойдзе далей. Будзе дыялог. Будзе лепш для Беларусі».

На што Макей, па словах дыпламата, адказаў: «Зразумела, мы пастараемся. Зразумела, мы так зробім».

Былы міністр замежных справаў Літвы заўважае, што ён шчыра ў гэта верыў і думаў, што Макей асабіста гэта зробіць.

Эсэмэска Макею падчас прастэстаў 2020 года

Лінкявічус згадвае, калі пачаліся зверствы ўладаў адносна пратэстоўцаў, ён спрабаваў камунікаваць з Макеем. «Я напісаў яму смс. «Слухай, можа я прыеду ў Мінск. Паспрабую быць мадэратарам дыялогу». Ён адразу не адказаў. Гэта таксама пра нешта гаворыць.

А на наступны дзень ён напісаў смс: «Дрэнная ідэя. Не трэба ехаць». Хіба што з кім трэба параіўся. Я не памятаю дакладна тэкст, але я пісаў «ты ж беларус, тваіх людзей збіваюць». І тады ён таксама напісаў: «Але калі пачалі званіць мне дахаты і пагражаць маім дзецям і сямʼі, так я вырашыў, што так не можа быць». «Так табе ж пагражалі званкамі, а там збіваюць фізічна і нават забіваюць. Адчуваеш розніцу?»

Зразумела, што ўсе гэтыя тэксты таксама кантраляваліся, так што ён не мог проста пісаць. Але ён зрабіў выбар…. Ён быў адным з нешматлікіх, ад каго можна было нечага чакаць. Але так атрымалася, што і ён не змог. Ці яго прымусілі, каб ён не змог».

Чытайце яшчэ:

Макей на прыёме ў гонар Касцюшкі цытаваў Бжэзінскага. А Марзалюк зладзіў яму авацыю

Макей — міністру Лінкявічусу: Мы калісьці жылі ў адной краіне, у ВКЛ

«Ну тады далей без мяне». Шрайбман расказаў, як пасля выбараў Макей збіраўся ісці да Лукашэнкі ініцыяваць дыялог

Міністр замежных спраў Фінляндыі расказаў, якія аргументы выкарыстоўваў Уладзімір Макей у размовах з замежнымі калегамі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?