Удзельнікі прэс-канферэнцыі: Ганна Маціеўская, Міхаіл Кірылюк, Павел Латушка, Томаш Віліньскі

Удзельнікі прэс-канферэнцыі: Ганна Маціеўская, Міхаіл Кірылюк, Павел Латушка, Томаш Віліньскі

15 кірункаў дыскрымінацыі беларусаў, якія жывуць у замежжы.

Праявы дыскрымінацыі, скіраванай супраць беларускіх грамадзянаў, якія апынуліся за мяжой, і найперш супраць тых, хто не можа вярнуцца ў Беларусь па палітычных прычынах, пералічыў Міхаіл Кірылюк:

«Студэнтам, якія вучацца ў замежных ВНУ, адмоўлена ў адтэрміноўцы вайсковай службы. Беларусы ў замежжы не могуць узяць удзел у выбарах, бо беларускія ўлады адмовіліся ад стварэння пунктаў для галасавання ў іншых краінах. І з'ездзіць у Беларусь дзеля гэтага яны таксама не могуць, бо там чакае затрыманне і турма. Забарона здзелак з маёмасцю па даверанасцях, аформленых за мяжой, забарона на выдачу беларускіх пашпартоў у амбасадах —

усё гэта робіцца з адной мэтай: змусіць людзей вярнуцца, каб мець над імі поўную свабоду ўжывання рэпрэсій».

Міхаіл Кірылюк

Міхаіл Кірылюк

Дыскрымінацыйныя выпадкі, якія юрысты сістэматызавалі ў дакладзе, сталі вядомыя ім з незалежных СМІ, справаздачаў праваабаронцаў і непасрэдных зваротаў грамадзянаў Беларусі па юрыдычную і прававую дапамогу. І гэтыя выпадкі маюць не адзінкавы, а сістэмны характар.

Беларускае заканадаўства дазваляе адабраць у чалавека ўсё.

Сярод праяваў дыскрымінацыі самым жорсткім і незаконным метадам ціску Міхаіл Кірылюк лічыць завочныя крымінальныя справы і гвалтоўнае адабранне маёмасці:

«Завочныя крымінальныя справы супраць палітычных уцекачоў ужо не рэдкасць. Але цяпер у Беларусі магчымая канфіскацыя маёмасці нават без прысуду па крымінальных справах: дастаткова звярнуцца ў эканамічны суд з афіцыйнай заявай, што нейкі чалавек нанёс матэрыяльную шкоду дзяржаве. Да прыкладу, нехта сказаў у інтэрв'ю, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі — гэта добра. І ўсё, пры жаданні можна налічыць мільярдныя страты, якія нібыта панесла Беларусь.

У Паўла Латушкі арыштаваны дом за тое, што ён быццам бы рабіў заклікі да пагромаў і падпалаў у жніўні 2020-га, і гэта прывяло да стратаў з боку дзяржавы памерам 2 мільёны долараў. Так лёгка дайсці да таго, што дом умоўнай Светы Пятровай, якая з'ехала з Беларусі, можа быць канфіскаваны толькі таму, што ён спадабаўся нейкаму чыноўніку. Прадаць яго гаспадыня не можа, бо не мае даверанасці, аформленай на радзіме, а распачаць супраць яе крымінальную справу — прасцей простага».

Асобна юрыст адзначае выпадкі, калі ціск з боку дзяржавы на тых, хто з'ехаў, аказваецца праз родных і блізкіх. Мужоў, жонак, дзяцей і бацькоў выклікаюць у сілавыя структуры і змушаюць запісваць відэазвароты з просьбамі вярнуцца, шантажуючы ўцекачоў цяжкім маральным станам іхніх сваякоў.

Праблемы за мяжою суправаджаюць беларусаў «ад нараджэння да смерці».

Такое меркаванне выказала юрыстка «WKB Lawyers» Ганна Маціеўская, маючы на ўвазе цяжкасці з легалізацыяй немаўлят, якія нарадзіліся ў замежжы, і ўсе бюракратычныя пытанні, якія складана вырашыць, прыкладам, па сканчэнні тэрміну дзеяння пашпарта.

Беларусам у такой сітуацыі патрэбны адмысловы статус, лічыць польскі юрыст і мецэнат Томаш Віліньскі. Паколькі немагчыма ўплываць на заканатворчасць і неправавое выкарыстанне заканадаўства ўнутры Беларусі, адзіны шлях — гэта стварэнне адпаведных умоваў для беларускіх грамадзянаў у іншых краінах.

Віліньскі мяркуе, што беларусам, якія вымушана жывуць у замежжы, варта надаць статус ахвяраў рэжыму Лукашэнкі, і каб гэты статус быў шырэйшы за статус палітуцекача ці асобы, якая атрымала «міжнародную ахову», як гэта практыкуецца ў Польшчы. Такі статус беларусы замежжа змогуць атрымаць пасля трыбуналу над рэжымам Лукашэнкі, лічыць польскі юрыст.

Паводле слоў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, Польшча і Літва прынялі на сябе самы вялікі цяжар цяперашняй сітуацыі. І ўрады гэтых дзяржаў заслугоўваюць вялікай падзякі за тое, што яны прымаюць беларусаў. Але гэтыя краіны зазнаюць і вялікую колькасць праблемаў, звязаных з вымушанай эміграцыяй вялікай колькасці людзей.

Праблемы беларусаў у эміграцыі — не толькі беларускія.

Павел Латушка перакананы, што сёння надзвычай важна даводзіць сусветнай грамадскасці тое, што не беларусы вінаватыя ў тым, што адчуваюць ціск з боку беларускіх уладаў і ствараюць праблемы для тых краін, дзе яны вымушана апынуліся. У гэтым вінаваты рэжым Лукашэнкі.

Павел Латушка

Павел Латушка

«Мы хочам паказаць сістэмнасць такой з'явы, як дыскрымінацыя беларускіх грамадзянаў па-за межамі краіны. Даклад юрыстаў НАУ ёсць першай спробай сістэматызацыі такіх выпадкаў. Пасля дапрацоўкі з улікам выказаных заўваг і прапановаў ён будзе распаўсюджаны па міністэрствах замежных справаў і парламентах тых краінаў, дзе сёння жывуць беларускія грамадзяне.

Бо праблема рэпрэсій, якія ўжо перайшлі межы Беларусі, становіцца праблемай для краін замежжа. Ніводная дзяржава не хоча, каб у ёй пражывала вялікая колькасць людзей, якія знаходзяцца па-за прававой сітуацыяй. Гэта супольная праблема: мы, як беларусы, хочам абараніць сябе ад ціску рэжыма, а замежным краінам важна, каб мы пачуваліся там нармальнымі грамадзянамі», — лічыць Павел Латушка.

Цяперашняя эміграцыйная хваля — самая маштабная за апошнія сто гадоў, падкрэслівае кіраўнік НАУ. Пасля Першай сусветнай вайны з Беларусі на Захад выехала 122 тысячы чалавек, пасля Другой сусветнай — каля 50 тысяч, пасля распаду Савецкага Саюза — яшчэ каля 50 тысяч. А пасля выбараў-2020 — не менш за 200 тысяч, прычым некаторыя крыніцы кажуць і пра паўмільёна тых, хто пакінуў Беларусь. Усіх гэтых людзей Лукашэнка залічыў у палітычныя ворагі.

Чытайце таксама:

Эксперты назвалі праблемы беларускай культуры

Павел Латушка назваў колькасць ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі з мая 2020 года па май 2023 года — 136 тысяч

НАУ перадало ў Міжнародны крымінальны суд дадатковыя дакументы, датычныя вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?