«Злачынцы» (Culprits), Hulu

8 снежня студыя Hulu дадасць нам у жыццё трохі экшну. «Злачынцы» — змрочны, але пацешны брытанскі серыял пра банду злодзеяў, якія плануюць вялікае рабаванне. Усё праходзіць выдатна, і яны разбягаюцца па розных кутках свету, пакуль нехта не пачынае забіваць іх аднаго за адным. Хто гэты забойца і што яму вядома?

Будзе шмат страху і параноі, але ў той жа час абяцаюць і добры інтэлектуальны гумар. Хто будзе наступным, ці здолеюць былыя злачынцы папярэдзіць адзін аднаго — ёсць вельмі шмат пытанняў, на якія цягам васьмі серый вы будзеце шукаць адказ.

«Персі Джэксан і алімпійцы» (Percy Jackson and the Olympians), Disney

Аматараў фэнтэзі-саг чакае годны перадкалядны падарунак. 20 снежня студыя Disney збіраецца прадставіць серыял пра юнага паўбога Персі Джэксана, які скраў маланкі бога Зеўса, хаця насамрэч ён гэтага не рабіў. Хлопчык мусіць даць рады чароўным выклікам і звыкнуцца са сваёй легендарнай сутнасцю, бо ён сам лічыў сябе проста праблемным чалавечым дзіцём з дыслексіяй і СДУГ, а заадно і перадухіліць вайну паміж багамі на Алімпе.

Гэты серыял — адаптацыя рамана амерыканца Рыка Рыярдана, ён жа выступае адным з прадзюсараў. Запланавана пяць сезонаў серыяла, па адным на кожную з кніг цыкла «Персі Джэксан і алімпійцы».

«Пашыраная сям'я» (Extended Family), NBC

Калі хочаце просты сітком пра жыццё і пачуцці, 23 снежня звяртайце ўвагу на амерыканскі NBC. У «Пашыранай сям'і» нас пазнаёмяць з Джымам і яго экс-жонкай Джуліяй, якія працягваюць жыць разам пасля разводу і выхоўваюць дваіх дзяцей.

Яны па чарзе даглядаюць малых і вучацца разумець адно аднаго ў новым статусе, але з'яўляюцца новыя пытанні: Джулія пачынае сустракацца з уладальнікам улюбёнай спартовай каманды Джыма. Развод, выхаванне дзяцей, новае каханне — стваральнікі «Пашыранай сям'і» бяруцца за складаныя і актуальныя тэмы, але будзе і просты сіткомаўскі гумар.

«Браты Сан» (The Brothers Sun), Netflix

Усё проста: бачым Мішэль Еа — і серыял ужо адной нагой у нашым спісе. 4 студзеня выходзяць «Браты Сан», у якіх гэтая аскараносная азіятка грае маці вядомага забойцы Чарльза Сана. Некалі Сан, тайваньскі гангстар, зарабляў на жыццё бязлітаснымі забойствамі, але прыйшоў час пасталець.

Цяпер Чарльз едзе ў Лос-Анджэлес, дзе нядаўна забілі яго бацьку. Ён мусіць аднавіць адносіны з маці і малодшым братам, а таксама абараніць іх ад смяротнай небяспекі, бо тайваньская мафія змагаецца за лідарства і гэта можа забіць усіх у сям'і Сан.

«Тэд» (Ted), Peacock

У 2012-м комік Сэт Мак-Фарлейн зняў неблагую камедыю «Тэд» (Ted) пра велізарнага плюшавага мядзведзя, які ажывае і робіцца сябрам васьмігадовага Джона Бенэта. Праз тры гады выйшаў сіквэл стужкі, які атрымаў змешаныя водгукі. Але цяпер Мак-Фарлейн і кампанія даюць Тэду яшчэ адзін шанец.

11 студзеня пабачым, што ў іх атрымалася. А пакуль што адзначым, што за мінулыя гады Мак-Фарлейн зрабіў топавы фантастычна-камедыйны серыял «Орвіл», дзе з ім адпальваў цяперашні напарнік па «Тэдзе» Скот Граймс. Думаем, хлопцы і цяпер не расчаруюць.

«Грысэльда» (Griselda), Netflix

Гэтай гісторыі была наканаваная экранізацыя. 25 студзеня чакайце на экранах шасцісерыйку ад Netflix — драму пра жыццё Грысэльды Бланкі, наркабаранэсы з Калумбіі, якая заснавала адзін з найбольш прыбытковых картэляў у гісторыі. У Фларыдзе канца 1970-х Бланка была наймагутнейшым крымінальным аўтарытэтам, потым кіравала наркагандлярамі з-за кратаў і дажывала свой век у Калумбіі, пакуль яе не застрэлілі на выхадзе з лаўкі мясніка.

Грысэльду грае эфектная Сафія Вергара — таксама калумбійка. Гісторыя наркабаранэсы цікавіць не толькі яе: у 2018-м Грысэльду Бланку грала Кэтрын Зэта-Джонс, а цяпер ходзяць чуткі, што ў фільме пра яе здымецца Джэніфер Лопес.

«Экспаты» (Expats), Prime Video

Фота: Prime Video

Фота: Prime Video

Міні-серыял з Ніколь Кідман у адной з галоўных роляў выйдзе 26 студзеня. Над праектам працавала Лулу Вонг, рэжысёрка фільма «Развітанне» (Farewell), выдатна прынятага на кінафестывалях. Саміх «Экспатаў» таксама паказвалі на фестывалях, і стужка ўжо мае неблагія 7,7 бала з 10 у рэйтынгу на рэсурсе IMDB.

Сюжэт просты: гэта гісторыя трох амерыканак, жыцці якіх перасякліся ў Ганконгу, і пра цяжкасці іх адаптацыі да гэтага горада. Серыял створаны па кнізе-бестсэлеры Джэніс Лі «Экспатрыянты».

«Уладары неба» (Masters of the Air), Apple TV+

Прадзюсары гэтага ваеннага баявіка — Стывен Спілберг і Том Хэнкс, а робіць яго студыя Apple TV+, у якой прахадныя працы сустракаюцца рэдка. Сярод асноўных акцёраў — Осцін Батлер, выканаўца ролі Элвіса Прэслі ў музычным баяпіку «Элвіс», і намінант на «Оскар» Бары Кіган.

«Уладары неба», якія выходзяць 26 студзеня, раскажуць пра бамбардзіроўшчык «Лятучая крэпасць» і 11 смелых лётчыкаў унутры яго, якія змагаліся ў Другую сусветную. Разам з імі нам прапануюць паўдзельнічаць у паветраных баях з фашысцкай Германіяй. Чакаем эпічнае відовішча — бюджэт у 250-300 мільёнаў даляраў гэтаму спрыяе.

«Нью лук» (The New Look), Apple TV+

Фота: Apple TV+

Фота: Apple TV+

Ад бамбардзіроўшчыкаў — да вяршынь элегантнасці ў модзе XX стагоддзя. 14 лютага Apple TV+ пацешыць нас серыялам пра Крысціяна Дыёра — геніяльнага мадэльера 1950-х, які пахіснуў пазіцыі Како Шанэль (яе, дарэчы, грае цудоўная Жульет Бінош).

Дыёра ведаюць як распачынальніка «нью лук» — элегантнага і загадкавага стылю, які прыйшоў на змену строгасці і аскетычнасці ваенных 40-х. Багата людзей лічылі новы стыль марнатраўным, але свет занадта засумаваў па вытанчанасці — і Дыёр вярнуў яе ў жаночы вобраз.

«Сёгун» (Shōgun), Hulu

У 1600 годзе ў Японію трапіў англічанін Уільям Адамс, ён пражыў там 20 гадоў і стаў паважаным самураем. Гэтая гісторыя натхняла шматлікіх пісьменнікаў, у тым ліку і амерыканца Джэймса Клавела. «Сёгун» ад студыі Hulu — ужо другая экранізацыя яго аднайменнага бестсэлера. Гледзячы па трэйлеры, відовішча будзе вартае ўвагі.

24 лютага мы даведаемся пра лёс капітана Джона Блэктарна (мастацкае ўвасабленне Адамса), які трапіў у Японію падчас міжусобных войнаў. Блэктарн, спачатку палонны, паступова знаёміцца з японскай культурай і робіцца правай рукой буйнога вайсковага феадала. Разумны і дасведчаны еўрапеец трапляе ў цэнтр барацьбы за ўладу ў Японіі.

«Забойцы кветкавага месяца» — эпічны фільм Марціна Скарсэзэ пра крывавае нараджэнне Амерыкі

Вялікая іронія, развагі пра волю выпадку і маляўнічы восеньскі Парыж — якім атрымаўся 50-ты фільм Вудзі Алена

Восем фільмаў, якія дапамогуць лепш зразумець араба-ізраільскі канфлікт

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?