Пра вынікі сённяшняга судовага разгляду службе маніторынгу БАЖ паведаміў праваабаронца Павел Левінаў.

Паводле азначэння калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда, Вячаслаў Лазараў мае адбыць 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Раней суд першай інстанцыі прыгаварыў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаўшы вінаватым паводле ч. 2 і ч.1 арт. 361-4 КК — спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці.

Таццяну Пыцько суддзя абласнога суда Яўген Буруноў раней звінаваціў паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), а вынікам звароту з апеляцыйнай скаргай стала вызваленне з-пад варты.

Вярхоўны суд прысудзіў ёй тое самае пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады.

Таццяна будзе вызвалена з пад варты, як толькі ў Віцебскі СІЗА дашлюць адпаведныя дакументы з Вярхоўнага суда. 

Віцебскага відэааператара-фрылансера Вячаслава Лазарава і яго жонку Таццяну Пыцько асудзілі па абвінавачанні ў супрацы з тэлеканалам «Белсат», прызнаным беларускімі ўладамі экстрэмісцкім фармаваннем: Вячаслава за відэаматэрыялы, паказаныя на тэлеканале, Таццяну за тое, што дапамагала мужу падчас здымак.

Працэс у абласным судзе таксама быў закрыты, таму складана меркаваць, на якіх фактах базуецца абвінавачанне. Прысуд Віцебскага абласнога суда прагучаў 25 верасня гэтага года. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала сужэнцаў палітычнымі вязнямі.

Вячаслава Лазарава затрымалі 9 лютага 2023 года ў Віцебску пасля ператрусу па месцы рэгістрацыі. У яго забралі мабільныя тэлефоны і відэакамеру. Таксама сілавікі правялі ператрусы ў кватэры, якую здымаў Лазараў, і па месцы рэгістрацыі ягонай жонкі Таццяны Пыцько, адкуль забралі ноўтбук і два тэлефоны.

Жонку відэааператара-фрылансера затрымалі 6 чэрвеня 2023 года — пасля чарговага ператрусу ў яе жыллі. На момант затрымання Таццяна Пыцько была ў дэкрэтным адпачынку — гадавала агульную з Вячаславам дачку, якой тады было 1 год і 1 месяц. Сацыяльная служба забрала дзяўчынку, яе спачатку змясцілі ў дзіцячую абласную лякарню, потым дзіця змаглі забраць пад апеку сваякі Таццяны. Дваіх старэйшых дзяцей Таццяны ад першага шлюбу даглядае іх родны бацька.

Таццяну Пыцько і Вячаслава Лазарава ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА. Ім абодвум давялося пабываць за кратамі і раней — пасля затрыманняў падчас пратэстаў у 2020-м годзе. Таццяна была асуджана да штрафу ў межах адміністрацыйных справаў за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, Вячаслаў быў затрыманы ў дзень прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня, але яго адпусцілі без складання пратакола. Увосень таго ж года ў Лазарава прывялі ператрус і затрымлівалі яшчэ тройчы, але да суду справа не даходзіла таксама.

Да таго, у 2018-2019 гадах відэааператара некалькі разоў штрафавалі за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі ў МЗС паводле арт. 22.9 КаАП.

Чытайце таксама:

Былога галоўнага рабіна Беларусі затрымалі ў Маскве

У Магілёве за відэа ў тыктоку аўтамеханіка асудзілі да двух гадоў калоніі

Затрымалі выкладчыцу Інстытута бізнесу БДУ

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
6