Ілюстрацыйнае выява. Фота: We Are / Getty Images

Ілюстрацыйнае выява. Фота: We Are / Getty Images

Новае даследаванне паказала, што скарачэнне часу карыстання сацсеткамі ўвогуле не мяняе жаданне чалавека вярнуцца ў інтэрнэт. Гэта кажа пра тое, што сацсеткі ў большасці людзей не выклікаюць сапраўднага прывыкання. Пра гэта днямі напісаў буйны часопіс Science. 

Апошнія гады назіраўся хуткі рост карыстальнікаў сацсетак, таму людзі занепакоіліся тым, што празмернае іх выкарыстанне можа мець негатыўныя наступствы для арганізма чалавека.

Рэгулярна праводзіліся розныя даследаванні, якія паказвалі, што празмернае выкарыстанне, напрыклад, інстаграма звязана з павышэннем трывожнасці і дэпрэсіі. Часам навукоўцы сцвярджалі, што адмова ад сацсетак магла б мець такія ж эфекты, як і дэтокс у нарказалежных.

Аднак вынікі такіх назіранняў выклікалі пытанні. Хоць некаторыя людзі і адчувалі сябе больш шчаслівымі пасля так званага лічбавага дэтоксу, у той жа момант іншыя нават не заўважалі істотнай розніцы паміж сваім самаадчуваннем да і пасля адмовы ад сацсетак. Менавіта з гэтай прычыны навукоўцы з Дарэмскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) не спяшаліся выкарыстоўваць тэрмін «залежнасць» у кантэксце сацыяльных сетак.

Для свайго эксперыменту псіхолагі з Дарэмскага ўніверсітэта Нікалас Іхсэн і Майкл Уодслі папрасілі 51 студэнта ўстановы адмовіцца ад сацыяльных сетак на тыдзень, але не абмяжоўвалі доступ да іх. Апытанні студэнтаў адначасова фіксавалі ўзровень іх эмацыйнага дабрабыту і колькасць часу, які яны трацілі на дадаткі для смартфонаў. Псіхолагі такім чынам хацелі высветліць, як устрыманне ад сацыяльных медыя ўплывае на эмацыйнае здароўе чалавека.

«Вынікі назірання паказалі поўную адсутнасць зменаў у жаданні карыстацца сацыяльнымі сеткамі на працягу тыдня. Нічога не змянілася. Гэта даказвае тое, што стаўленне людзей да сацсетак адрозніваецца ад залежнасці ад наркотыкаў, дзе пры ўстрыманні можна было б чакаць ломкі», — піша часопіс Science са спасылкай на даследаванне. 

Але ўсё ж такі дэтокс ад сацсетак па-рознаму паўплываў на людзей. Некаторыя дзяліліся, што адчувалі памяншэнне колькасці негатыўных эмоцый, а іншыя казалі, што і пазітыўных эмоцый стала менш. Гэта, як кажа псіхолаг Нікалас Іхсен, з-за таго, што чалавек не мае магчымасці радавацца за тое, што, напрыклад, яго фота ў інстаграме спадабалася вялікай колькасці людзей, бо чалавек гэтага не бачыць.

Не ўсе навукоўцы, аднак, ацанілі гэты эксперымент. Некаторыя пракаментавалі, што адзін тыдзень недастатковы для таго, каб пабачыць істотныя змены, а іншыя спецыялісты палічылі, што колькасць удзельнікаў для такога даследавання таксама недастатковая.

Псіхолагі з Дарэмскага ўніверсітэта на гэта адказалі, што паколькі эмоцыі ў студэнтаў у асноўным стабілізаваліся праз некалькі дзён, то доўгі час эксперыменту не змяніў бы сітуацыю істотна, перадае Science.

«Цікава, што пасля сканчэння эксперыменту 7 чалавек усё ж такі вырашылі працягнуць адмову ад сацсетак. Большасць з удзельнікаў у выніку значна скараціла час карыстання сацсеткамі. Магчыма, што нават такі кароткатэрміновы перапынак можа дапамагчы людзям наважыцца адмовіцца ад інстаграма, фэйсбука і твітара», — адзначылі псіхолагі.

Чытайце таксама:

Інтэнсіўнасць выкарыстання мабільніка ўплывае на якасць спермы — навукоўцы

У дзяцей, якія задоўга сядзяць перад тэлевізарам ці ў тэлефоне, большая рызыка з'яўлення сардэчных хвароб

Высветлілася, колькі б грошай згубіла Беларусь за адзін дзень без інтэрнэту 

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0