Вадзім Кавалёў. Фота: bysol.org

Вадзім Кавалёў. Фота: bysol.org

«Сваякам далі кантакты латвійскага следчага, які паведаміў, што смерць не мела крымінальнага характару, а прычынай стала хранічнае захворванне, таксама далі кантакты паліцэйскага ўчастка, дзе захоўваюцца ягоныя асабістыя рэчы. Цела памерлага, пакуль ішло следства, захоўвалі ў моргу.

Сваякі вырашылі, што пахаваць Вадзіма трэба на радзіме. Усе неабходныя дзеянні па дастаўцы цела ў Беларусь і падрыхтоўцы да пахавання ўзяла на сябе латышская фірма Angel, рахунак за паслугі складае 2 500 еўра. Фірма пайшла насустрач сваякам — дазволіла аплаціць рахунак ужо пасля ўсіх рытуальных дзеянняў. Фонд BYSOL абвясціў збор на пакрыццё выдаткаў на рэпатрыацыю», — распавёў віцебскі праваабаронца Павел Левінаў.

Папярэдняя версія прычыны смерці — панкрэатыт.

Вадзім Кавалёў быў асуджаны паводле артыкула 370 Крымінальнага кодэкса (здзек з дзяржаўных сімвалаў) за тое, што сарваў і кінуў пад ногі афіцыйны беларускі сцяг. 9 чэрвеня 2022 года суддзя Кастрычніцкага раёна Віцебска Ілля Белавус даў мужчыну два гады «хатняй хіміі». Але гэтае рашэнне аспрэчыла пракуратура і новы вырак аказаўся больш жорсткім: паўтара года калоніі.

26 жніўня 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў унесла прозвішча Кавалёва ў спіс грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці.

Мужчына вырашыў тэрмінова выехаць з Беларусі, і летась у лістападзе апынуўся ў Латвіі, дзе атрымаў статус уцекача. У Беларусі Вадзім Кавалёў працаваў дальнабойшчыкам і хацеў знайсці такую самую працу ў замежжы. Якраз на 14 верасня яму быў прызначаны экзамен для атрымання правоў кіроўцы.

Пахаваюць мужчыну заўтра ў Оршы.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
75
Абуральна
7