France Францыя Франция

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Getty Umages

Як паведамляе Le Monde, 30 кастрычніка Сенат Францыі разгледзеў законапраект, які накіраваны на барацьбу з «празмернасцямі так званага інклюзіўнага напісання».

У французскай мове гэта праяўляецца ў напісанні словаў з ужываннем адначасова канчаткаў, уласцівых для жаночага і мужчынскага роду. Пры гэтым яны аддзелены кропкай. Напрыклад, слова «sénateur·ice·s», якое аб'ядноўвае сенатараў (sénateurs) і сенатарак (sénatrices). Акрамя гэтага ў мове зʼявіўся шэраг неалагізмаў.

Свае адносіны да «мовы інклюзіі» выказаў і прэзідэнт краіны Эмануэль Макрон.

«У французскай мове мужчынскі род зʼяўляецца нейтральным. Нам не трэба дадаваць кропкі ці працяжнікі пасярод словаў», — заявіў Макрон падчас выступлення на адкрыцці Міжнароднага цэнтру французскай мовы ў Вілер-Катэрэт (Villers-Cotterêts) і заклікаў «не паддавацца павевам часу».

Ва Францыі ўжо былі прыняты два цыркуляры, якія абмежавалі інклюзіўнае напісанне ў некаторых сферах. Так, з 2017 года яно забаронена ў «Афіцыйным журнале Французскай Рэспублікі» (Journal officiel de la République française), які публікуе тэксты заканадаўства, а з 2021 года ў школах.

Распрацоўшчыкі новага законапраекта лічаць, што гэтага недастаткова, каб забараніць выкарыстанне такога напісання ва ўсіх афіцыйных дакументах, як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектары. Гэта датычыць прававых актаў, працоўных дамоваў, інструкцый па эксплуатацыі.

Ініцыятарам законапраекта выступіла сенатарка, сябра правацэнтрысцкай партыі «Рэспубліканцы» (Les Républicains) Паскаль Груні (Pascale Gruny).

Груні адзначае, што яе пазіцыя адпавядае пазіцыі Акадэміі французскай мовы, якая лічыць, што выкарыстанне розных слоўных і пісьмовых прыёмаў для вылучэння жаночых канчаткаў замест агульнага мужчынскага роду — «смяротная пагроза».

Такое напісанне можа зрабіць мову менш даступнай для людзей з нізкім узроўнем пісьменнасцю ці інвалідаў. Акрамя таго, такі падыход «пярэчыць нормам мовы, заблытвае».

Як адзначае Le Monde, законапраект выклікаў дыскусію паміж правымі і левымі. Так, сацыялісты і «зялёныя» бачаць у ім схаваную ідэалагічную і маральную кампанію.

Яны адзначаюць, што законапраект, які з'яўляецца дзявятым з ліку такога роду з 2018 года, — «атака кансерватараў на фемінізацыю назваў і адпаведна, на роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі».

Прыхільнікі законапраекта ў сваю чаргу адзначаюць, што «размова ідзе не аб забароне інклюзіўнага напісання, а аб абароне французскай мовы» ад «пэўных злоўжыванняў і празмернасцяў».

Так, дакладчык па законапраекту «рэспубліканец» Седрык Віаль (Cédric Vial) заўважыў, што ў першую чаргу размова ідзе аб кропцы пасярэдзіне слова (напрыклад, sénateur·ice·s) і такіх неалагізмах як «iel» (скарачэнне словаў «il» -«ён» і «elle» — «яна») ці «celleux» (зліццё словаў «celles» — «яны» ў жаночым родзе і «ceux» — «яны» ў мужчынскім родзе) ці «toustes» («усе» як зліццё словаў «tous» і «toutes»).

Міністарка культуры Рыма Абдул Малак (Rima Abdul Malak) выступіла ў падтрымку пашырэння забароны на выкарыстанне інклюзіўнага напісання ў публічнай сферы. Аднак, на яе погляд, пашырэнне забароны на прыватны сектар — «празмерная мера».

Яна папярэдзіла, што законапраект можа быць адхілены Канстытуцыйным саветам з прычыны парушэння прынцыпу свабоды выражэння.

Нягледзячы на бурныя дэбаты, сенат прыняў законапраект 221 голасам супраць 82. Цяпер ён павінен быць разгледжаны ў ніжняй палаце парламенту, дзе правыя, яго ініцыятары, маюць меншасць. Таму пытанне аб прыняцця законапраекта застаецца адкрытым.

Чытайце яшчэ:

Праціўнікамі афіцыйнага статусу каталонскай мовы ў ЕС сталі Латвія і Літва

Мовы свету: ці ведаеце вы што…

Інклюзія сваімі рукамі: як беларускія рамёствы дапамагаюць дзецям з аўтызмам

Клас
19
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?