вадзім кабанчук вадим кабанчук

Вадзім Кабанчук. Фота: прэс-служба палка Каліноўскага

Вадзім Кабанчук — намеснік камандзіра палка Кастуся Каліноўскага, у мінулым — палітычны актывіст і палітвязень. 

Ён прапанаваў ідэю, якая магла б стаць вялікай гісторыяй, калі б яе падтрымалі еўрапейцы. 

Кабанчук прапануе набіраць беларусаў у польска-украінска-літоўскую міратворчую брыгаду імя Канстанціна Астрожскага. Яна была створаная ў 2014 годзе, але на цяперашні момант не разгорнутая — па словах Кабанчука, там ёсць толькі афіцэры і няма баявога складу. Штаб брыгады базуецца ў Любліне. 

Выбар месца базавання сімвалічны: адсылае да Люблінскай уніі, якая аб'яднала Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае.

Кабанчук мяркуе, абапіраючыся на камунікацыю з беларускімі добраахвотнікамі, што ёсць вялікая база для рэкрутынгу беларусаў у гэтую брыгаду. 

«Мая ідэя базуецца на філасофіі Балта-чарнаморскага саюза ў супрацьвагу экспансіянізму Расіі, — кажа Кабанчук. — Зноў жа, падчас папярэдняй вайны была «Свабодная Францыя» дэ Голя ў выгнанні і калабарацыянісцкі ўрад Вішы».

Кабанчук бачыць у апошнім структуру, падобную да сённяшняй беларускай адміністрацыі.

«Свабодная Францыя» стварала злучэнні пры падтрымцы саюзнікаў, далучылася да Патсдамскіх пагадненняў», — нагадвае Вадзім Кабанчук. 

У Палка Каліноўскага, кажа Кабанчук, шмат заявак ад людзей, якія пражываюць у Еўропе, па розных прычынах не могуць ехаць ва Украіну, але гатовы служыць у краіне свайго пражывання.

«Перадусім гэта Польшча і Літва. Гэта сотні заявак, а таксама асабовыя склады «Харугваў» і «Паспалітага рушэння», якія шукаюць магчымасці рэалізаваць сябе», — кажа Кабанчук.

На яго думку, калі б у людзей з'явілася такая магчымасць, служыць былі б гатовыя сотні, а то і тысячы людзей. 

«Разгортванне такіх падраздзяленняў у Еўропе дало б нам магчымасць павялічыць і свае шэрагі ва Украіне, стала б значным крокам у бок стварэння новага, нацыянальнага беларускага войска», — кажа намеснік камандзіра палка Каліноўскага. 

Што б гэта дало краінам-удзельніцам? Для чаго гэта патрэбна той жа Польшчы?

«А для чаго польскаму ўраду ў выгнанні былі патрэбны вайсковыя злучэнні? — парыруе Кабанчук. — Калі б палякі сфармавалі частку, ды хоць роту, на тэрыторыі Польшчы, яе можна было б выкарыстоўваць для аховы дзяржаўнай мяжы Еўрасаюза ад мігранцкіх атак. Вядома, пад камандаваннем афіцэраў тых краін. А паколькі брыгада міратворчая, то работа б знайшлася.

А калі разглядаць сцэнар разрастання ўкраінскай вайны на іншыя дзяржавы Еўропы, то, безумоўна, і Беларусь будзе ў ёй задзейнічана, і беларусы будуць у ёй задзейнічаныя, і нацыянальныя фармаванні спатрэбяцца любой краіне, як мінімум, для альтэрнатывы». 

Пакуль што гэтая прапанова існуе ў выглядзе ідэі, практычных крокаў не зроблена.

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета, а таксама Офіса Святланы Ціханоўскай не адказалі на запыт «Нашай Нівы» пра стаўленне да такой прапановы. 

«Тэарэтычна гэта магчыма, але пра гэта яшчэ не гавораць, яшчэ не цяпер», — сказаў «Нашай Ніве» на ўмове ананімнасці адзін з польскіх урадавых чыноўнікаў. 

«У большай ступені нашы дзеянні і сродкі, скіраваныя на Беларусь, будуць залежаць ад таго, наколькі востра паводзіць сябе сама Беларусь», — дадаў ён. 

Клас
35
Панылы сорам
8
Ха-ха
9
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
5