Фота: СК

Фота: СК

У судзе Магілёва абвясцілі прысуд 34-гадовай жанчыне, якая з асаблівай жорсткасцю спрабавала забіць нованароджаную дачку. Абласная пракуратура падтрымала дзяржабвінавачанне, піша blizko.by.

Жанчына даведалася пра сваю пятую непажаданую цяжарнасць і вырашыла, што дзіця ёй не патрэбнае. Ноччу 17 красавіка яна нарадзіла здаровую малую ў ваннай, пакуль муж і іншыя дзеці спалі.

Жанчына разумела, што дзяўчынка з'явілася на свет жывой, але ўсё роўна захацела ад яе пазбавіцца. Для гэтага заматала ў аднаразовую пялёнку і два ручнікі, паклала ў два поліэтыленавыя пакеты і туга завязала іх ручкі.

Жывы скрутак выклала на дах над пад'ездам дома. Дзяўчынка была асуджаная на верную смерць, бо тэмпература ў тую ноч не перавышала +7°С, але праз шчаслівую выпадковасць засталася жывая.

Суседка выйшла на балкон папаліць і пачула плач. Калі яна ўбачыла, у чым рэч, то выклікала хуткую. Дзяўчынку здолелі выратаваць.

Маці пераконвала суддзю і пракурора, што не хацела забіваць дачку і шкадуе аб зробленым.

Але суд прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Таксама яна павінна будзе выплаціць маральную шкоду законнаму прадстаўніку дзяўчынкі ў 10 тысяч рублёў.

Прысуд у законную сілу пакуль не ўступіў.

Клас
13
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
18