Сэр Алекс і лэдзі Кэці ў 2006 годзе. Фота: Dave M. Benett/Getty Image

Сэр Алекс і лэдзі Кэці ў 2006 годзе. Фота: Dave M. Benett/Getty Image

Жонка сэра Алекса Фергюсана, лэдзі Кэці Фергюсан, памерла ва ўзросце 84 гадоў. Гэтую навіну пацвердзіла сям'я, папрасіўшы ў медыя прыватнасці ў гэты няпросты для іх момант, піша Championat.com.

«Усе ў «Манчэстэр Юнайтэд» выказваюць шчырыя спачуванні сэр Алексу Фергюсану і яго сям'і. Лэдзі Кэці была каханай жонкай, маці, сястрой, бабуляй і прабабуляй, а таксама апорай сэра Алекса на працягу ўсяго часу яго кар'еры», — гаворыцца ў паведамленні «МЮ».

Яны пражылі ў шлюбе 57 гадоў — пазнаёміліся ў Глазга ў 1964 годзе, калі абодва працавалі на фабрыцы друкарак, і пажаніліся пра два гады.

Першы раз, калі Кэці ўбачыла свайго будучага мужа, яна падумала, што каля яе прайшоў нейкі бандыт.

Фергі тады атрымаў рассячэнне на матчы (Фергюсан тады гуляў за шатландскі «Данфермлін»), таму на твары ў яго быў пластыр. «Я атрымаў траўму, а яна думала, што я альбо гангстэр, альбо баксёр», — згадваў ён.

«Потым я даведалася, што ён футбаліст, — распавядала Кэці ў дакументальным фільме, які зняў іх сын. — Але мне было ўсё роўна».

Другі раз яны сустрэліся ў мясцовай танцавальнай зале, але Кэці Алекс не надта ўразіў. «Паглядзіце на яго — ён выглядае вельмі дрэнна», — сказала яна тады сваім сябрам.

Але малады Фергюсан быў вельмі ў ёй зацікаўлены: «Яна была прыгожанькая, у яе была выдатная паходка, і я паставіў перад сабой задачу высветліць, хто такая гэтая Кэці Холдынг».

Фергі набраўся смеласці і запрасіў дзяўчыну на спатканне — яго спробы заляцацца да Кэці былі даволі нязграбнымі, але даволі мілымі: яны пайшлі ў кіно, і перад фільмам ён купіў ёй лакрычных асарці. А потым сам жа іх і з'еў, купіўшы ўжо па дарозе дадому дзяўчыне мясцовую газету.

«Гэта быў мой рамантычны дзень, — успамінала Кэці з усмешкай. — Праз два гады мы пажаніліся ў Глазга. Пасля я пайшла на працу, а ён — на футбол».

27 гадоў з іх сумеснага жыцця лэдзі Кэці правяла з Фергі на «Олд Трафард» (стадыён «МанЮнайтэд»), будучы яго надзейным партнёрам і апорай. Жыць з трэнерам было няпроста: Кэці рэдка яго бачыла, цярпела кожны раз, калі ён забываў пра дні нараджэння і падарункі на Каляды.

Але менавіта яна пераканала яго перагледзець сваё рашэнне пакінуць «Юнайтэд» у 2002 годзе.

«Усё вырашыла меркаванне маёй жонкі Кэці, — распавядаў сэр Алекс. — Я збіраўся сыходзіць таму, што ў мяне ніколі не было магчымасці надаваць сваёй сям'і дастаткова часу: я бачыў жонку і трох сваіх сыноў рэдкімі эпізодамі. Але, калі шчыра, дзесьці ў глыбіні душы я ўсё ж спадзяваўся, што Кэці сама стане адгаворваць мяне ад сыходу. Так і здарылася. Калі б не яна, то ўсё было б інакш».

У 2013-м, праўда, лэдзі Кэці ўжо не стала адгаворваць сэра Алекса ад сыходу з «Юнайтэд». Тады памерла яе сястра, і яна пражывала складаны перыяд.

«Аднойчы ўвечары я ўбачыў, як яна глядзела тэлевізар, а потым зірнула на столь, — успамінаў ён. — Я ведаў, што яна аддалілася. Вы ведаеце, што яны з Брыджыт былі блізнятамі? Калі я на гэты раз сказаў ёй, што збіраюся сысці ў адстаўку, у яе не было ніякіх пярэчанняў.

Я ведаў, што яна хацела, каб я гэта зрабіў. На працягу 47 гадоў яна была кіраўніком сям'і, клапацілася пра нашых трох сыноў і ахвяравала сабой дзеля мяне. Цяпер у яе шмат унукаў, яны ўсе любяць яе, але яна страціла свайго найлепшага сябра, таму я павінен правесці час з ёй».

Кэці і праўда была кіраўніком сям'і — Фергюсан, які быў грозным трэнерам на працы, саступаў крэсла боса дома жонцы.

Аднойчы яна папрасіла яго вынесці з дому ўсе яго трафеі, якія нагадваюць пра футбол. «Вы наогул не знойдзеце нічога ў доме, звязанага з маёй кар'ерай. Кэці ўсё гэта надакучыла. Яна неверагодная! Я нават не магу ўзяць дадому кнігу пра футбол, інакш яна скажа: «Што яна тут робіць?» — успамінаў сэр Алекс.

А калі ў 1999 годзе ён быў пасвечаны ў рыцары, яна сказала лейбарысцкаму палітолагу Аластэру Кэмпбэлу: «Вы не думаеце, што Алекс атрымаў дастаткова ўзнагарод?».

Ёй наогул не вельмі гэта падабалася — Фергюсан распавядаў, што яна не раз пыталася, навошта ён наогул прыняў гэтае званне.

Вясельнае фота. Фота з дакументальнага фільма

Вясельнае фота. Фота з дакументальнага фільма

У 2007-м Кэці папрасіла мужа прапусціць два таварыскія матчы — з «Глентаранам» і «Данфермлінам», — бо ёй патрэбна была дапамога з пераездам. І Фергі нікуды не пайшоў.

«Я сказаў ёй, што ў мяне ў той дзень быў матч, але ёй было ўсё роўна, — распавядаў ён. — Яна сказала, што гэта ўсяго толькі таварыскія матчы, і я павінен ёй дапамагчы. Яна выратавала мяне ад складанага выбару, бо мой бацька гуляў за «Глентаран», а я сам цесна звязаны з «Данфермлінам». Я гуляў там у найлепшы футбол у сваёй кар'еры да свайго пераходу ў «Рэйнджэрс».

Фергюсан усё жыццё быў удзячны Кэці за тое, што яна падтрымлівала яго кожны дзень, што з разуменнем прыняла яго любоў да футбола, хоць за ўсю яго кар'еру яна так і не змагла палюбіць гэтую гульню.

Яе раздражнялі размовы пра футбол — сэр Алекс аднойчы распавёў пра іх тыповую размову пасля таго, як ён прыйшоў дадому, правёўшы ўвесь дзень на трэніроўцы.

«Я прыходжу дадому і кажу нешта пра гульню. І ўсё, што я атрымліваю ў адказ, гэта: «Алекс, мая пральная машына не працуе», — дзяліўся ён. — Кэці проста казала: «Ні слова пра футбол. Які ў мяне быў дзень? Джэйсан зрабіў гэта, Дарэн зрабіў гэта, а Марк — гэта». А ў мяне, — прызнаваўся Фергюсан, — галава расколваецца, і я ледзь магу размаўляць пасля таго, як увесь дзень крычаў на гульцоў».

Але ў гэтым, напэўна, і быў увесь сакрэт яго шчасця. Сэр Алекс не раз казаў, што Кэці была ключавой фігурай на працягу ўсёй яго кар'еры, і ён неверагодна ўдзячны, што жонка цярпела ўсе яго адсутнасці.

«Мая жонка была гатовая прыняць гэтую ахвяру, яна была выдатная, — казаў ён. — Я ведаю, вядома, што не кожная жонка паступіла б гэтак жа, але яна разумела маю апантанасць. Яна разумела, чаму я павінен быў гэта зрабіць, што гэта было ў маёй крыві. А я быў на кручку — я не мог сысці з футбола. А яна ўсім ахвяравала дзеля мяне»»

Другое жыццё пачалося з выхадам Фергі на пенсію. «Упершыню за 40 гадоў я снедаў з жонкай, і гэта было крута, — успамінаў ён. — Я заўсёды выходзіў з дому ў 6.20 раніцы або каля таго. На гэты раз я ўключыў навіны. Калі вы жанатыя амаль 50 гадоў, размоў не так шмат, паверце мне. Але мая прысутнасць дома была важная».

У іх было дзесяць гадоў без футбола. Зараз сэру Алексу прыйдзецца вучыцца жыць без лэдзі Кэці.

Сёння футбалісты «Манчэстэр Юнайтэд» выйдуць на матч з «Брэнтфардам» з жалобнымі павязкамі.

Чытайце таксама:

Жонка Бекхэма спрабавала расказаць пра паходжанне з рабочага класа. Дэвід даціснуў, і яна сказала праўду

Жазэ Маўрынью вызначыўся са сваім будучым месцам працы

Форвард «Барселоны» пайшоў у прыбіральню падчас матча Лігі чэмпіёнаў і не вярнуўся на поле. Прыйшлося рабіць замену

Клас
5
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
15
Абуральна
5