Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

Калі ў чалавека выяўляюць рак, ягоны свет у адзін момант змяняецца. Вось нехта жыве звычайнай руцінай са звычнымі стрэсамі і турботамі — а праз момант пасля пачутага дыягназу чалавек трапляе ў альтэрнатыўную, максімальна ўзмоцненую рэальнасць, у якой можна было б аддаць усё, каб вярнуцца да сваіх ранейшых звычайных клопатаў.

Як справіцца з уласнай трывогай, калі побач знаходзіцца хворы на рак блізкі? І як палегчыць жыццё блізкаму на гэтым этапе? The Telegraph піша пра некаторыя спосабы, як можна палегчыць эмацыйную нагрузку на чалавека, хворага на рак.

Не рабіце гэта сваёй праблемай

Несумненна, вашы ўласныя эмацыйныя выдаткі ў такой сітуацыі вялізныя. Але ж гэта адбываецца не з вамі — і вашы патрэбы і перажыванні тут, як бы непрыемна гэта ні гучала, другасныя. Таму, відавочна, не варта вымушаць хворага суцяшаць вас. Шукайце суцяшэння ў іншым месцы: напрыклад, праз анлайн-групы псіхалагічнай падтрымкі. Ваша задача — падтрымліваць блізкага, і падтрымка гэта павінна пачынацца неадкладна. Асновай камунікацыі тут мусіць быць не фраза «ці ёсць навіны?», а лепей «няма патрэбы адказваць, калі не хочаш».

Больш слухаць, менш гаварыць

Людзі звычайна панікуюць і прагнуць хоць нешта сказаць, што заўгодна. Але рэч не ў тым, што вы кажаце, а ў тым, як вы слухаеце. Спецыялісты псіхалагічнай падтрымкі гэта пацвярджаюць: часта сапраўды дастаткова слухаць. Калі вы сумняваецеся, можаце паспрабаваць так званае «рэфлексіўнае камунікаванне», калі ў размове вы паўтараеце тое, што вам сказаў хворы чалавек, толькі перафразуеце гэта.

Пры ўважлівым выкарыстанні гэта можа быць неверагодна магутным сродкам. Не ігнаруйце і не замоўчвайце страх смерці, але і не насаджайце яго. Не хавайцеся за банальнасцю, што ўсё будзе добра, і не настойвайце на тым, каб ваш блізкі чалавек быў «пазітыўным».

Параўнанні — адыёзныя і залішнія

Не кажыце: «Мая цётка хварэла на рак у 1982 годзе, і яна ў парадку». Як адзначаюць спецыялісты, не бывае двух аднолькавых досведаў, нават калі справа тычыцца дыягназу рак. Людзі розныя, пухліны розныя, а навука рушыць імкліва наперад. Калі вы не анколаг сусветнага ўзроўню, то вы, хутчэй за ўсё, нічога не ведаеце.

Захавайце свае цудадзейныя лекі пры сабе

Не кажыце: «Ты павінен ачысціцца / харчавацца здаравей / маліцца» і г.д. Такія словы дакладна не дапамогуць.

Пазбягайце канчатковых прысудаў і безнадзейнасці

Не ўкладайце празмерных спадзеваў у навіны і не разважайце пра тое, што можа адбыцца ў будучыні. Медычныя інтэрпрэтацыі адрозніваюцца, абставіны змяняюцца, гэтая сітуацыя, у якой апынуўся блізкі, — больш, чым любая іншая сітуацыя, — развіваецца. І пазбягайце прысудаў ці безнадзейнасці ў любым выпадку.

Абараняйце дзяцей ад нявызначанасці і гаварыце ім праўду

Самае жахлівае для малога — гэта немагчымасць спадзявацца на сумленнасць дарослых. Дзеці часта могуць перажываць, што ўсё можа быць горш, чым ёсць на самай справе. Таму найлепшы спосаб абараніць дзіця ад трывожных станаў — гэта без істэрык, спакойна і шчыра расказаць яму праўду. Лепей, калі дзіця само зацікавіцца сітуацыяй.

«Што я магу зрабіць?»

Адказ на пытанне «Што я магу зрабіць?» наколькі банальны, настолькі і важны. Што вы маеце рабіць у гэтай сітуацыі — гэта канкрэтныя, практычныя рэчы, санкцыянаваныя хворым. Гатуйце яму ежу, выносьце смецце, выгульвайце яго сабак, забаўляйце яго дзетак, вазіце ці вадзіце яго на сустрэчы. Спіс бытавых штодзённых спраў у кожнага можа быць свой, і вельмі важна дапамагаць рабіць тое, што хворы робіць звычайна (калі ён, ізноў жа, дае сваю згоду на гэта).

Гумар — па ранейшаму гумар, а ваш блізкі — па-ранейшаму ваш блізкі

Вядзіце размовы на іншыя тэмы, акрамя раку. Жарты патрэбныя і нават неабходныя, калі яны дарэчныя. Не варта баяцца хворых людзей — таму пазначце вашу прысутнасць побач, але не патрабуйце нейкіх дзеянняў у адказ. Наведайце чалавека, калі ён хоча наведванняў; або дашліце пасылку ці паштоўку — усё, што можа паказаць, што чалавека цэняць. Памятайце, ваш блізкі — той самы чалавек, толькі ён перажывае змрочны, цяжкі час.

Чытайце таксама:

«Людзьмі рухае страх смерці». Як часта можна рабіць МРТ і ці бяспечна гэта?

«Гэта можа выклікаць рак». Навуковец б'е трывогу адносна таго, што ў Беларусі пачалі апраменьваць прадукты радыяцыяй

Працягласць прамянёвай тэрапіі для лячэння раку прастаты можна значна скараціць без парушэння эфекту — даследаванне 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?