Папа Францішак. Фота: Andrew Medichini
Папа Францішак мяркуе, што ён быў бы не супраць, каб Каталіцкая царква бласлаўляла аднаполыя пары, піша Бі-бі-сі.
Адказваючы групе кардыналаў, якія папрасілі яго ўнесці яснасць у гэтае пытанне, ён сказаў, што да любой просьбы аб бласлаўленні варта ставіцца з «пастырскай спагадай».
«Мы не можам быць суддзямі, якія толькі адмаўляюць, адрываюць і выключаюць», — сказаў ён.
Аднак Папа дадаў, што царква па-ранейшаму лічыць аднаполыя адносіны «аб'ектыўна грахоўнымі» і не прызнае аднаполыя шлюбы.
Гэты запыт быў адным з многіх, накіраваных пантыфіку перад шматтыднёвым Глабальным сходам для абмеркавання будучыні Каталіцкай царквы, які павінен пачацца ў Ватыкане ў сераду.
Біскупы ў шэрагу краін, у тым ліку ў Бельгіі і Нямеччыне, пачалі дазваляць святарам бласлаўляць аднаполыя пары, але пазіцыя царкоўных уладаў заставалася няяснай. У 2021 годзе, пасля аналагічнага запыту аб тлумачэнні, дактрынальнае кіраўніцтва Ватыкана вынесла рашэнне не дазваляць гэту практыку.
Адказваючы на апошні запыт, Папа сказаў, што царква разумее шлюб як «выключны, стабільны і непарыўны саюз паміж мужчынам і жанчынай» і павінна пазбягаць «любога віду абрадаў або сакрамэнтаў, якія могуць супярэчыць гэтаму перакананню».
Але ён дадаў, што «калі просяць блаславення, то выказваюць просьбы да Бога аб дапамозе, просьбы жыць лепш».
Папа перакананы, што царква заўсёды павінна падыходзіць да сваіх адносін з людзьмі з «дабрынёй, цярпеннем, разуменнем, пяшчотай і заахвочваннем».
Чытайце таксама:
Папа Францішак прыняў апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча
Папа Францішак прызнаў недарэчнасць згадкі пра расійскіх імператараў у сваёй прамове
Папа Францішак назваў гэту беларускую жанчыну святой. Расказваем, хто гэта





