Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
Уладзімір Пуцін можа абвясціць пра старт прэзідэнцкай кампаніі і свой удзел у ёй на міжнароднай выставе-форуме «Расія», якая адкрыецца 4 лістапада на ВДНГ, піша «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Адміністрацыі прэзідэнта.
Выбары прэзідэнта прызначаныя на 17 сакавіка 2024 года.
Прызначаныя яны павінны быць не раней чым за 100 дзён і не пазней за 90 дзён да гэтай даты, гэта значыць у тэрмін з 8 па 18 снежня.
Публічна Пуцін пра сваё вылучэнне пакуль не абвяшчаў, але адміністрацыя прэзідэнта Расіі разглядае сцэнар, пры якім гэта можа адбыцца ў рамках мерапрыемства (выставы), на якім будуць прадстаўленыя ўсе расійскія рэгіёны.
Са слоў крыніц «Коммерсанта», адным з асноўных пасылаў кампаніі стане тэма Расіі.
«Мы вялікая краіна са сваёй ідэнтычнасцю, цывілізацыя, мы змагаемся за свае каштоўнасці, сям'я перадусім. Ворагі спрабуюць нас адолець, але мы настолькі кансалідаваныя, што ў іх гэтага не атрымаецца», — цытуе «Коммерсант» суразмоўцу.
У агульным выглядзе «ідэалагічная рамка» кампаніі, як піша «Коммерсант», фармулюецца так: «Расія — асобная цывілізацыя, «сям'я сем'яў», для якой важныя традыцыйныя каштоўнасці, яе атакуюць ворагі, але дзякуючы кансалідацыі грамадства яны нічога не даб'юцца». Пра тэму вайны падчас кампаніі будзе гаварыцца «роўна столькі, колькі трэба».
Выстава, на якой Пуцін можа абвясціць пра сваё вылучэнне, праводзіцца «ў мэтах дэманстрацыі найважнейшых дасягненняў РФ у розных галінах эканомікі» і «станоўчага вопыту развіцця суб'ектаў РФ». «Фактычна гэта — дасягненні Уладзіміра Пуціна», — кажа яшчэ адзін суразмоўца, калі тлумачыць канцэпцыю выставы.
Пуцін кіраваў Расіяй з 2000 па 2008 год, з 2008-га па 2012-ты прэзідэнтам быў Дзмітрый Мядзведзеў. Пуцін кіруе Расіяй з 2012 года.





