Фота: Jake Offenhartz / AP

Фота: Jake Offenhartz / AP

З пачатку месяца і на раніцу пятніцы ў Нью-Ёрку выпала ўжо амаль 350 мм ападкаў. І хоць улады горада і штата пакуль не зафіксавалі смяротных выпадкаў або цяжкіх траўмаў у выніку паводкі, службы выратавання ўжо шэсць разоў вызвалялі людзей з затопленых падвальных памяшканняў.

Мэр Нью-Ёрка Эрык Адамс прыняў рашэнне не закрываць школ, бо навучэнцам не пагражае небяспека, аднак ён раіць жыхарам горада захоўваць асаблівую асцярожнасць і пазбягаць месцаў, схільных да затаплення.

У сваю чаргу губернатар штата Нью-Ёрк Кэці Хокул назвала залевы небяспечнымі і нават пагрозлівымі жыццю і заклікала насельніцтва Нью-Ёрка, Лонг-Айленда і Хадсан-Рывер-Вэлі не рызыкаваць і заставацца на ўзвышшах.

Паліцыя Нью-Ёрка паведамляе, што многія дарогі давялося перакрыць з-за паводкі, асабліва калі магістралі праходзяць пад мастамі або ў тунэлях.

Служба гарадскога транспарту апавясціла пасажыраў, што чатыры лініі метро закрытыя цалкам, а на 12 лініях не працуюць некаторыя станцыі і назіраюцца значныя затрымкі. Гаворка ідзе аб асноўных маршрутах, якімі карыстаюцца мільёны людзей.

Аэрапорт Ла-Гуардыя ў раёне Куінс абвясціў, што тэрмінал А будзе часова закрыты.

Адміністрацыя міжнароднага аэрапорта імя Джона Кенэдзі, дзе на ўзлётную паласу зранку выпала звыш 100 мм ападкаў, паведамляе, што ў сувязі з умовамі надвор'я рэйсы могуць затрымлівацца ці нават адмяняцца і рэкамендуе пасажырам загадзя спраўджваць расклад.

Чытайце таксама:

У Лівіі катастрафічная паводка: больш за 3000 загінулых і 10000 зніклых без вестак

Нябачны восьмы кантынент. Навукоўцы цалкам нанеслі на карту Зеландыю. Яе плошча ўражвае

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
9
Сумна
0
Абуральна
0