Фота: старонка Іны Кулей у фэйсбуку
— Ці ёсць для лагапеда розніца, на якой мове размаўляе дзіця: па-руску ці па-беларуску? Памятаю, калі я з сынам прыйшла да лагапеда на планавую праверку перад школай і сказала, што ў нас беларускамоўная сям’я, то лагапед з паліклінікі на гэта спытала: «Ну, па-руску ён, спадзяюся, разумее». І прапанавала дзіцяці паўтараць за ёй рускія словы.
— Канешне, лагапеду важна, размаўляе дзіця па-руску ці па-беларуску, таму што лагапедычная праца — гэта не толькі праца пастаноўкі гука, як лічыць большасць людзей.
Па-першае, гукі адрозніваюцца вымаўленнем у беларускай і рускай мовах. А па-другое, лагапед працуе над усімі момантамі мовы: не толькі трэба правільна вымаўляць гукі, але важна, каб сказы былі паўнавартасныя, каб можна было пераказваць тэксты, якія прапануюць, каб быў вялікі слоўнікавы запас. І гэта такія рэчы, на якія звяртаецца ўвага.
Таму, канешне, важна, на якой мове гаворыць дзіця. І лагапед мусіць ведаць гэтую мову. І дзіця, калі гаворыць на адной з гэтых моў, мусіць адпавядаць прыблізна таму ўзросту маўлення, які ёсць.
— То-бок калі прыходзіць беларускамоўнае дзіця да лагапеда (напрыклад, пры планавай праверцы перад школай) і бацькі папярэджваюць, што сям’я беларускамоўная, то лагапед мусіць правяраць па-беларуску? А не прапаноўваць дзіцяці словы па-руску казаць?
— Безумоўна. Таму што, яшчэ раз паўтараюся, гэта не толькі вымаўленне гукаў, якое таксама ў некаторых момантах адрозніваецца. Напрыклад, гук [ч], які ў беларускай мове заўжды цвёрды. Альбо гук [р], які ў беларускай мове заўсёды толькі цвёрды. А ў рускім варыянце ёсць [ч’] і [р’] мяккія. А па-другое, гэта абсалютна іншыя назвы прадметаў, выяў, якія дзіця проста можа не ведаць. Дзіця можа і не разумець, што яму кажуць і з чым звяртаюцца.
Практыкаванні гімнастыкі ў блогу Іны Кулей «lagaped_pa_belarusku» ў фэйсбуку
— У адным з артыкулаў сустрэлася меркаванне, што ў Беларусі многія лагапеды і дэфектолагі адмаўляюць існаванне беларускамоўных дзяцей. Наколькі вы згодныя з такім выказваннем?
— Я б так не ставіла пытанне, што адмаўляюць наяўнасць такіх дзяцей. Таму што ёсць школы, дзе лагапеды спрабуюць гаварыць па-беларуску. Напрыклад, такая Жухавіцкая школа, таксама некаторыя школы ў Гродзенскай вобласці, дзе лагапеды размаўляюць па-беларуску і напэўна беларускамоўныя дзеці вучацца ў гэтай школе, калі спецыяліст гаворыць па-беларуску.
Але большасць лагапедаў на самай справе рускамоўныя. У Беларусі практычна няма падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, розных спецыялізаваных выданняў на беларускай мове. Нейкі час, пасля 1990-х гадоў, выпускаліся такія падручнікі, але гэта вельмі хутка знікла, як зніклі і самі беларускамоўныя класы. Таму маецца велізарная праблема з наяўнасцю спецыялістаў, якія гавораць на беларускай мове. Іх вельмі мала.
— Ці насамрэч усе праграмы навучання, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, існуюць толькі на рускай мове, таму і лагапеды працуюць з дзецьмі на рускай мове? Ці праблема ў тым, што няма попыту на беларускую мову. Ці праблема ў тым, што ў асноўным школы, як і дзіцячыя сады, рускамоўныя.
— Я б сказала, што, напэўна, рыба гніе з галавы. Калі б у дзяржаве на належным узроўні была павага і такое стаўленне да беларускай мовы, што яна асноўная, што яна важная, то і школы, і дзіцячыя сады, і самі спецыялісты шукалі б, як размаўляць па-беларуску, выпускаліся б падручнікі, метадычкі. Усё гэта працавала б.
У час, калі я вучылася, гэта было абсалютна рускамоўнае асяроддзе. Усе матэрыялы, якія мы вывучалі, былі рускамоўныя. Усе нашы выкладчыкі былі маскоўскія альбо навучаліся ў Маскве.
На сёння я прайшла не адну спецыялізаваную стажыроўку пачынаючы з 2018-2019 гадоў для таго, каб узнавіць свае веды і падтрымаць іх узровень. І зноў-такі сутыкнулася з тым, што беларускага няма. Таму ў большасці выпадкаў лагапедыя ў Беларусі рускамоўная.
— Наколькі цяжка падрыхтаваць заняткі для беларускамоўных дзяцей, якія маюць лагапедычныя праблемы?
— Не толькі падрыхтаваць, але я рыхтую штодзённа практычна, бо лічу, што дзецям мусіць быць цікава. І таксама дарослым, якія размаўляюць на беларускай мове. Таму матэрыялы нараджаюцца альбо такім крэатыўным шляхам, альбо штосьці перарабляецца ці пераасэнсоўваецца не толькі з рускай мовы, але і з англійскай, і з іншых моў, з украінскай, таму што там таксама добрыя матэрыялы. Гэта штодзённая праца, якую трэба рабіць.
Маю задуму, каб гэта вырасла ў спецыялізаваны метадычны дапаможнік, метадычную працу і, магчыма, нават такі курс, які могуць прайсці тыя лагапеды, хто жадаў бы мець матэрыялы, размаўляць і вучыць на беларускай мове. Гэта няпроста, але цікава.
— У ліквідаваным Таварыстве беларускай школы ў свой час фіксавалі выпадкі, калі лагапеды ставілі беларускамоўным дзецям дыягназ «затрымка псіхічнага развіцця». Ці сустракаліся вы з такой з’явай? Ці ўсё ж такі цяпер лагапеды ўжо з большым разуменнем ставяцца да беларускамоўных дзяцей?
— Я сутыкалася з такімі момантамі, калі сама была ў такой камісіі ў дзіцячы сад. Калі ў медычным цэнтры працавала, то таксама сутыкалася з такімі выпадкамі. Але я мела магчымасць запытацца ў дзяцей на беларускай мове, унесці карэктывы ў магчымую пастаноўку дыягназу.
Сутыкалася з тым, што людзі прыходзілі і казалі, што вельмі цяжка дзіцяці, што яно не можа адказаць на пытанне камісіі, таму што не разумее гэтых пытанняў.
Ведаю, што такія моманты былі не толькі ў маленькіх беларусаў, але і ў тых старэйшых, якія паступалі ва ўніверсітэты альбо ў тэхнікумы і не разумелі, як можна растлумачыць фізіку на рускай мове. Яны проста не разумелі гэтых паняццяў, таму што яны вучыліся на беларускай мове дзесьці ў раёне. Гэтая праблема падаўлення беларускай мовы існавала і існуе, на жаль, і сёння.
— Хто да вас часцей звяртаецца: беларускамоўныя ці рускамоўныя сем’і? Ці пабольшала беларускамоўных дзяцей?
— На гэтае пытанне можна адказаць з аптымізмам. Мой адказ усцешыць беларусаў. На самай справе зваротаў ад беларускамоўных сем’яў стала больш, значна больш. Сутыкаюся з выпадкамі, калі мама і тата не размаўляюць па-беларуску, але хочуць, каб дзіця гаварыла па-беларуску і настойваюць на гэтым. Гэта важна, што мама і тата вучацца потым у свайго дзіцяці гаварыць.
Блог Іны Кулей у фэйсбуку
Колькі звяртаецца? Магчыма 60 на 40. 60% — беларускамоўныя, 40% — рускамоўныя. Я думаю, што можа нават пабольшаць гэтая колькасць беларускамоўных, бо я амаль што эксклюзіўны беларускамоўны лагапед, і размова пра мяне ідзе наперадзе мяне. Адны перадаюць іншым, тым, у каго дзеці размаўляюць па-беларуску, таму што гэтыя сем’і часта кантактуюць адна з адной. А рускамоўных лагапедаў даволі шмат, можна звярнуцца да любога.
— У змешаных сем’ях (дзе тата і мама размаўляюць на розных мовах), гукі якой мовы мусяць быць пастаўленыя ў дзіцяці ў першую чаргу?
— Важна, на якой мове размаўляе дзіця дома. Вось гэтая мова, якая прыярытэтная, на якой мове размаўляе мама (бо яна больш часу праводзіць са сваім дзіцём), гэтыя гукі трэба ставіць першымі. А калі будзе сфармавана маўленне альбо сфармаваная і развітая сама мова цалкам, тады можна і звяртацца да іншых варыянтаў: варыянтаў асяроддзя, варыянтаў сяброў і г.д.
Але баяцца білінгвізму не варта, бо мая практыка паказвае, што гэтыя дзеці дынамічна развіваюцца, яны актыўныя. Яны трошкі павольней засвойваюць маўленне, пачынаюць гаварыць пазней. Але да чатырох гадоў у іх раскладаецца па палічках кожная з моў, і яны вельмі хутка рэагуюць на выклікі, яны могуць хутка даць адказ.
Гэта вельмі добра, калі шматмоўе ў сям’і. Ведаеце, ёсць такі выраз: «Ты столькі разоў чалавек, колькі моў ведаеш». Ведаць некалькі моў — вельмі добра. З аднаго боку, шкада, што з’язджаем з краіны. А з іншага боку, трэба карыстацца момантам, каб вучыць мовы і намагацца быць не толькі беларусам у сям’і, але і размаўляць з атачэннем.
Чытайце таксама:
Памылкі на кожнай старонцы. Як выглядае беларускамоўны падручнік у Беларусі





