Трэніроўкі палка беларускіх добраахвотнікаў «Пагоня» на стрэльбішчы пад Варшавай, май 2022-га. Фота: Michal Dyjuk / AP

Трэніроўкі палка беларускіх добраахвотнікаў «Пагоня» на стрэльбішчы пад Варшавай, май 2022-га. Фота: Michal Dyjuk / AP

Вадзім Пракопʼеў згадвае, што ён пазнаёміўся з Сахашчыкам праз агульнага сябра. «І з першай сустрэчы адбылося сяброўства. Адразу ў нас узнік давер».

Пракопʼеў адзначае, што Сахашчык шмат чаго рабіў яшчэ да таго, як стаў публічным чалавекам:

«Ён быў бясцэнным чалавекам, бо пэўныя яго кантакты дазвалялі рабіць нейкія высновы аб сітуацыі ў сілавых элітах».

Па словах Пракопʼева, Сахашчык прыязджаў да Ціханоўскай у самым пачатку дзейнасці яе офіса: «Ён агледзеў штаб, пагаварыў з людзьмі і зрабіў высновы, што гэта пясочніца». Але праз некаторы час далучыўся, бо «адыграла пачуццё справядлівасці, пачуццё місіі».

Пра ролю Сахашчыка ў Кабінеце

Пракопʼеў адзначае, што, на яго погляд, Сахашчык вельмі рана ўвайшоў у Кабінет — ён стаў прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы. Але менавіта такога чалавека не хапала ў лідарскай канфігурацыі. «Я думаю, што ён сябе яшчэ праявіць. Я не сумняваюся ў яго матывацыі і каштоўнасцях. Для яго дакладна важны вынік. Ну, і ўласна, усё жыццё яго рыхтавала да такога сцэнара».

Валерий Сахащик и Светлана Тихановская Valery Sakhashchyk and Svetlana Tsikhanovskaya Валерый Сахашчык і Святлана Ціханоўская

Валерый Сахашчык і Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Прыход Сахашчыка не прывёў да заўважнага далучэння да дэмакратычнага руху іншых афіцэраў.

«Але гэта не адбываецца не таму, што Валерый не прыцягвае, а таму што сама канструкцыя добраахвотных падраздзяленняў ва Украіне, на жаль, не дае магчымасці афіцэрам адчуць сябе ў прафесійным пункце. Таму трэба быць суперматываваным і імкнуцца да іншых мэтаў».

Пракопʼеў лічыць, што «не хапіла стратэгічнага мыслення ва Украіны і ў нас не хапіла сілы, каб у беларускіх ваенізаваных фармаванняў быў іншы статус ва Украіне. Цяпер ужо аб гэтым позна думаць».

Ацэнка сцэнара вызвалення Беларусі звонку

Сцэнар вызвалення Беларусі звонку, на погляд Пракопʼева, неабходна было пралічваць.

«Гэтым акном магчымасцяў трэба было абавязкова карыстацца. Таму што вайна — вельмі дынамічная гісторыя. Там усё мяняецца за гадзіны, дні. Няможна было пазяхаць. І спробу можна было зрабіць», —

лічыць Пракопʼеў.

«Ва Украіне застаецца былы пасол у Беларусі Раман Бяссмертны. Ён вельмі пісьменны чалавек. І на пачатку вайны ён трансляваў тыя ж думкі. Мы ўсе памятаем, што ёсць Юры Фяльшцінскі, у якога таксама Беларусь не сыходзіла ў якасці ваеннай стратэгіі. І ў сваіх перадачах ён рабіў на гэтым акцэнт. Білецкі гаварыў пра гэта. Было шмат розных афіцэраў, якія разважалі дакладна так жа сама, як мы.

Сапраўды быў перыяд падчас вайны, калі вызваленне Беларусі вельмі нават праглядалася. Пры гэтым трэба разумець, што гэта не сцэнар ліхога штурму. Трэба сказаць, што нават без інтэрвенцыі дастаткова буйное беларускае падраздзяленне, выбудаванае як рэгулярная армія, з афіцэрамі, з малодшымі афіцэрамі, сяржантамі і беларускім афіцэрам на чале, праверанае ва ўкраінскіх баях, якое працягвае фармавацца, — гэта буйны палітычны фактар.

Вадзім Пракоп'еў Вадим Прокопьев Vadim Prokopyev

Вадзім Пракоп'еў. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

Такім чынам можна было б уплываць на беларускую армію ўнутры краіны. Але для гэтага з імі неабходна было б размаўляць на адной мове. Гэта вельмі складана пасля 2020 года. Але тым не менш, гэта вельмі важна для вызвалення».

Па меркаванні Пракопʼева, менавіта Валерый Сахашчык мог бы быць такім чалавекам, які б змог размаўляць і тлумачыць. «Але для таго, каб размаўляць, недастаткова гаварыць, што Украіна пераможа. Не. Неабходна трансляваць сілу. І неабходна выбраць танальнасць».

Пракопʼеў адзначае, што сцэнар вонкавага вызвалення або інтэрвенцыі не абавязкова павінен суправаджацца жорсткімі баявымі сутычкамі. Ён нагадвае, што ў 1944 годзе на Сіцыліі войскі саюзнікаў з аднаго флангу прайшлі без стрэлаў і страт пры падтрымцы насельніцтва.

«Гэты план цалкам мог бы атрымацца, каб Украіна была дзейсным саюзнікам. Аргумента аб тым, што Украіне самой не хапала ні сродкаў, ні рэсурсаў для такой гульні, я не разумею. Таму што мы бы не прасілі ніякіх сродкаў і рэсурсаў у самой Украіны, акрамя асаблівага статусу такога падраздзялення і супрацоўніцтва».

Пра ідэю палка «Пагоня»

Пракопʼеў гаворыць, што прыехаў ва Украіну на трэці дзень вайны, каб паспрабаваць скарыстацца «чорным лебедзем» для вызвалення краіны.

«Сцэнар вызвалення, натуральна, прадугледжваўся ваенна-палітычны. Фармаванне дастаткова буйной армейскай групоўкі з беларусаў ва Украіне, яго абкатка ў баявых умовах, фармаванне палітычнай структуры, здольнай размаўляць з насельніцтвам унутры краіны. Гэта і ёсць вялікі фактар перамогі».

Па словах Пракопʼева, былі каментары аналітыкаў аб тым, што армія вызвалення Беларусі — нерэальна, бо мы ніколі не знойдзем такой колькасці пасіянарыяў.

«Я бы з гэтым паспрачаўся. Таму што пасля майго звароту з Майдана ў пачатку сакавіка 2022 года 960 чалавек запісалася ў чат-бот. Я дапускаю, што ў Палка Каліноўскага гэтая лічба была ў некалькі разоў большая. Таму фармаванне такой адзінкі было магчыма. Але цяпер ужо не».

Чаму полк «Пагоня» не атрымаўся

Пракопʼеў называе некалькі прычын, чаму не атрымалася стварыць полк «Пагоня». Па-першае, кажа ён, гэтага не хацела Украіна.

«Узровень стратэгічнага, інтэлектуальнага аналізу ва Украіне, зразумела, прысутнічае. Але гэта дакладна не было часткай палітыкума. Я дапускаю, што беларускай стратэгіі Украіна зусім не распрацоўвала.

Гэта было зразумела, калі ў сакавіку 2022 года з вялікім інтэрвʼю выступіў Данілаў і прызнаўся, што «мы, зразумела, дапускалі ўварванне, але хто нас сапраўды здзівіў, так гэта Лукашэнка».

Для мяне гэта прыкмета слабога стратэгічнага планавання, калі яны верылі, што Лукашэнка не падыграе Пуціну. Для мяне гэта таксама прыкмета таго, што адносіны пасля 2020 года ўкраінскай улады з лукашэнкаўскімі элітамі захоўваліся. Там быў інтэнсіўны дыялог. Лукашэнка рабіў тое, што рабіў заўсёды — падманваў і гаварыў, што «ніколі ў жыцці».

Другая прычына, чаму не сфармавалася беларуская стратэгія ва Украіне, у тым, што гэтага не хацеў Вашынгтон, лічыць Пракопʼеў.

«Украіна знаходзіцца ў татальнай залежнасці ад рэсурсаў сваіх саюзнікаў. У лістападзе 2021 года, калі не памыляюся, была справаздача начальніка абʼяднаных штабоў генерала Марка Мілі для прэзідэнта Байдэна. І ў гэтай справаздачы гаварылася пра непазбежнасць уварвання Расіі і акрэсліваліся дзве стратэгічныя мэты Амерыкі, зыходзячы з яе нацыянальных інтарэсаў.

Першая — пазбегнуць любым шляхам канфлікту паміж расійскай арміяй і войскамі НАТА. Другая — ні ў якім разе не даць канфлікту выйсці за геаграфічныя межы Украіны. Як мы разумеем, больш-менш гэтай стратэгіі прытрымліваюцца да гэтага часу».

Пракопʼеў лічыць, што, нават калі б разумныя галовы ва Украіне прапаноўвалі актыўную беларускую стратэгію, яны прапаноўвалі б яе хутчэй за ўсё за сталом, дзе амерыканскі голас быў бы важным, калі не вырашальным.

«У дадзеным выпадку мы праляцелі. Нас злілі ў 2020 годзе. Погляд з Вашынгтону прадугледжвае, што мы — частка Расіі. Пераканаць амерыканскіх саюзнікаў у памылковасці іх мыслення — задача надзвычай складаная. Але без гэтага не будзе ніякага прагрэсу.

Беларусь — пераспелая еўрапейская краіна, якая зусім не падобная па сваім уладкаванні да Расіі. Атрымліваецца, што вось гэты фрукт, які нізка вісіць, які абавязаны быць часткай Еўропы, абматалі скотчам з гніючым целам Расійскай імперыі».

Пракопʼеў згадвае пра паездку на пачатку вайны ва Украіну, падчас якой яму было вельмі крыўдна:

«Гэтаму папярэднічалі некаторыя падзеі. «Пагоню» выселілі з казармаў. Праект вельмі хутка згарнулі. Афіцэры, якія займаліся нашым праектам, былі адлучаны ад работы. І пасля доўгай, праўда, ветлівай гутаркі, мне прапанавалі скончыць сваю дзейнасць ва Украіне і выехаць.

Праз тры дні мне давялося гэта зрабіць. Гэта суправаджалася словамі «Мы не хочам развязаць вайну з Беларуссю». Я аджартаваўся і сказаў, што я не такая важная персона, з-за якой пачынаюцца войны. Зразумела, што гэта мела адносіны да наратыву аб тым, што з самага пачатку «Пагоня» задумвалася як падраздзяленне для работы ў беларускім кірунку».

Закрыццё праекта супала з падзеяй, якую Пракопʼеў называе «ўгодай з Лукашэнкам».

«Мне незразумела, чаму Украіна гуляла ў покер і працягвае гуляць з Лукашэнкам. Мастацтва вайны — гэта мастацтва падману. Таму трэба ўзважваць свае сілы. Менш за ўсё яны хацелі другі фронт.

Мне незразумела, чаму, адной рукой гуляючы ў покер, нельга ў другой руцэ трымаць дубіну, ведаючы, з кім мы маем справу. І фармавання такой дубіны не адбылося. І, пры ўсёй маёй абсалютнай павазе да людзей, якія ваююць ва Украіне, мы не прадстаўляем там сілы.

Лукашэнка прадаў ляльку Украіне. Таленавіта прадаў гісторыю аб тым, як, пакуль Пуцін у яго на горле, ён вось-вось пашле свае войскі. І ён з апошніх сілаў стрымліваецца. Але гэта, зразумела, не так. У яго не было ніякіх намераў адпраўляць свае войскі ва Украіну. Ён вельмі добра разумеў, калі б ён туды адправіў войскі, то бачыў бы сваю армію ў апошні раз. Але ён здолеў прадаць гэты наратыў. Ва Украіне яго купілі.

А ўвогуле, Украіна мала разумее сучасную Беларусь і яе грамадства. Яна, як і любая маладая дэмакратыя, сканцэнтравана на сабе. Для іх зусім незразумела, чаму ў 2020 годзе беларусы не ўзбунтаваліся, чаму на фоне жахлівых прыніжэнняў і насілля не было ўспышкі. Украінцы нас ніколі асабліва не зразумеюць».

Глядзіце цалкам:

Клас
37
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
3
Сумна
9
Абуральна
13

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?