Наследный принц Саудовской Аравии Мухаммед бен Салман, премьер-министр Индии Нарендра Моди и президент США Джо Байден Crown Prince of Saudi Arabia Mohammed bin Salman, Prime Minister of India Narendra Modi and US President Joe Biden Наследны прынц Саудаўскай Аравіі Махамед бін Салман, прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн

Наследны прынц Саудаўскай Аравіі Махамед бін Салман, прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на саміце G20 у Нью-Дэлі, 9 верасня 2023 г. Фота: AP Photo / Evelyn Hockstein

Як адзначае ў сваёй калонцы ў Le Monde журналіст Жан-Мішэль Беза (Jean-Michel Bezat), за мінулы год адна саудаўская нацыянальная кампанія Saudi Aramco атрымала прыбытак, роўны сукупнаму прыбытку сарака вялікіх французскіх кампаній, уключаных у індэкс САС 40. Сёлета каралеўства павялічыла даход яшчэ нашмат больш дзякуючы росту з канца чэрвеня цэн на нафту на 25% і яе набліжэнню да адзнакі 100 долараў.

Грошы неабходныя для рэалізацыі вялікіх амбіцый, закладзеных у план «Бачанне-2030», які скіраваны на дыверсіфікацыю эканомікі і пабудову больш адкрытага грамадства. Як заўважае аўтар матэрыялу, Эр-Рыяд зробіць усё для таго, каб свет як мага даўжэй выкарыстоўваў вуглевадароды, а барацьба з глабальным пацяпленнем адышла на другі план.

Саудаўская Аравія дамінуе ў Арганізацыі краін — экспарцёраў нафты (АПЕК), якая ў 2013 годзе была пашыраная за кошт уключэння трынаццаці іншых вытворцаў на чале з Расіяй. І гэты нефармальны картэль не толькі не распаўся пасля расійскага ўварвання ва Украіну, але і ўзяў пад свой кантроль рынак, які пакінулі амерыканскія вытворцы сланцавай нафты.

Гэтым летам Саудаўская Аравія і Расія дамовіліся аб скарачэнні здабычы з мэтай падтрымкі высокіх цэн на ўзроўні як мінімум 90 долараў за барэль.

Такія цэны на нафту дазволяць Расіі з лёгкасцю фінансаваць патрэбы вайны ва Украіне.

Прагматычная дыпламатыя

АПЕК прагназуе дэфіцыт паставак сыравіны, але Saudi Aramco, якая здабывае 10% сусветнай нафты, не дасць дадатковай нафты на рынак, пакуль цэны не падымуцца да пункта, які пагражае эканамічнаму росту. На рашэнне Эр-Рыяда не здольныя паўплываць і ЗША. Гэтага не адбылося пасля візіту Джо Байдэна ў эканамічную сталіцу Саудаўскай Аравіі Джыду ў ліпені 2022 года.

Каралеўства дэманструе сваё непадпарадкаванне Злучаным Штатам і адчувае сябе менш звязаным пагадненнем «нафта ў абмен на абарону», заключаным у 1945 годзе. У той жа час Эр-Рыяд патрабуе ад Вашынгтона яго выканання.

Аўтар адзначае, што Саудаўская Аравія, як і шмат якія рэгіянальныя супердзяржавы, выбрала шлях сітуатыўнага пошуку саюзнікаў і прагматычнай дыпламатыі, не заснаванай ні на ідэалогіі, ні на адзінстве культур. Цяпер яе позірк, прынамсі, на эканамічным узроўні, скіраваны на поўнач і ўсход. Там яе партнёрамі выступаюць два асноўныя супернікі ЗША — Кітай і Расія.

Вялікія амбіцыі і рэальнасць

Рэалізацыя плана «Бачанне-2030» мае зменшыць залежнасць краіны ад экспарту нафты і авалодаць тэхналогіямі суверэнітэту ў абароннай і ядзернай энергетыцы, што ў выніку павінна ўмацаваць уплыў Саудаўскай Аравіі на Блізкім Усходзе. Аб сваім намеры развіваць вайсковую прамысловасць, каб знізіць залежнасць ад ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі, каралеўства заявіла яшчэ ў 2017 годзе. У планах — дасягненне да 2030 года вытворчасці 50% вайсковай тэхнікі ў краіне.

Рэалізацыя амбіцыйнага праекта патрабуе не толькі нафтадолараў, але і дапамогі ад іншых краін. І вось тут у Саудаўскай Аравіі ўзнікаюць праблемы.

У гэтым месяцы газета The Wall Street Journal паведаміла аб зрыве планаванага падпісання здзелкі з амерыканскай кампаніяй RTX, вытворцам такіх ракет, як «Тамагаўк» і «Пэтрыёт». Завод па вытворчасці сістэм СПА не будзе пабудаваны з-за меркаваных сувязяў саудаўскай кампаніі з кітайскімі, беларускімі і расійскімі прадпрыемствамі, якія трапілі пад санкцыі.

Аўтар адзначае, што заклапочанасць многіх краін, асабліва Ізраіля і ЗША, выклікае саудаўская праграма будаўніцтва атамных электрастанцый. Саудаўская Аравія хоча супрацоўнічаць з рознымі партнёрамі, якія валодаюць ядзернай тэхналогіяй, і імкнецца выкарыстоўваць свае ўласныя запасы ўрану і кантраляваць яго ўзбагачэнне для грамадзянскіх і вайсковых мэт.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн настойвае на тым, каб саудаўцы адмовіліся ад гэтых планаў і пагадзіліся на абмежаванні па экспарце ядзернага паліва. У той жа час, як заявіў на мінулым тыдні наследны прынц Саудаўскай Аравіі Махамед бін Салман у інтэрв'ю тэлеканалу Fox News, краіна павінна мець магчымасць атрымаць ядзерную зброю, калі такая зʼявіцца ў Ірана. Гэта тлумачыцца меркаваннямі бяспекі.

Аўтар піша, што Саудаўская Аравія разглядае магчымасць супрацоўніцтва з Кітаем у галіне ядзернай энергетыкі, бо гэтая краіна менш патрабавальная, чым ЗША. Аб такім намеры каралеўства абʼявіла на другі дзень пасля атрымання запрашэння на ўступленне ў БРІКС (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёвая Афрыка) у канцы жніўня гэтага года.

У той жа час прынц Махамед бін Салман у згаданым вышэй інтэрвʼю прызнаў, што яму было б лягчэй супрацоўнічаць з ЗША, калі б яны былі больш згаворлівымі, чым шукаць іншых партнёраў.

Такія словы, на погляд аўтара артыкула, сведчаць аб складанасці ці нават немагчымасці Саудаўскай Аравіі поўнасцю вызваліцца ад амерыканскага ўплыву.

Чытайце яшчэ:

Удзельнікі сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі, у тым ліку Кітай, узгаднілі прынцыпы 

У чым феномен футбола ў Саудаўскай Аравіі, куды за Раналду ламануліся топавыя еўрапейцы

Саудаўская Аравія прымае першы поўнамаштабны хадж пасля пандэміі ФОТАФАКТ

Беларусь не ўзялі ў БРІКС. Што гэта за арганізацыя?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?