«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі»

«Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі»

Асобныя этапы дастаўкі кампанентаў тактычнай ядзернай зброі выкананыя. На станцыю Прудок (Віцебскае аддзяленне БЧ) у вайсковую часць 94017 (2631‑я авіяцыйная база ракетнага ўзбраення і боепрыпасаў) у адпаведнасці з першым этапам дастаўкі ўжо ў чэрвені былі дастаўлены некаторыя часткі, кампаненты і абсталяванне, якія адносяцца да гэтага тыпу ўзбраення, паведамляе «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Акрамя таго, у Беларусь працягваецца дастаўка камплектаў аператыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр-М». Баявая частка ракет гэтага комплексу можа быць выкарыстана ў тым ліку і для тактычных ядзерных зарадаў.

Для захавання максімальнай сакрэтнасці дастаўкі частак тактычнай ядзернай зброі ажыццяўляюцца невялікімі групамі па 3—6 вагонаў з выдзяленнем асобнага лакаматыва.

Прычым пры адпраўленні са станцыі Расійскай чыгункі цягнік, у складзе якога ёсць спецыяльныя вагоны, змяняе свой нумар і індэкс пры перасячэнні мяжы з Маскоўскай чыгункай і перад прыбыццём на першую грузавую станцыю на тэрыторыі Беларусі. Пры кожнай такой змене нумара і індэкса ажыццяўляецца змяненне і станцыі адпраўлення (прызначэння) цягніка.

З 26 жніўня «Супольнасцю чыгуначнікаў» зафіксаваны адпраўкі з РЧ на БЧ вагонаў групамі ад 3-х да 6-і адзінак, якія мелі нумарацыю цягнікоў, адпаведную воінскім эшалонам, і з прыкметамі ўтойвання сапраўднай станцыі адпраўлення (і прызначэння) трох саставаў.

Акрамя таго, пасля 5 верасня было заўважана яшчэ два воінскія эшалоны з прыкметамі ўтойвання сапраўднай станцыі адпраўлення (і прызначэння).

Прыём цягнікоў на тэрыторыю Беларусі ажыццяўляўся праз перадатачны ўчастак Краснае (РФ) — Асінаўка (РБ).

Агулам заўважана як мінімум пяць цягнікоў, якія падпадаюць пад катэгорыю воінскіх эшалонаў у адпаведнасці з такім родам грузу. Канчатковымі пунктамі прызначэння гэтых цягнікоў на тэрыторыі Беларусі з'яўляюцца станцыі Баранавічы-Палескія і Лунінец (Баранавіцкае аддзяленне БЧ).

Акрамя таго, яшчэ трэба будзе здзейсніць каля трох «адправак» на станцыю Прудок (Віцебскае аддзяленне БЧ) кампанентаў тактычнай ядзернай зброі і звязанага з ім абсталявання, запланаваных на кастрычнік — лістапад 2023 года са станцый РЧ.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
16