Vaping вэйпінг вейпинг

Курэнне электронных цыгарэт аказвае негатыўнае ўздзеянне на фертыльнасць мужчын. Фота: Getty Images

Пра негатыўны ўплыў курэння электронных цыгарэт (вэйпінгу) на мужчынскае здароўе вучоныя гавораць не першы раз. Так, у 2020 годзе даследаванне, праведзенае ў Даніі з удзелам больш за 2 тысяч чалавек, паказала, што ў тых, хто штодзённа курыць вэйп, агульная колькасць сперматазоідаў значна меншая, чым у тых, хто не курыць. Таксама было выяўлена, што ў заўзятых курыльшчыкаў парагенератараў, таксама, як і ў курыльшчыкаў традыцыйных цыгарэт, больш нізкая рухавасць сперматазоідаў.

Даследаванне вучоных з Універсітэцкага каледжу ў Лондане паказала, што таксічныя хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для надання вэйпам смаку садавіны ці мяты, аказваюць шкоднае ўздзеянне на выпрацоўку спермы ў арганізме і рухавасць сперматазоідаў.

У ходзе нядаўняга даследавання турэцкія вучоныя высветлілі, як на сэксуальнае здароўе пацукоў-самцоў уплывае дым ад традыцыйных сігарэт маркі Winston і пары вэйпу Joyetech eGo Aio.

Пацукі былі падзеленыя на тры групы. Эксперымент працягваўся чатыры тыдні. Удзельнікі першых дзвюх груп два разы на дзень на працягу гадзіны павінны былі нюхаць дым ад цыгарэт (першая група) ці дым ад вэйпаў (другая). Трэцяя група была кантрольнай.

Даследчыкі праверылі ўзровень у мачы пацукоў рэчыва пад назваю кацінін, якое з'яўляецца пабочным прадуктам метабалізму нікаціну ў арганізме. Таксама вымяралася маса яечкаў, суадносіны вагі яечкаў да вагі цела (ганадасаматычны індэкс), колькасць сперматазоідаў і рабіўся гісталагічны аналіз яечак. Вынікі параўноўвалі з паказчыкамі кантрольнай групы.

Як паказалі вымярэнні, найменшую колькасць сперматазоідаў мелі пацукі, якія вымушаныя былі ўдыхаць дым ад традыцыйных цыгарэт (89 мільёнаў сперматазоідаў на 1 мл). У пацукоў, якія зазналі ўздзеянне пароў электронных цыгарэт, гэты паказчык склаў 95,1 млн/мл у параўнанні з 98,5 млн/мл у кантрольнай групе.

Акрамя гэтага, у пацукоў з першай і другой групы навукоўцы адзначылі памяншэнне памеру яечак, дэфармацыю насенных канальчыкаў, падзел і адміранне палавых клетак. У цяжкіх выпадках назіралася спыненне аддзялення палавых клетак, утварэнне кавернаў (поласцяў), прыкметы некрозу, фіброзу і атрафіі. Аналізы таксама паказалі павышэнне ўзроўню кацініну і маркёраў акісляльнага стрэсу (дысбаланс паміж актыўнымі формамі кіслароду і антыаксідантамі).

Хоць вынікі не былі правераныя на людзях, аўтары звяртаюць увагу на той факт, што як традыцыйныя цыгарэты, так і вадкасць для электронных цыгарэт могуць узмацніць акісляльны стрэс і выклікаць марфалагічныя змены ў яечках. Акісляльны стрэс рознай ступені можа быць прычынай шэрагу захворванняў, такіх як рак, дыябет, метабалічныя парушэнні, атэрасклероз і сардэчна-сасудзістыя праблемы.

Чытайце яшчэ:

Беларусы па колькасці выкураных цыгарэт — на трэцім месцы ў Еўропе

Новая Зеландыя забароніць моладзі купляць цыгарэты — на ўсё жыццё

Навукоўцы знайшлі рэдкае захворванне, магчыма, выкліканае курэннем вэйпаў

Ствалавыя геніталіі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?