Фота: «Наша Ніва»

Фота: «Наша Ніва»

Улады Еўрасаюза зафіксавалі рэзкае зніжэнне колькасці заяў на візы і выдаткаў на іх з боку беларусаў цягам трох апошніх гадоў. Пра гэта 4 верасня паведаміў афіцыйны еўрапейскі партал SchengenVisaInfo.

Паводле партала, з 2020 па 2023 год сярэдняя колькасць заявак ад беларусаў на атрыманне еўрапейскіх віз складала крыху больш за 100 тысяч штогод. Гэта ў шэсць разоў менш, чым за перыяд 2009—2019 гады, калі колькасць заяў ад беларусаў штогод складала больш за 600 тысяч.

Такое ж падзенне назіраецца і з паказчыкамі выдаткаў на гэтыя ж заявы на візы.

«З 2009 па 2019 год грамадзяне Беларусі з улікам усіх выдаткаў у сярэднім трацілі на візы каля 50 мільёнаў еўра штогод. Гэта ў шэсць разоў больш, чым назіраецца ў апошнія тры гады, калі сярэдняя колькасць штогадовых выдаткаў з боку беларусаў на візы знізілася да 8,3 мільёна еўра.

Настолькі ж знізілася і колькасць заяўнікаў з Беларусі, бо сярэдняя сума грошай, выдаткаваная на візавыя заяўкі, цесна звязаная з колькасцю саміх заяў. Пры гэтым за ўвесь час назіранняў адмовы па візах для беларусаў былі мінімальнымі — каля 2,3 тысячы адмоў штогод», — піша партал SchengenVisaInfo.

Таксама партал дадае, што ў 2014 годзе была самая вялікая колькасць пададзеных беларусамі заяў на візы — 881,404 тысячы прашэнняў, на якія выдаткавана 70,5 мільёна еўра. У той час як 2021 год быў горшым па гэтых паказчыках за ўсю гісторыю назіранняў — 58,285 тысячы заяў і 4,6 мільёна еўра.

Асноўныя прычыны такога змяншэння выдаткаў і колькасці заяў, па інфармацыі партала, — гэта пандэмія каранавіруса і звязаныя з ёй абмежаванні, а таксама пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС, якое дзейнічала з 2020 па 2021 год і дазволіла грамадзянам Беларусі выдаткоўваць менш грошай на атрыманне віз, а некаторых беларусаў і ўвогуле пазбавіла неабходнасці плаціць.

Таксама SchengenVisaInfo адзначае, што Беларусь застаецца адной з краін з самымі вялікімі выдаткамі на еўрапейскія візы — 80 еўра без дадатковых расходаў. У 2022 годзе краіна заняла 18-е месца па колькасці пададзеных заяў на атрыманне віз Еўрасаюза.

Чытайце таксама:

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

Трапіць у Еўропу стане прасцей. Польшча аднаўляе прыём дакументаў на турыстычныя візы ва ўсіх візавых цэнтрах

«На памежным пераходзе дзеецца нейкі жах». Беларус расказаў пра цяперашнюю сітуацыю пры выездзе з краіны

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?