На сайце Лукашэнкі з'явіўся ўказ №278, які пазбавіць беларусаў магчымасці атрымліваць і абменьваць пашпарты Рэспублікі Беларусь па-за межамі краіны, а таксама абмяжуе іншыя правы беларусаў. 

«Сёння рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у консульскай дапамозе. Тым самым дзяржава самаўхілілася з яшчэ адной сферы жыцця, дзе павінна клапаціцца аб грамадзянах», — так пракаментавала новы ўказ Ціханоўская.

Яна паабяцала правесці кансультацыі з Еўракамісіяй, а таксама падняць гэтае пытанне перад Еўрапарламентам і падчас Генасамблеі ААН.

Ціханоўская заклікала беларусаў не панікаваць і не рабіць неабдуманых учынкаў — вяртацца на радзіму, калі там пагражае пераслед.

«Бо ні адзін дакумент у свеце не варты чалавечай свабоды. Галоўнае — паклапаціцеся пра сябе і сваю бяспеку. Бо людзі — гэта галоўная каштоўнасць Беларусі», — адзначыла Ціханоўская. 

Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі выказаў пазіцыю Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі ў сувязі з падпісаннем указа. 

«Гэта яшчэ адзін рэпрэсіўны механізм з боку рэжыму Лукашэнкі, які робіць праект нацыянальнага пашпарта новай Беларусі яшчэ больш актуальным для ўсіх беларусаў.

Відавочна, што злачынны рэжым адмаўляецца выконваць свае базавыя абавязкі перад грамадзянамі Беларусі, пераўтвараючы звычайныя дзяржаўныя функцыі ў элемент ціску і рэпрэсій. Гэта чарговы крок у пошуку «ворагаў», парушэнне фундаментальных правоў грамадзян і людзей, што яшчэ раз дэманструе ўсім антынародную сутнасць рэжыму ўзурпатара.

Крокі антынароднага, незаконнага рэжыму Лукашэнкі пацвярджаюць, што стварэнне нацыянальнага пашпарта — абгрунтаванае і актуальнае дзеянне, крыніца якога не палітычны «хайп», а ўжо сёння жыццёвая неабходнасць дзясяткаў тысяч грамадзян Беларусі, і ў перспектыве — пры такой палітыцы рэжыму — значна большай колькасці грамадзян», — напісаў ён.

Чытайце таксама:

Ціханоўская абмеркавала з прэм'ер-міністрам Балгарыі праект «пашпарта новай Беларусі»

«Патэлефанавалі з Беларусі і сказалі ануляваць». Беларусы расказалі, як мянялі і працягвалі дзеянне беларускага пашпарта ў Польшчы

У Польшчы можа жыць больш за 300 тысяч беларусаў. Гэта практычна насельніцтва Магілёва

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?