Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў анлайн»

Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў анлайн»

Судовая цяжба з праваабаронцам Судаленкам

Дзяніс Дашкевіч заснаваў і больш за дзесяць гадоў рэдагаваў рэгіянальны рэсурс «Рагачоў анлайн», які пазіцыянаваўся як незалежнае грамадска-палітычнае выданне.

У 2019 годзе «Рагачоў анлайн» перадрукаваў матэрыял з рагачоўскай раёнкі, які стаў нагодаю для звароту ў суд з пазовам аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Тады ён працаваў юрыстам прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці — лукашэнкаўцы ліквідуюць прафсаюз у 2022 годзе.

У публікацыі гаварылася пра нібыта крадзеж Судаленкам членскіх узносаў.

Дашкевіч прызнаўся ў судзе, што не спраўджваў таго, што напісала дзяржаўнае выданне. Скапіяваў публікацыю, бо яна яму спадабалася, казаў рэдактар «Рагачоў анлайн».

Леанід Судаленка і Дзяніс Дашкевіч у рагачоўскім судзе. Фота: baj.by

Леанід Судаленка і Дзяніс Дашкевіч у рагачоўскім судзе. Фота: baj.by

Перадрукаваны незалежным выданнем артыкул быў перш апублікаваны на рэсурсе «Гомель против» — праваабаронцы лічылі яго блізкім да КДБ.

Гэты чэкісцкі паблік сачыў за судом і размяшчаў відэа з судовых пасяджэнняў са зняважлівымі каментарамі аб прафсаюзных актывістах і палітычнай апазіцыі.

«Шчыра кажучы, я шкадую, што зрабіў тады той няшчасны рэпост. Сёння я б так не зрабіў», — сказаў Дзяніс Дашкевіч «Нашай Ніве».

Адлічаны з універсітэта, кідаў палітыку, крытыкаваў апазіцыю, дапытваўся ў КДБ 

Дзяніс Дашкевіч у розныя гады быў актывістам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і кампаніі «Гавары праўду», якая займала, хутчэй, ліберальную платформу. Дашкевіч двойчы балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў.

Вучыўся Дашкевіч ва Універсітэце культуры на факультэце культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці. Ён кажа, што ў 2020 годзе быў адлічаны за падтрымку пратэснай актыўнасці студэнтаў.

Пра Дашкевіча пісалі, што з-за грамадскай і палітычнай дзейнасці ў 2012 годзе яго звольнілі з раённага спажывецкага таварыства: ён працаваў у каапсаюзаўскай кавярні «Брыз» музыкантам.

Пра дзейнасць Дашкевіча актыўна пісала яго выданне.

У 2012 годзе яно паведаміла, што Дашкевіч адыходзіць з палітыкі. Адзначалася, што такі крок вымушаны і выкліканы беспрэцэдэнтным для горада канфліктам каманды Дашкевіча з мясцовай уладай, ад якога цярпяць невінаватыя людзі.

Тады ж яго дапытвалі ў Камітэце дзяржбяспекі. Актывіст казаў, што чэкістаў цікавіла не яго палітычная і грамадская дзейнасць.

«Я працую тамадой на розных святах, і мне выставілі прэтэнзіі, што я нібыта браў грошы за паслугі ў замежнай валюце, а гэта забаронена законам. Я адмовіўся ад такіх паказанняў», — расказваў ён.

Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў анлайн»

Дзяніс Дашкевіч. Фота: «Рагачоў анлайн»

У 2013 годзе Дашкевіч, будучы актывістам «Гавары праўду», абрынуўся з крытыкай на апазіцыю.

Ён заявіў, што шараговыя актывісты апазіцыйных сіл «стаміліся ад бясконцых канфліктаў і вэрхалу ўнутры дэмакратычных сіл». Паводле яго, дзейнасць большасці апазіцыйных структур, у тым ліку кампаніі «Гавары праўду», заснаваная на папулізме, які не мае нічога супольнага з развіццём грамадзянскай супольнасці.

Дзяніс Дашкевіч не ўтойвае, што ў яго заўжды былі няпростыя ўзаемаадносіны з апазіцыяй. Ён крытыкаваў яе за няздольнасць да аб'яднання і закрытасць ад грамадства.

«Але цяпер не час для разборак, высвятлення адносін. Я з крыўдай і болем, і нават злосцю гляджу на тое, што разборкі і канфлікты працягваюцца, і гэта засмучае», — адзначае ён.

Працоўны кабінет з бел-чырвона-белым сцяжком

У сакавіку 2017 года Дзяніса Дашкевіча нечакана прызначылі дырэктарам Цэнтра культуры ў вёсцы Побалава Рагачоўскага раёна. Сцвярджалася, што на гэтую пасаду яго ўзялі па ўказанні тагачаснага памочніка Аляксандра Лукашэнкі Максіма Рыжанкова.

Да гэтага, як расказваў Дашкевіч «Народнай Волі» (публікацыя на сайце выдання адсутнічае, але яна захавалася на «Рагачоў анлайн». — «НН»), яго дзесяць гадоў адмаўляліся афіцыйна працаўладкоўваць.

На новым працоўным месцы Дашкевіча стаяў бел-чырвона-белы сцяжок, кубачак з «Пагоняю», а на сцяне вісеў партрэт Васіля Быкава, адзначала «Народная Воля».

«Пасля працаўладкавання Дзянісу давялося адкласці сцяг з васільком. З аднапартыйцамі цяпер не мае кантактаў», — адзначалася ў рэпартажы Беларускага тэлебачання, якое падкрэслівала і вітала разрыў культарганізатара з апазіцыяй.

Беларуская хрысціянская дэмакратыя — партыя, якую спрабаваў стварыць Павел Севярынец, выклікала асаблівае непрыманне ўладаў, што баяліся гуртавання ідэйна матываваных грамадзян, да таго ж здольных патэнцыйна здабыць падтрымку з боку хрысціянскіх канфесій.

Дзяніс Дашкевіч у рэпартажы бэтэшнікаў. Ні бел-чырвона-белага сцяга, ні партрэта Васіля Быкава ў кабінеце Дашкевіча не відаць. Скрын відэа з tvr.by

Дзяніс Дашкевіч у рэпартажы бэтэшнікаў. Ні бел-чырвона-белага сцяга, ні партрэта Васіля Быкава ў кабінеце Дашкевіча не відаць. Скрын відэа з tvr.by

У 2020 годзе выданне Дашкевіча напісала, што ён судзіцца з раёнкай, якую вінаваціць у плагіяце і крадзяжы. За восем гадоў да таго ён намагаўся прыцягнуць рэдактара дзяржаўнага выдання да адказнасці за паклёп.

У 2020 годзе Дзяніс Дашкевіч падтрымаў вылучэнне ў прэзідэнты экс-кіраўніка Парка высокіх тэхналогій Валера Цапкалы.

Актывіст збіраў у яго падтрымку подпісы. Заяўляў, што не баіцца быць звольненым.

«Тое, што адбываецца сёння ў сферы культуры, — дэградацыя і поўны развал. Асабліва прыкметна гэта стала ў апошні год. Працаваць там творчым людзям становіцца проста немагчыма. Ідуць скарачэнні, якія намагаюцца схаваць, але ж я бачу сітуацыю знутры», — казаў актывіст.

Пасля падзей 9—12 жніўня 2020 года Дашкевіч заявіў, што адмаўляецца праводзіць любыя мерапрыемствы ў Цэнтры культуры, пакуль не будуць расследаваныя факты гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў.

За выступленне на мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай яго адхілілі ад кіраўніцтва ўстановай, а затым звольнілі.

Пасля звальнення ім зацікавіўся аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі. Туды паскардзілася начальніца аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталля Прус. Яна абвінаваціла Дашкевіча ў тым, што ён мае адносіны да крадзяжу матэрыяльных каштоўнасцяў з Цэнтра культуры.

Сам Дашкевіч прэтэнзіі супраць сябе называў абсурднымі і «выключна палітычна матываванымі». Заяўляў, што пераследуюць яго «за альтэрнатыўныя палітычныя погляды, а таксама за актыўную грамадзянскую дзейнасць».

Ці пісаў Дзяніс Дашкевіч у расійскія выданні? Сам ён тое абвяргае

У 2018 годзе расійскае інфармацыйнае агенцтва «Независимая пресса» пачала публікаваць матэрыялы, падпісаныя «Дзянісам Дашкевічам». Іх забіраў сабе на сайт інфармацыйны рэсурс «Рамблер».

Гэта былі ў асноўным артыкулы пра падзеі ў Беларусі, Украіне ды краінах Захаду, у якіх праводзіліся расійскія наратывы. Аўтар разбаўляў іх крыміналам ці бытавымі тэмамі.

«Эксперты прадракаюць Украіне трэці Майдан у 2019 годзе», — заяўлялася ў адной з публікацый. Тады ва Украіне праходзіла перадвыбарчая кампанія. Распад Украіны як дзяржавы непазбежны, праграмаваў чытача артыкул.

Публікацыі невядомага «Дзяніса Дашкевіча» на сайце расійскага выдання. Фота: news.rambler.ru

Публікацыі невядомага «Дзяніса Дашкевіча» на сайце расійскага выдання. Фота: news.rambler.ru

«Мае артыкулы публікаваліся толькі на сайце «Рагачоў анлайн» і да пэўнага часу быў блог на «Беларускім партызане», — аспрэчвае супрацоўніцтва з расійскай прэсай Дзяніс Дашкевіч.

Ён сцвярджае, што ў 2018 годзе практычна не займаўся журналістыкай, бо працаваў у Цэнтры культуры.

Тады ж агенцтва «Независимая пресса» ў некаторых сваіх артыкулах аб адносінах Украіны і Расіі ставіла каментары «беларускага палітычнага аглядальніка Дзяніса Дашкевіча».

Фрагмент публікацыі расійскага выдання з каментаром «беларускага палітычнага аглядальніка Дзяніса Дашкевіча». Фота: скан з dzen.ru

Фрагмент публікацыі расійскага выдання з каментаром «беларускага палітычнага аглядальніка Дзяніса Дашкевіча». Фота: скан з dzen.ru

«У найбліжэйшы час варта чакаць з боку Украіны высылкі расійскіх дыпламатаў. Адбудзецца гэта роўна тады, калі ў ЗША дадуць адмашку», — казаў «палітычны аглядальнік Дашкевіч» у адным з каментароў.

У іншым ён настойваў, што «сёння Украіна пад поўным кантролем ЗША і амерыканцы выкарыстоўваюць яе для розных мэт».

Сам Дашкевіч сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да згаданага выдання. Ён дапускае, што ў ім маглі быць ці няправільна інтэрпрэтаваныя фразы, ці вырваныя з кантэксту, ці наогул прыдуманыя. Па яго словах, свае аўтарскія матэрыялы на сайце свайго выдання ён падпісвае толькі прыдуманым імем.

«Ды і ніколі я не называў сябе палітычным аглядальнікам», — падкрэслівае Дашкевіч.

Адмовіўся ад звання «прэзідэнцкага стыпендыята»

Восенню 2022 года Дзяніс Дашкевіч пакінуў Беларусь. Цяпер ён жыве ў Польшчы. 

У медыйнай прасторы Дашкевіч з'яўляўся перыядычна. Некалькі дзён таму ад журналіста стала вядома, што на радзіме супраць яго распачалі адміністрацыйную справу.

У пакручастым лёсе Дашкевіча зноў аб’явілася ідэолаг Наталля Прус. Ідэолагамі ў беларускай рэчаіснасці называюць чыноўнікаў, якія адказваюць за палітычны кантроль над грамадзянамі і забеспячэнне патрэбнага выніку выбарчых кампаній.

Рагачоўская чыноўніца Наталля Прус. Фота: slova.by

Рагачоўская чыноўніца Наталля Прус. Фота: slova.by

Дашкевіч сцвярджае, што чыноўніца напісала на яго чарговы данос. З яе падказкі ён трапіў пад адміністрацыйны пераслед за распаўсюд «экстрэмісцкай» прадукцыі. Ёй прызналі размешчанае на сайце «Рагачоў анлайн» фота прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з бел-чырвона-белым сцягам, які, аднак, не меў ніякага дачынення да Беларусі.

Тым не менш Дашкевіча завочна аштрафавалі на 740 рублёў з канфіскацыяй «прадмета правапарушэння».

Днямі Дашкевіч з рагачоўскай раёнкі даведаўся, што супраць яго распачата і крымінальная справа ўжо за абразу Лукашэнкі.

3 верасня Дашкевіч напісаў у фэйсбуку, што адмаўляецца ад беларускага грамадзянства і МЗС Беларусі ўжо атрымала яго запыт. 

«Гаворка ідзе пра адмову ад грамадзянства, маецца на ўвазе дзяржава, але не адмова ад таго факта, што я беларус», — сказаў «Нашай Ніве» Дзяніс Дашкевіч.

У яго звароце гаворыцца, што ён адмаўляецца і «ад усіх дзяржаўных узнагарод і званняў». Што маецца на ўвазе? Дашкевіч кажа, што меў «званне прэзідэнцкага стыпендыята». А адмовіўся ад яго на знак салідарнасці з Патрыцыяй Свіцінай, якую асудзілі пасля таго, як яна адмовілася ад аналагічнага гонару.

Выданне «Рагачоў анлайн» яшчэ працягвае працаваць, нягледзячы на заяву заснавальніка, што яно будзе закрыта. Скрыншот

Выданне «Рагачоў анлайн» яшчэ працягвае працаваць, нягледзячы на заяву заснавальніка, што яно будзе закрыта. Скрыншот

У заяве аб адмове ад грамадзянства Дашкевіч піша: «Вымушаны абвясціць пра закрыццё ўсіх сваіх праектаў, якія звязаныя з Рэспублікай Беларусь, у тым ліку заснаванага ў 2011 годзе мной выдання «Рагачоў анлайн».

На гэты момант, аднак, выданне працуе, яго змест абнаўляецца. Адрас сайта выдання прапісаны ў зоне «ru».

Глядзіце таксама:

«Мыеш падлогі палякам, а магла б стаць пракурорам». Пляменніца былога кіраўніка СК кінула Пагранічны камітэт і ўладкавалася ў Mcdonald's

Паэтка Наста Кудасава: Лепш настроіцца на доўгае чаканне, тады ў нас хопіць сіл дажыць да перамогі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?