Так выглядала сажалка ў Трабах 2 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Так выглядала сажалка ў Трабах 2 верасня 2023 года. Фота: «Люстэрка»

Паводле чытача «Люстэрка», сажалку на рацэ Кляве ў Трабах стварылі больш за 30 гадоў таму. Праўда, 10 гадоў таму дамбу прарвала ўпершыню, і мясцовыя жыхары сваімі сіламі спрабавалі ўсё аднавіць.

«А летась умяшалася міністэрства, — працягвае суразмоўца. — Толкам яны нічога не зрабілі: пачысцілі берагі, паставілі дзве альтанкі і зрабілі пляж. Адкрывалі ўсё з удзелам міністра.

Але на справе атрымалася так, што вада ішла ў возера вадаспадам і пад вялікім ціскам. Мясцовыя папярэджвалі, што канструкцыя не вытрымае, бо дамба незабетанаваная, але ніхто не слухаў. І на працягу года напор вады вымыў за ёй яму».

Як удакладняе мужчына, гэтую яму рыбакі заўважылі яшчэ зімой і разам з суседзямі спрабавалі засыпаць самастойна. А потым за тым, што адбываецца, асабліва не сачылі, ды і да мясцовых уладаў не звярталіся: «Яны ж зрабілі рэканструкцыю, значыць, ім лепш відаць як правільна».

Але ў мінулую пятніцу жыхары аграгарадка заўважылі сур'ёзную праблему.

«У нас была здагадка, што зямлю з-пад дамбы вымывае зноў. Але ніхто не правяраў, бо гэта небяспечна, — распавядае відавочца. —

І вось у пятніцу ўсё адбылося імгненна: пачаўся вір, і вада сышла з возера. У выніку яе ўзровень упаў амаль да нуля, рыба загінула. Худык прымчаўся з Мінска праз дзве гадзіны пасля здарэння, толькі нічога потым не адбылося. Проста прыехаў, паглядзеў — і ўсё, у выхадныя ніякіх рухаў не было. І сёння, [4 верасня,] нічога там не адбываецца.

Атрымліваецца, уся рэканструкцыя праваленая, а возера прастаяла толькі год. Думаю, зноў будуць рабіць, але гэта ж яшчэ грошы».

Па каментар з нагоды здарэння ў Трабскі сельскі Савет звярнуліся журналісты блога «Людзі». Старшыня сельсавета Валянціна Марусава ў адказ на пытанне аб сітуацыі з дамбай і возерам заявіла, што пытанне ўжо вырашаецца.

— Усё ў нас добра. Работы ідуць, усё аднаўляецца. У нас быў вельмі моцны ўраган, і гэта проста яго наступствы. Да гэтага часу ёсць паваленыя дрэвы, таму ўсё гэта ліквідуецца. Як і па ўсёй рэспубліцы. Лясніцтва працуе, ратавальнікі — усе працуюць.

— Гэта значыць, усё адновяць, падставы для перажыванняў у людзей няма?

— Я не разумею, хто перажывае, пра што вы? Ніякай панікі ў нас няма. Гэта наступствы ўрагану, які прайшоў. Як і ўсюды, у нас усё прыбіраецца.

Чытайце таксама:

Рыбакі трапілі пад тарнада на возеры ў Гарадоцкім раёне

Непагадзь пакінула без электрычнасці больш за 1100 населеных пунктаў

«Прадаць цяля і ўратаваць каханне». З якімі праблемамі да чыноўнікаў звярталіся беларусы гэтым летам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?