Фота: Kenno Põltsam

Фота: Kenno Põltsam

Сёння ноччу ля помніка Канстанціну Пятсу каля тэатра «Эстонія» ў цэнтры Таліна можна было ўбачыць чырвоны сцяг з надпісам «1934», піша Postimees.

Чырвоны сцяг быў заўважаны ля помніка Пятсу і 18 жніўня. Але тады вывесілі сцяг савецкай Эстоніі.

Канстанцін Пятс, сын праваслаўнага эстонца, быў першым прэм'ерам Эстоніі ў 1918 годзе, менавіта ён зачытаў Дэкларацыю аб незалежнасці 24 лютага 1918 года. Потым ён некалькі разоў быў дзяржаўным старэйшынам — пасада кіраўніка краіны.

12 сакавіка 1934 года, Канстанцін Пятс, будучы прэм'ер-міністрам Эстоніі і абапіраючыся на ваенныя сілы, ажыццявіў разам з міністрам абароны Ёханам Лайданерам дзяржаўны пераварот. Ён быў абвешчаны прэзідэнтам-рэгентам Эстоніі. Усе палітычныя партыі былі забароненыя, уведзена цэнзура прэсы.

Тым самым Пятс не дапусціў перамогі на выбарах вапсаў (ветэранаў Вызваленчай вайны) — ультраправага руху, які арыентаваўся на таталітарныя рэжымы Італіі і Нямеччыны. 

У 1940 годзе пасля акупацыі Эстоніі Саветамі Пятса арыштавалі і выслалі ў глыб СССР, дзе змясцілі ў псіхіятрычную лячэбніцу. 

Са снежня 1952 года Канстанцін Пятс знаходзіўся ў псіхіятрычным шпіталі ў пасёлку Бурашава пад Калінінам. Яго змясцілі ў асобную палату № 2 і не падвяргалі медыцынскім працэдурам.

Па-руску пацыент палаты № 2 гаварыў з мяккім акцэнтам. На пытанне, хто ён такі, Пятс адказваў: «Я — прэзідэнт Эстоніі».

Канстанцін Пятс памёр у гэтым шпіталі ў 1956 годзе.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?