Лукашэнка нечакана заявіў, што «мы гатовы да аднаўлення добрых адносін са сваімі суседзямі», нягледзячы на тое, што на «ўсе нашы пасылы ідуць толькі абвінавачванні і пагрозы» з боку суседзяў.

«Як я казаў, іх не выбіраюць. Яны ад Госпада Бога», — сказаў ён і дадаў, што гатовы да аднаўлення добрых адносін.

«З гэтай нагоды мы запрасілі прадстаўнікоў Польшчы ў якасці назіральнікаў на вучэнні АДКБ «Баявое братэрства — 2023», якія пачнуцца ўжо заўтра ў Брэсцкім рэгіёне», — сказаў ён.

У той жа час Лукашэнка назваў неабгрунтаванымі і дурнымі патрабаванні аб вывадзе ПВК «Вагнер» з Беларусі. 

Па яго словах, «кіраўніцтва Польшчы і краін Балтыі нагнятае істэрыю» з нагоды прысутнасці на тэрыторыі нашай краіны супрацоўнікаў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнер».

«Яны дастукаліся да таго, што ўжо патрабуюць неадкладнага вываду іх з Беларусі. Пры гэтым самі павялічваюць вайсковыя бюджэты, сцягваюць да нашых межаў буйныя воінскія фарміраванні. Адказ просты: ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў іншых краінах Балтыі не павінна быць ніводнага замежнага вайскоўца. Тады можна і нам агучваць прэтэнзіі з нагоды прысутнасці тут вайскоўцаў з іншых краін. А пакуль гэта неабгрунтаваныя і дурныя патрабаванні (нават не просьбы і прапановы, а патрабаванні)», — сказаў ён. 

28 жніўня міністры краін Балтыі і Польшчы дамовіліся пра два асноўныя крытэрыі, пры якіх будзе цалкам закрытая мяжа з Беларуссю. 

Па-першае, узброены інцыдэнт або інцыдэнты ля мяжы адной з краін. Другі крытэрый — арганізаваны масавы прарыў нелегалаў. Калі будзе зафіксаваны адзін з такіх інцыдэнтаў, то пачнецца аператыўны абмен інфармацыяй паміж службамі, і тады будзе прынятая пастанова на ўзроўні ўрадаў, тлумачыла кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце.

Таксама кіраўнікі МУС запатрабавалі ад рэжыму Лукашэнкі «неадкладна вывесці ПВК «Вагнер» з тэрыторыі Беларусі і прыбраць нелегальных мігрантаў з памежнай зоны».

Клас
3
Панылы сорам
16
Ха-ха
39
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
7