«У дзяцінстве ў мяне было ўсяго 4-5 выпускаў, якія любіў перачытваць»

Збіраць коміксы я пачаў у 2014 годзе. Памятаю, як у навінах пачалі пісаць, што з'явіўся першы беларускі комікс — DreadCore Anamnesis. У той момант я падумаў: які ж ён першы, калі я сам яшчэ ў дзевяностыя чытаў іх? У дзяцінстве любіў перачытваць коміксы, хоць у мяне было ўсяго 4-5 выпускаў.

Менавіта гэтая неадпаведнасць у прасоўванні свайго прадукту Полацкай студыяй і стала матывам адшукаць старыя асобнікі. Для сябе я вырашыў, што беларускі комікс — гэта той, які выдадзены ў Беларусі ці падрыхтаваны савецкім/расійскім выдавецтвам, але надрукаваны ў беларускай друкарні.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

З таго моманту пачалася мая гісторыя калекцыянавання. Некалькі коміксаў валяліся ў бацькоўскай хаце яшчэ з дзяцінства, а першым набытым за грошы асобнікам стаў «Дзурай!».

Знайшоў яго ў 2015 годзе ў букіністычнай краме ў цэнтры горада. Потым даведаўся, што гэта даволі рэдкі асобнік, таму адсканаваў і падзяліўся ім на торэнт-трэкеры з людзьмі, якія таксама вышуквалі беларускія коміксы. Дарэчы, па яго сюжэце нават абяцалі зняць мультфільм, але так і не зрабілі гэтага.

Некаторыя выданні ў выглядзе сканаў запампоўваў на торэнтах, а затым ужо купляў у папяровым варыянце. Прыкладна ў гэты ж час сябар падарыў некалькі коміксаў, якія ў яго валяліся ў шафе.

Усе коміксы, што ў мяне ёсць, набытыя ў Мінску. У асноўным на інтэрнэт-барахолках. На расійскія сайты я зрэдку заходжу, але ніколі нічога не замаўляю. Толькі правяраю, напрыклад, месца выдання комікса, які выглядае старым.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Каб зразумець, беларускі комікс ці не, трэба спачатку знайсці стары цікавы асобнік. І потым ужо глядзець аўкцыённыя фота, вывучаць выходныя дадзеныя. Калі гэтага недастаткова, тады ў інтэрнэце прабіваю комікс па назве і гляджу, дзе ён быў выдадзены.

Напрыклад, я прагледзеў увесь электронны каталог Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па запыце «комікс». Атрымалася адсканаваць адзін самастойны выпуск і адну кнігу. На жаль, пераканаўся, што ў бібліятэцы ёсць далёка не ўсё, што выдавалася ў Беларусі.

«Хобі не павінна рабіцца працай»

Я не імкнуся скупіць і адшукаць усё, што яшчэ не бачыў, таму не праседжваю гадзінамі на замежных аўкцыёнах і ў каталогах. Хобі не павінна рабіцца працай. У першыя гады калекцыя папаўнялася часцей, таму што была невялікай. Цяпер гэта ўжо прыемнай таўшчыні тэчка-хуткасшывальнік.

Новыя коміксы даставаць робіцца ўсё складаней. Апошні раз знаходзіў у мінулым годзе, таму працэнт ад даходу траціцца на гэтае хобі мізэрны.

Сёлета на аўкцыёне ўбачыў асобнік, пра які не чуў, — працяг комікса «Крэй». Але я не паспеў яго выкупіць, бо прадавец зняў лот з таргоў.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Цяпер сярэдні кошт аднаго выпуску на барахолках і аўкцыёнах — каля 25-30 рублёў, а мінімум за беларускі комікс 90-х — 5-10 рублёў.

Некаторыя прадаўцы выстаўляюць і за 100-130 рублёў. Аднак гэтыя лоты вісяць ужо некалькі гадоў, ніхто іх не бярэ па такіх цэнах.

«Не купляю коміксы па неапраўданай цане»

Максімальная сума, якую я аддаваў за комікс, — 25-30 рублёў. Адзін мужчына выклаў на барахолцы некалькі рэдкіх асобнікаў. Патэлефанаваў, каб пацікавіцца цаной, а ён адказаў, што я магу прапанаваць сваю.

У гэтай сітуацыі я шчыра сказаў, што такія выпускі іншы чалавек прадае па 90-100 рублёў. На што прадавец адказаў, што гэта неадэкватная цана і за столькі ніхто не купіць. У выніку мы дамовіліся адносна цаны ў 25 рублёў за кожны комікс.

Я не спрабую скупіць коміксы па любой цане, абы папоўніць калекцыю. Калі бачу прыдатны варыянт, стараюся звязвацца з прадаўцом і дамаўляцца. Але важна не зацыклівацца на гэтым, не рваць на сабе валасы, калі выпусціў нейкі комікс. Гэта ўсяго толькі кнігі, хай і цікавыя, а ў свеце ёсць шмат не менш важных рэчаў.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Цяпер у мяне ў калекцыі 30 самастойных выпускаў, яшчэ некалькі коміксаў у часопісах, а таксама парачка ў электронным выглядзе, якія адздымаў і сканаваў. Думаю, што я выдаткаваў на коміксы ад 200 да 300 рублёў за 7-8 гадоў (з улікам дэвальвацыі).

Калі цяпер іх выстаўляць паасобку на аўкцыён па разумных цэнах, то атрымаў бы каля тысячы рублёў. Але рабіць я гэтага не збіраюся.

«Самы папулярны сюжэт у нашых коміксах — фантастыка на тэму асваення новых светаў і планет»

Практычна ў кожнага беларускага комікса можна знайсці нейкую асаблівасць. Напрыклад, «Маленькія злачынцы» — гэта сапраўдны навучальны дапаможнік для школьнікаў па радыяцыйнай бяспецы. Яго аўтар — Аляксандр Люцко, дарэчы, стаў рэктарам Міжнароднага інстытута па радыёэкалогіі імя Сахарава.

У коміксе «Чорны лабірынт» няма нумарацыі і кадраў. З-за сюжэту, які скача, часам пачынае здавацца, што старонкі пераблытаныя ці нейкіх не хапае.

Калі цяпер у коміксаў, як мне здаецца, ўстойлівыя друкарскія фарматы, то тады быў яшчэ пошук формы: маленькія кніжачкі 13х20 сантыметраў, кніжкі-гармонікі, часопісы памерам да А4 (ці нават больш).

Было некалькі спробаў наладзіць выданне выключна коміксавых газет і часопісаў. У Расіі такі фармат прыжыўся, а ў нас не.

Самы папулярны сюжэт у нашых коміксаў мінулых гадоў — гэта фантастыка на тэму асваення новых светаў і планет. Або ўварванне пачвараў і іншапланецян. Частка коміксаў намаляваная па матывах кніг і фільмаў. А некаторыя выдаўцы проста адаптавалі замежныя коміксы.

Знаўцы ўжо даўно распазналі, што ў «Навальнічных аблокаў» сюжэт вырастае з «Зорных войнаў», а «Заклён» — адаптаваны комікс Уолі Вуда The Curse са зборніка 1971 года.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Цяпер коміксы — гэта кніжкі для дарослых, графічныя раманы і гісторыі ў малюнках. А ў 90-х гадах іх друкавалі для самых маленькіх дзяцей або падлеткаў, напрыклад, выданні беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага.

Або «Дамавічок Бум» — вялікая (112 старонак фармату А4) і смешная гісторыя, якая поўная прыгод. Зробленая яна ў духу вядомага польскага комікса «Выкраданне прынцэсы», які выдаваўся ў СССР.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Бестсэлеры коміксаў у 90-х гадах

Пра тое, што той ці іншы беларускі комікс пакінуў след у жыцці дзяцей 90-х, я даведаўся ўжо цяпер, калі стаў цікавіцца выданнямі тых гадоў. У мяне ў самога ў дзяцінстве былі некалькі выпускаў, але пра існаванне многіх я і не здагадваўся.

«Дзе жылі бурсонікі» ад аўтараў Цвяткова, Каршакевіч і Гардзеева былі практычна ва ўсіх маіх аднакласнікаў. Гэтым жа таленавітым людзям належыць даволі папулярны зборнік «Планета Гэя», у які ўвайшлі некалькі гісторый. Некаторыя з іх публікаваліся ў часопісе «Бярозка», але ўжо на беларускай мове.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Але, вядома, нумар адзін у топе беларускіх коміксаў 90-х — гэта «Мікі Маўс» з самалётам на вокладцы. Наогул ён быў падрыхтаваны маскоўскім выдавецтвам «Фізкультура і спорт» сумесна з дацкай фірмай Egmont, але друкавалі ўсе 500 тысяч асобнікаў у 1991 годзе ў Мінску, таму ў нас у краіне ён быў у многіх. Цэлыя 32 старонкі нябачаных раней гісторый.

Можа, менавіта поспех гэтага выдання прывёў да таго, што ў 1992-1993 гадах выпусцілі тры кнігі-коміксы «Мікі Маўс» на беларускай мове.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

У «Чорным лабірынце» сабрана некалькі гісторый. Гэта комікс на аснове амерыканскага трэш-фільма жахаў C. H. U. D. І вось чытаеш комікс зараз, калі ўжо дарослы, а ён сапраўды страшны! Адзначу і комікс «Пасланцы» — жахлівая гісторыя, хай і не зусім лагічная.

«Навальнічныя аблокі» па матывах «Зорных войнаў» намаляваныя ў чорна-белых колерах. Выглядае даволі змрочна і, я б сказаў, сумнавата. Але аказваецца, комікс быў вельмі папулярным у той час.

«Тыповы тыраж коміксаў 90-х — 100-200 тысяч асобнікаў»

У Расіі на коміксах спецыялізаваліся некаторыя маскоўскія выдавецтвы, якія гадамі выпускалі серыі «Боба», «Тумак», «Галіяф» і іншыя. А ў нас у 1990-1991 выйшла 6 раскладных кніжачак пра Тарзана, а ўсе астатнія беларускія коміксы прадстаўленыя яшчэ меншай серыяй.

Я думаю, калі б быў рэгулярны цыкл з аднымі персанажамі — у выдаўцоў быў бы пастаянны прыток грошай.

Тыповы наклад тых часоў — 100-200 тысяч асобнікаў. З усіх беларускіх коміксаў, што мне вядомыя, найбольшы наклад быў у серыі пра Тарзана: 500 тысяч.

Вядома, можна доўга спрачацца, наколькі рэальнымі былі гэтыя лічбы і якая іх частка ехала ў крамы, а якая ў макулатуру. Аднак такія велізарныя наклады былі тыповыя для кніг таго часу, асабліва прыгод і дэтэктываў.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

На жаль, велізарныя наклады слаба адбіваюцца на магчымасці цяпер адшукаць гэтыя коміксы ў Беларусі. Выпускі раз'язджаліся па ўсім былым СССР.

Самы рэдкі з вядомых мне беларускіх коміксаў — два выпускі «Вострава вар'ятаў». Яны выйшлі накладам па 10 тысяч, і вось два гады таму іх выставілі на аўкцыён за зусім невялікую суму. Дарэчы, толькі тады я пра іх даведаўся і хутка выкупіў.

Калі коміксаў было мала, яны проста ляжалі стосам у шафе. Цяпер я іх трымаю ў канцылярскай тэчцы-хуткасшывальніку, кожны ў асобным файліку.

Усе коміксы ў мяне ёсць у электронным выглядзе. Я вяду электронны каталог: назва, фота вокладкі, выдавецтва, наклад, памеры, колькасць старонак. Стараюся высветліць, што стала асновай для сюжэту (іншы комікс, кніга або фільм). Праўда, гэта не заўсёды ўдаецца.

«Калі хобі прыносіць хаця б аднаму чалавеку карысць — справа сябе апраўдвае»

Жонка, як і я, любіць папяровыя кнігі, таму праглядае са мной кожны новы асобнік. Мама, у якой у бібліятэцы больш за тысячу выданняў, лічыць, што я займаюся глупствам.

Праўда, пару гадоў таму я падарыў дачцэ брата адзін комікс з дзевяностых. Было відаць, як радаваліся адразу некалькі чалавек: пляменніца і яе тата. Бо ў нас з братам у дзяцінстве быў якраз такі ж комікс, які цяпер прынёс прыемнае пачуццё настальгіі.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Наколькі мне вядома, супольнасцяў па маіх інтарэсах у Беларусі няма. Толькі такія ж калекцыянеры-адзіночкі, як і я.

Калісьці я гутарыў з адным хлопцам, які ў дзяцінстве вельмі захапляўся коміксамі. І ён расказаў, што на аснове беларускіх коміксаў з часопіса «Бярозка» ён са стрыечным братам (абодвум было гадоў па 8) вырашыў сабраць сапраўдны касмічны бластар, выкарыстоўваючы рубін ад пярсцёнка з мамінай скрыначкі і павелічальнае шкло ад праектара дыяфільмаў. Варта толькі прапусціць пучок святла праз шкло і рубін — і ён усё што хочаш расплавіць! Але пакуль хлопцы шукалі шкло, лямпачкі і батарэйкі, мама перахавала шкатулку з упрыгожваннямі.

Час ад часу цяпер у Беларусі выпускаюць (і па звычцы называюць іх «першым беларускім коміксам») новыя асобнікі. Мне падарылі зборнік «Легенды дрымучага лесу». Гэта анталогія з 6-8 гісторый, якія паміж сабой не звязаныя.

Той жа DreadCore, пра які я згадваў, вельмі крута адмаляваны, у 90-х так прыгожа не атрымлівалася. У старых коміксах не прапрацоўвалі кожную дэталь, не залівалі каляровыя градыенты. Цяпер я б збіраў гэтую серыю, але ў ёй выйшла ўсяго пару выпускаў, і «велізарны ўнікальны сусвет», як яе рэкламавалі, скончыўся.

Любое хобі можна лічыць бескарысным марнаваннем часу і грошай. Але, на мой погляд, калі яно нікому не шкодзіць, а хоць бы аднаму чалавеку прыносіць карысць ці радасць — справа сябе апраўдвае.

Дык які ўсё ж такі беларускі комікс можна лічыць першым?

У часопісе «Бярозка» беларускамоўныя коміксы выходзілі яшчэ ў 1989-1990 гадах. Калі ж казаць пра асобнае выданне, то першым быў цыкл з 6-ці выпускаў пра Тарзана. Яго выхад у свет датуецца 1990 годам, хоць на старонках можна прачытаць «Каршакевіч'89».

Аднак ёсць адно «але»! Комікс «Дзікае паляванне» (па матывах аповесці Караткевіча) афіцыйна выйшаў у 1991 годзе, але быў здадзены ў набор яшчэ 4 мая 1989 года, а падпісаны ў друк у кастрычніку таго ж года. Гэта значыць, падрыхтаваны ён быў, верагодна, яшчэ да «Тарзана», проста ў друкарні затрымаўся.

Такая ж гісторыя і з коміксам «Дзе жылі бурсонікі». Увогуле, гэтыя тры коміксы можна лічыць першымі самастойнымі беларускімі выданнямі.

Фота з архіва героя матэрыялу

Фота з архіва героя матэрыялу

Наогул у 1991 годзе выйшла мінімум пяць беларускіх коміксаў. Былі яшчэ два, якія падрыхтавалі ў Расіі, але аддрукавалі ў Мінску.

Апошнімі па даце выхаду ў маёй калекцыі значацца абодва выпускі «Вострава вар'ятаў» ад прадпрыемства «Рытар»: падпісаныя ў друк яны былі 1 сакавіка 1996 года.

Магчыма, і пасля гэтага яшчэ выходзілі нейкія беларускія коміксы, проста я іх пакуль яшчэ не адшукаў. Але на гэтым гісторыя не заканчваецца, бо я ўсё яшчэ ў пошуку новых асобнікаў і спыняцца не збіраюся.

Чытайце таксама:

На аўкцыён выставілі калекцыю гадзіннікаў Віктара Бабарыкі

Кіраўнік Брэсцкай вобласці калекцыянуе зуброў

Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?