Кшыштаф Занусі. Фота: Belarusian Filmmakers Network

Кшыштаф Занусі. Фота: Belarusian Filmmakers Network

Стаўленне да пратэстаў 2020 года і рэпрэсій

Разумееце, гісторыя гвалту заўсёды падобная. І заўсёды трагічная. Тут трагічныя абставіны ў тым, што не было раўнавагі сілаў [улады і грамадства]. Сілы рэпрэсій былі мацнейшыя, глыбінныя, з улікам падтрымкі суседа [Расіі].

Мы гэта ў Польшчы таксама перажылі. У нашай гісторыі было некалькі няўдалых паўстанняў. Як сёння сказалі б: «На жаль, гэтае паўстанне было без перамогі». Але пры гэтым кажуць: каб атрымаць вынік, трэба страціць трохі крыві.

Таму я думаю, што пралітая вамі кроў, катаванні, праз якія прайшлі людзі, нечаму служаць. Гэта зробіцца міфам сучаснай Беларусі. Як Майдан зрабіўся міфам [сучаснай] Украіны. Гэта не дарма ўсё адбылося. Але цяжка глядзець, колькі людзей пры гэтым пацярпела.

Ці можа досвед польскіх рэжысёраў часоў «Салідарнасці» быць карысным для беларускіх аўтараў сёння?

Гэта ўвогуле непараўнальныя часы. У Польшчы 80-х гадоў, падчас «Салідарнасці», працаваць было цяжка, бо было ясна, што немагчыма закранаць сучасныя сюжэты. Першым гэты прынцып зламаў Кшыштаф Кіслёўскі. Але доўгі час многія людзі ў апазіцыі лічылі, што гэта няправільна. Тады можна было рабіць гістарычныя карціны, бо яны не заходзілі ў прастору сучаснага выказвання.

Я сам у тыя часы зняў ваенны фільм «Год спакойнага сонца». І тое ўлады былі гэтым фактам раздражнёныя. Толькі раздражнёныя, не больш за тое. Але яны не маглі нічога выразаць, бо не кантралявалі працэсу мантажу — негатыў фільма ад самага пачатку захоўваўся ў Берліне.

Таму мы маглі хоць неяк хітрыць, а ў вас, я бачу, гэта ўжо немагчыма. Рэпрэсіі такія моцныя, што я не магу ўявіць, што можна ўвогуле рабіць у такіх умовах, на што ёсць дазвол.

Магчыма, ёсць шанец здымаць казкі, якія дапамогуць дзецям адчуць сябе беларусамі. Але і тут, баюся, абмежаванні будуць такімі, што ўрэшце стане зразумела, што праца не каштавала высілкаў.

Пра што здымаць кіно ў эміграцыі

У вас няма выйсця. Вы вымушаныя рабіць стужкі, якія павінны чапляць як беларускага, так і замежнага гледача. Праз гэта выключаецца вялікая колькасць тэмаў. І шмат што залежыць выключна ад вашага светапогляду, як вы ўспрымаеце чалавека — як істоту, якая мае жаданне падняцца вышэй духам над сваёй прыродай, ці вы глядзіце на яго больш абстрактна, як гэта робіць сацыёлагі. Што натоўп заўжды дурны, нічога не хоча і не патрабуе. Або вы глядзіце на яго як страшная руская прапаганда, якая разважае, ці патрэбная рабу воля. Я думаю, што патрэбная. А яны лічаць інакш. І ўсё залежыць ад вашага светапогляду, ад вашай уласнай жыццёвай пазіцыі.

Ці трэба выдаткоўваць грошы на культуру падчас вайны

Ведаеце, калі падчас [Другой сусветнай] вайны на Радзе міністраў прагучала прапанова скараціць грошы на падтрымку культуры, каб больш вылучыць на войска, [прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі] Уінстан Чэрчыль, класік замежнай палітыкі XX стагоддзя, адказаў: «А што мы будзем абараняць, калі не будзе культуры?» І гэтыя словы трэба ўвесь час паўтараць палітыкам на вялікіх сустрэчах, яны гучаць моцна.

І гэта праўда. Калі не будзе Беларусі, тады і беларускія палітыкі не будуць патрэбныя. Беларусь будзе толькі тады, калі будзе мець сваю культуру. І таму на яе таксама патрэбныя грошы.

Не мусіць стаяць выбару, што важнейшае: ногі ці рукі. І тое, і другое трэба падтрымліваць: культуру і [паліт]вязняў. Толькі трэба правяраць, наколькі праект, на які вы выдаткоўваеце грошы, надзейны. І мець адвагу прымаць няпростыя рашэнні. Таму што калі ўсе згодныя, каб твор з’явіўся, значыць, ён сярэдні, кампрамісны. А калі ён сапраўды выбітны, значыць, ён адным падабаецца, а іншым — не.

Ці патрэбнае кіно і культура падчас вайны і вялікіх катастроф

Тут можа быць толькі прагматычны адказ.

Трэба паказваць карціны, якія будуць доказамі, што такое кіно трэба здымаць. Вы ведаеце, чым чалавек адрозніваецца ад іншых істот? Як ні дзіўна, здольнасцю да аповеду.

У маім доме жыве восем сабак. Сярод іх няма ніводнага, які ведае пра жыццё свайго дзеда. Таму што няма механізма перадачы досведу. Сабакі не ведаюць, што адбылося дзесяць гадоў таму, бо ніхто ім пра гэта не раскажа. Сабакі брэшуць, але апавесці нічога не здольныя.

А мы ведаем, што адбывалася ў часы жыцця Шэкспіра, Гамера, Сервантэса. Мы шмат ведаем пра тое, што адбывалася да нашага з’яўлення. І таму аповед чалавецтву неабходны. Але як ён будзе стварацца, якім чынам, пра што апавядаць — гэта іншае пытанне.

Грамадства развіваецца дзякуючы элітам, а не масам. Толькі марксісты лічаць, што народныя масы самыя рашучыя. Гэта няпраўда.

У новай культуры ёсць тэрмін «трэндсэтар» — лідар меркаванняў, які рухае масы наперад. Праўда, звычайна атрымліваецца інакш: грамадства крочыць назад. Але, так ці інакш, у гэтым працэсе важную ролю грае аповед, павярхоўны ці глыбокі. Без яго чалавецтва не зможа далей існаваць, бо не будзе ведаць пра жыццё іншых, мінулых пакаленняў.

Таму, калі мае стужкі глядзяць у трамваі на тэлефоне, я ўдзячны, што хаця б так новыя пакаленні з імі знаёмяцца. Бо маглі б зусім не глядзець.

Чытайце таксама:

Кшыштаф Занусі пра Курапаты: Беларусь пагадзілася на варварства

Лех Валэнса: Калі раней не было інтэрнэту, то выпіхванне з краіны мела сэнс. А цяпер можна з любога месца змагацца

Адам Міхнік беларусам: Успомніце гісторыю з Леніным у Швейцарыі: ваша рэвалюцыя прыйдзе!

Як насамрэч адбыліся перамены ў Польшчы. Трошкі не так, як мы ўяўляем

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?