Яхта Graceful

Яхта «Грэйсфул». Фота: navalny.com

У расследаванні Фонду Навальнага згадваецца, што ў Пуціна тры марскія яхты. Самую першую — «Алімпія» — коштам 50 мільёнаў даляраў яму падарыў у 2002 годзе алігарх Раман Абрамовіч. Аформлена яна на афшор з Кайманавых выспаў.

Другая яхта — «Грэйсфул» («Грацыёзная») — была пабудавана ў Германіі і спушчана на ваду ў 2014 годзе. Яна каштавала 100 мільёнаў даляраў.

Трэцяя, самая раскошная — «Шахеразада» — коштам у 700 мільёнаў даляраў без аздаблення і даўжынёй у 140 метраў з'явілася ў 2020 годзе. Гэтая яхта пасля пачатку вайны была арыштаваная і знаходзіцца ў Італіі. Было даказана, што яна — падарунак для Уладзіміра Пуціна ад сяброў-алігархаў.

«Грэйсфул»

Яшчэ да пачатку вайны яхта «Грэйсфул» знаходзілася ў Гамбургу, дзе праводзілася яе маштабная рэканструкцыя. Але ў студзені 2022 года судна было спешна адбуксіравана ў Калінінград. Там работы праводзіліся яшчэ больш за год, і ў чэрвені 2023 года яхта прыбыла ў Санкт-Пецярбург.

Аўтары расследавання знаёмяць з коштам асобных відаў работ і абсталявання яхты. А таксама публікуюць фота.

Толькі на драўляныя вырабы было патрачана 240 мільёнаў расійскіх рублёў (2,5 мільёна даляраў, калі лічыць па цяперашнім курсе). Адна канапа каштавала 4 мільёны рублёў (42,5 тысячы даляраў) плюс механізм адкідвання за 1,2 мільёна. Закупка дываноў каштавала 6 мільёнаў рублёў (63,7 тысячы даляраў). Быў набыты часопісны столік за 8 мільёнаў (85 тысяч даляраў). Тры мільёны пайшлі на закупку французскага віна.

У 208 мільёнаў рублёў (2,2 мільёна даляраў) абышлося ўсталяванне «спецыялізаванага марскога збудавання для арганізацыі пляжнага і марскога адпачынку» — марскога басейна, які стыкуецца да яхты. У такім басейне можна адначасова плаваць у моры, але пры гэтым знаходзіцца ў межах борцікаў.

Збудаванне гіганцкае — 85 метраў у даўжыню і 25 у шырыню. Дно басейна размяшчаецца на трохметровай глыбіні і мае выгляд сеткі, каб абараніць ад марской флоры і фауны. У тэхнічным заданні прапісаная зона эксплуатацыі — узбярэжжа Чорнага і Азоўскага мораў.

Марскі басейн Моской бассейн sea basin

Фота: navalny.com

Аўтары расследавання падлічылі, што агульны бюджэт яхты з усім рамонтам і абсталяваннем толькі на 2022 год, калі Расія вяла вайну і палову краіны прымушалі збіраць грошы на трусы і шкарпэткі мабілізаваным, склаў тры мільярды расійскіх рублёў (32 мільёны даляраў).

Аўтары сцвярджаюць, што да нядаўняга часу яхта была аформлена на афшор з Брытанскіх Віргінскіх выспаў — Olneil Assets Corp, запісаны на іншы афшор — Mischositos Investment. Канчатковы бенефіцыяр схемы — Пётр Колбін, сябар дзяцінства Уладзіміра Пуціна і чалавек, на якога разам з Генадзем Цімчанкам былі запісаныя вінаграднікі пры пуцінскім палацы.

У снежні 2020 года судна нібыта прадалі іншаму ўласніку, расійскаму акцыянернаму таварыству «Аргумент», уладальнікі якога засакрэчаныя.

Аўтары высветлілі, што на яхце «Грэйсфул» працуюць тыя ж супрацоўнікі Федэральнай службы аховы (ФСА), якія працавалі на яхце «Шахеразада». А сама яхта ходзіць па моры з картэжам. Напрыклад, у верасні 2022 года яна была заўважаная ў водах Эстоніі на шляху з Пецярбурга ў Калінінград у суправаджэнні расійскага катэра берагавой аховы. Для канспірацыі яхту перайменавалі ў «Касатку».

У доказ прыналежнасці яхты Пуціну аўтары публікуюць фота кабінета ўладальніка яхты, у якім на стале размешчаны тэлефон урадавай сувязі. А з акна бачнае судна з эмблемай ФСБ.

Кабінет на яхце Graceful Кабинет на яхте Graceful Cabinet on Graceful

Кабінет на яхце «Грэйсфул». Фота: navalny.com

Абсталяванне яхты

На адкрытай палубе знаходзіцца верталётная пляцоўка. Яна можа прымаць верталёты масай да трох тон. Побач знаходзіцца купальная зона. У ёй вялікая ванна і дзве кантрасныя купелі — халодная і гарачая. Яны ёсць усюды, дзе жыве і бывае Пуцін — у кожным яго доме ад палаца ў Геленджыку да рэзідэнцыі ў Нова-Агарове.

На галоўнай палубе размешчаны 25 метровы басейн-танцпляцоўка. Памяшканне можна выкарыстоўваць, напрыклад, як кінатэатр, а затым з дапамогай спецыяльнага механізму, які кіруецца націсканнем адной кнопкі, прыбраць падлогу і купацца ў басейне.

басейн-танцпляцоўка pool-dance floor бассейна-тонцпол

Фота: navalny.com

Такая канструкцыя была толькі на адной яхце ў свеце — «Шахеразадзе».

Бассейн Басейн pool

Фота: navalny.com

Побач размяшчаецца абедзенная зала са сталом на 12 чалавек і камінам.

сталовая столовая dining room

Фота: navalny.com

За імі — дзве каюты-спальні для гаспадара і гаспадыні. Журналісты сцвярджаюць, што гэтак жа зроблена ў рэзідэнцыі Пуціна на Валдаі і ягоным палацы ў Геленджыку. У спальні гаспадара на падлозе ляжыць індыйскі дыван плошчай 100 квадратных метраў і коштам амаль 5 мільёнаў рублёў (53 тысячы даляраў).

Спальня гаспадара Спальня хозяина The owner's bedroom

Спальня гаспадара. Фота: navalny.com

З кают гаспадара і гаспадыні па сходах можна спусціцца ў спартзалу. У ёй размешчаныя трэнажоры для ног амерыканскай кампаніі Hoist. Журналісты пісалі, што менавіта такія і ніякія іншыя супрацоўнікі ФСА патрабавалі паставіць у бронецягнік Уладзіміра Пуціна.

На гэтай жа палубе размяшчаюцца каюты для гасцей і экіпажа. А таксама некалькі гідрацыклаў і два катэры.

Аўтары расследавання звяртаюць увагу на асобныя прадметы, закупленыя для яхты. Сподачкі па 25 тысяч расійскіх рублёў за кожны, парцалянавыя кветачкі па 50 тысяч рублёў за штуку. Расчоскі коштам 11 тысяч за штуку. Нарды за паўмільёна рублёў. Акрамя гэтага, былі набытыя тры браніраваныя парасоны па 1,2 мільёна рублёў. Іх распрацавалі для прэзідэнта Францыі.

Парасон Зонт umbrella

Фота: navalny.com

Санкцыі не перашкода

Аўтары нагадваюць, што яхта «Грэйсфул» праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны была ўключаная ў амерыканскія санкцыі, гэта значыць з ёй забаронена весці наогул якія-небудзь справы. Калі хто парушыць — будзе крымінальнае пакаранне.

Але атрымліваецца, што самога Пуціна гэтыя санкцыі не тычацца ўвогуле ніяк. Дзеля рамонту яхты была выбудаваная складаная сістэма, цэлая інфраструктура з памагатых у Еўропе, Турцыі і Дубаі, якія дапамагаюць абыходзіць амерыканскія санкцыі. І гэта працуе ідэальна.

У якасці прыкладу аўтары распавядаюць гісторыю аб набыцці ва ўмовах санкцый зламаных дысплеяў сістэмы MTU — маніторынгу працы рухавікоў. Яны сцвярджаюць, што эстонская фірма «Брыз Марын» пагадзілася не толькі купіць і прывезці ў Расію дысплеі для яхты, але і дапамагчы з іх перапраграмаваннем. Эстонскі пасярэднік забраў абсталяванне ў Пецярбургу, знайшоў кур'ера (проста прыватная асоба), які адвёз усё ў Нямеччыну на завод, а затым адрамантаванае вярнулася ў Расію. І гэта ўсё адбываецца вясной 2023 года.

correspondence перапіска переписка

Фота: navalny.com

Расследаванне паказала, што не спыніліся і пастаўкі формы для экіпажа, якую вырабляюць у Італіі. Аплата была праведзена праз згаданую вышэй эстонскую фірму. Італьянцы, каб не рызыкаваць, папрасілі грошы перавесці не ў Італію, а на рахунак спецыяльнага агента ў Турцыі, дзе санкцый няма. Але так не атрымалася, і ў выніку форму аплаціла нейкая фірма з Дубая. Пасля аплаты з Італіі тавары адправілі ў Літву, каб адтуль даставіць у Калінінград, проста да яхты.

Аўтары расследавання сцвярджаюць, што такім жа чынам везлі і парасоны для яхты — па маршруце Турцыя — Літва — Калінінград.

Для маскіроўкі закупак для яхты, якая знаходзіцца пад санкцыямі, выкарыстоўваюць яхту «Рахіль», уладальнікам якой з'яўляецца сябар Пуціна Аркадзь Ратэнберг.

Аўтары звяртаюць увагу, што абсалютна ўсе задзейнічаныя ў гэтых схемах кампаніі і людзі (з Эстоніі, Італіі, Турцыі, Германіі) шмат гадоў працуюць з «Грэйсфул» і дакладна ведаюць, каму цяпер, падчас вайны, што прадаюць. Яны ведаюць, што гэта для Пуціна.

Шлях яхты путь яхты yacht path

Фота: navalny.com

У дадзены момант яхта са спецыяльным суправаджэннем праз увесь свет, па Паўночным марскім шляху, ідзе ў Сочы.

Чытайце яшчэ:

У Пуціна знайшлі яхту за 700 мільёнаў даляраў ВІДЭА

Нямецкая паліцыя арыштавала 30 карцін з яхты алігарха Усманава. Сярод іх была карціна Марка Шагала

На Сардзініі знікла яхта расійскага алігарха Мазепіна

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?