Выбухоўка для падрыву Крымскага моста. Фота: СБУ

Выбухоўка для падрыву Крымскага моста. Фота: СБУ

Першы ўдар па Крымскім мосце адбыўся раніцай 8 кастрычніка 2022 года, на наступны дзень пасля 70‑годдзя Уладзімір Пуціна. Для яго выкарыстоўвалі грузавік з выбухоўкай, загорнутай у плёнку. Другі ўдар па мосце Украіна нанесла ў ноч на 17 ліпеня 2023 года марскімі надводнымі дронамі. Гэту аперацыю назвалі, як і дроны, «Марскі малы».

Выданне NV рэканструявала гэтыя дзве падзеі, пагаварыўшы з кіраўніком Службы бяспекі Украіны Васілём Малюком, які нядаўна каментаваў другі ўдар па мосце CNN.

Кіраўнік СБУ падкрэсліў: гэтыя аперацыі рыхтаваліся выключна сіламі Украіны, і ніякія замежныя спецслужбы да іх не датычныя.

«Распрацоўкай і рэалізацыяй спецаперацыі з мостам займаліся я асабіста і двое маіх давераных супрацоўнікаў», — распавёў Васіль Малюк, кажучы пра першы ўдар.

Паводле яго слоў, СБУ выношвала ідэю падрыву Крымскага моста яшчэ з вясны 2022 года. Разглядалі розныя варыянты: пераправіць выбухоўку ў таварных вагонах (але расіяне прапускаюць па чыгунцы толькі вайсковыя грузы), адправіць фуру з бочкамі алівы, у якіх можна было б схаваць выбухоўку (але гэта не гарантавала непрыкметнасці).

Урэшце кіраўнік СБУ прыдумаў варыянт з выбухоўкай, асцярожна абматанай цэлафанавай плёнкай. Такі груз — вялікія рулоны — павінен быў выглядаць па-цывільнаму і не выклікаць падазрэнняў.

СБУ разлічыла таўшчыню пласта плёнкі, дастатковую, каб схаваць ад мытных сканераў напоўненыя сумессю гексагену металічныя цыліндры-стрыжні.

«Рулонамі» забілі цэлы кантэйнер — іх сумарная вага ў трацілавым эквіваленце адпавядала 21 тоне, або 42 расійскім гіпергукавым ракетам «Кінжал».

Праходжанне грузу з Украіны да месца выбуху на мосце было вельмі няпростым. Дэталі гэтага рызыкоўнага маршруту Васіль Малюк не выдае, але запэўнівае, што замежных партнёраў Украіна не прыцягвала: выкарыстоўваліся выключна магчымасці СБУ.

СБУ прыйшлося ўлічыць яшчэ адзін важны момант: у пачатку Крымскага моста стаяць спецыяльныя комплексы РЭБ, задача якіх — збіваць GPS-каардынаты на выбуховых прыладах, настроеных на пэўны пункт. Каманда, сабраная Малюком, стварыла тэхнічна складаную сістэму, дзякуючы якой раніцай 8 кастрычніка 2022-га груз «плёнкі» ўсё ж такі ўзляцеў у паветра прыкладна на сярэдзіне моста.

Малюк назіраў за тым выбухам у сваім кабінеце ў рэжыме рэальнага часу дзякуючы камеры, але не раскрывае, дзе яна знаходзілася.

«Мы сем колаў пекла прайшлі, выкарыстоўвалі ў цёмную столькі людзей! Расіяне «закрылі» 22 чалавекі — змясцілі ў турму. Інкрымінуюць ім усім саўдзел у тэрарыстычным акце. Хоць насамрэч яны займаліся звыклай для сябе штодзённай справай. Гэта былі звычайныя расійскія кантрабандысты».

Пасля першай «пробы пяра» ў СБУ адразу ўзяліся за распрацоўку новага ўдару па мосце. Вялікую ролю ў рэалізацыі гэтай ідэі адыграў кіраўнік аднаго з упраўленняў вайсковай контрразведкі — афіцэр з псеўданімам Хантэр, які прыклаў руку да стварэння марскіх дронаў.

Украінскія спецслужбісты стварылі начыненыя выбухоўкай дыстанцыйна кіраваныя плаўсродкі-камікадзэ, зробленыя з унікальнага матэрыялу, непрыкметнага для варожых РЛС, канструкцыя якіх прадугледжвала тры віды кіравання і самазнішчэнне ў выпадку неабходнасці.

Упершыню ў абставінах рэальнага бою плывучыя беспілотнікі інжынеры і спецыялісты СБУ выпрабавалі на караблях расійскага Чарнаморскага флоту, калі восенню мінулага года атакавалі ў Севастопальскай бухце ракетныя фрэгаты «Адмірал Макараў» і «Адмірал Эсэн». Апошні пасля гэтай спецаперацыі доўгі час стаяў у доку на рамонце.

Зразумеўшы, што дроны не здольныя патапіць вялікія судны, колькасць выбухоўкі на іх давялі да 850 кг гексагену. Таксама мадэрнізавалі сістэму кіравання беспілотнікамі, атрымаўшы якасна новы ўзор надводнага «мсціўца».

Малюк прыцягнуў да супрацоўніцтва камандуючага ВМС Аляксея Неіжпапу. Аб'яднаная каманда флоту і спецслужбы пачала рыхтаваць марскую аперацыю, каб падарваць Крымскі мост.

Дроны працягвалі ўдасканальваць, нават усталявалі на корпусе два рэактыўныя агнямёты павышанай далёкасці «Чмель-М». Былі і іншыя ноу-хау, дэталі якіх у СБУ пакуль не раскрываюць.

У сярэдзіне ліпеня СБУ і ВМС нарэшце выпусцілі дроны ў адкрытае мора, накіраваўшы іх на цэль. Беспілотнікі ўдарылі па апоры моста, скінуўшы з яго цэлы пралёт аўтамабільнай часткі, пра што сведчаць апублікаваныя пазней фота.

«Дзве ночы мы не спалі — літаральна штохвіліны сачылі за дронамі. Мы знаходзіліся на такім драйве, што даводзілася трохі супакойваць хлопцаў, каб яны не гналі беспілотнікі.

Калі адбыўся выбух, мы вельмі моцна крычалі, бо напружанне ўнутры было велізарным. Скажу шчыра: я маліўся, каб усё атрымалася. І калі дрон выбухнуў, ад радасці «выбухнулі» і мы».

Чытайце таксама:

Служба бяспекі Украіны паказала эксперыментальны надводны беспілотнік. Яго зрабілі на падземным заводзе

CNN апублікавала эксклюзіўныя кадры атакі СБУ на Крымскі мост у ліпені

Украіна ўзяла адказнасць за ўчорашні ўдар па Крымскім мосце

Крымскі мост быў у дыме. Перад гэтым там былі чуваць гукі выбухаў

Клас
32
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4