Беласток. Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia Commons

Беласток. Ілюстрацыйнае фота: Wikimedia Commons

У цэнтры Беластока невядомыя збілі беларуса. Сітуацыя адбылася ўначы 18 жніўня. Відэа злачынства з рэдакцыяй Most падзяліўся чытач.

Раман стаў сведкам таго, як на вуліцы Ліповай у Беластоку каля дзесяці чалавек збівалі беларуса. Прычына канфлікту невядомая.

— Было каля трэцяй гадзіны ночы. Мой сябар пачуў нейкія крыкі на вуліцы і выйшаў на балкон. Недалёка ад дарогі невядомыя збівалі замежніка. Іх было каля дзесяці чалавек, і яны крычалі на польскай. Потым з іх слоў стала зразумела, што білі беларуса. Крычалі, каб ён валіў з краіны. Потым прыплялі Украіну і Пуціна, — распавядае Раман.

Збіванне адбывалася каля 10 хвілін. Чытач здзіўляецца, што за гэты перыяд на адной з самых ажыўленых вуліц Беластока не аказалася патруля паліцыі.

— Нейкі кашмар адбываўся. Пасля таго, як чалавек перастаў рухацца, група людзей стала адыходзіць. І толькі адзін з іх вярнуўся паглядзець, у прытомнасці ён ці не. Хлопец быў у прытомнасці і нападнік пайшоў. Пасля гэтага беларус падняўся і сеў на лаўку. Пад'ехала машына таксі, выйшаў кіроўца і хацеў дапамагчы, але хлопец адмовіўся. Праз нейкі час ён сам пайшоў, — дадаў Раман.

Пазней сведка патэлефанаваў у паліцыю, хоць і з затрымкай. Паліцыя прыязджала на месца здарэння, але так як пацярпелы пайшоў, то нарад з'ехаў.

Што рабіць замежніку, калі яго збілі ў Польшчы

У Цэнтры падтрымкі замежнікаў фонду «Акно на Усход» у Беластоку распавялі Most, што рабіць беларусам, калі іх збілі або абразілі ў Польшчы.

— Чалавек павінен патэлефанаваць у паліцыю. Калі супрацоўнікі адмаўляюцца прыязджаць, ён можа звязацца з любой праваабарончай арганізацыяй або арганізацыяй, якая займаецца замежнікамі ў Польшчы. Далей арганізацыя будзе звяртацца ў паліцыю.

Калі паліцыя не прыехала, то чалавек на наступны дзень павінен падаць ужо самастойна заяву ў аддзяленне. Падрабязна апісаць, дзе быў інцыдэнт, колькі людзей, ці былі там камеры, усе іншыя важныя моманты. Пажадана, каб былі сведкі. Са справай нельга зацягваць. Калі ёсць пабоі, то варта прайсці агляд. Важна ўсё зафіксаваць.

Калі ў замежніка няма сродкаў на адваката, то ён можа быць прызначаны адміністрацыяй горада.

Клас
1
Панылы сорам
6
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
11
Абуральна
31