Фота: Dmitri Lovetsky / AP

Фота: Dmitri Lovetsky / AP

Галоўнае ўпраўленне разведкі Украіны разам з праектам «Хачу жыць» афіцыйна абвясцілі аб намеры мяняць затрыманых за супрацоўніцтва з Расіяй калабарантаў на расійскіх апазіцыянераў і палітвязняў.

Аб прынцыпе новага механізма абмену днямі распавёў афіцыйны прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў у інтэрв'ю выданню «Настоящее время».

Так, па словах Юсава, Украіна будзе спрабаваць вызваліць з расійскіх турмаў выключна тых расіян, якія былі асуджаныя пасля пачатку вайны за сваю антываенную пазіцыю і падтрымку Украіны. 

«У Расіі ёсць шмат людзей, якія пацярпелі за сваю антываенную пазіцыю і атрымалі драконаўскія тэрміны. Яны не пабаяліся выказаць сваё меркаванне, яны падтрымалі Украіну, і мы таксама мусім іх падтрымаць. Свет пра іх не забудзе, і Украіна паспрабуе іх вярнуць», — заявіў афіцыйны прадстаўнік ГУР Украіны Андрэй Юсаў.

Мяняць расійскіх палітвязняў і актывістаў Украіна збіраецца на затрыманых на яе ўласнай тэрыторыі калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з Расіяй (прычым гэта могуць быць як людзі з расійскім, так і з украінскім грамадзянствам).

Далейшы ж лёс абмененых расійскіх апазіцыянераў, як патлумачыў Юсаў, будзе такі: яны трапляюць ва Украіну праз абмен, а затым атрымліваюць там ці ў іншых краінах Еўрасаюза палітычны прытулак. Пры гэтым расійскіх ваеннапалонных ва Украіне на расійскіх палітвязняў у Расіі ніхто мяняць не будзе. Украінскія палонныя вайскоўцы застаюцца ў прыярытэце на абмен.

Андрэй Юсаў. Фота: «РБК-Украіна»

Андрэй Юсаў. Фота: «РБК-Украіна»

Як сцвярджае ўкраінскі бок, на гэты момант ужо было атрымана некалькі сотняў зваротаў ад сваякоў і блізкіх расійскіх палітвязняў з просьбай задаволіць патэнцыйны абмен. 

Усяго Украіна ацэньвае колькасць расіян, пацярпелых за антываенную пазіцыю, у амаль 20 тысяч чалавек. Колькасць фігурантаў крымінальных спраў з іх, па інфармацыі Украіны, складае мінімум 636.

У Беларусі толькі ў дні «рэферэндуму» 27-28 лютага 2022 года праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне было арыштавана па адміністрацыйным артыкуле мінімум 600 чалавек.

Станам на люты 2023-га былі вядомы імёны 90 беларусаў, на якіх завялі крымінальныя справы за падтрымку Украіны ці асуджэнне вайны. Гэты тыя, хто ўжо быў у СІЗА ці быў асуджаны. Сапраўдная лічба будзе куды большай.

Таксама варта памятаць і пра тых беларусаў, якія змагаюцца за Украіну ў шэрагах УСУ і гінуць за яе свабоду.

Чытайце таксама:

Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму. Просіць абмяняць ваеннапалонных беларусаў на палітвязняў

Пратэсты супраць нападу на Украіну засланілі рэферэндум. Чэргі на ўчастках назіраліся толькі ў той час, у які заклікала галасаваць апазіцыя

У расійскай апазіцыі ёсць разуменне неабходнасці дэпуцінізацыі Расіі, але няма ніякага плана, з кім і як гэта рабіць. Што паказаў круглы стол у Еўрапарламенце

Клас
42
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
4