Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Жанчына крычала мне ў спіну: «У такіх маці дзяцей забіраць трэба! Дзяржава лепш выхавае!»

Марына:

— Вельмі раздражняюць «эксперты», якія ведаюць, што адчувае маё дзіця і што яму патрэбна. Ты вось толькі выходзіш на двор з немаўлём у калясцы, як адразу з’яўляецца бабуля, якая дакладна ведае, што твайму сыну горача або холадна. І пачынае каментаваць тое, як я апранула яго. Я спачатку проста спрабавала ўцякаць пад чарговае галашэнне: «Чаму без шапачкі, ён жа змерзне?!» А потым пачала адказваць: «А вы чаму без шапачкі на дварэ ў +25?!»

Смешна, што «эксперты» з дыяметральна супрацьлеглым меркаваннем могуць сустрэцца на шляху цягам адной гадзіны. Аднойчы мая суседка з першага паверха неяк змагла разглядзець дзіця ў калясцы праз акно і пачала крычаць: «Замарозіш! Захварэе!»

А потым у гэты ж дзень я сядзела на лавачцы ў парку, пакуль сын спаў, і да нас падышла жанчына, якая паспрабавала дастаць дзіця з каляскі. «Яму ж там горача! Яно задыхнецца! Я вось траіх дзяцей выгадавала без каляскі — і добра!» Ад нечаканасці я ўдарыла яе па руках — ну на якой планеце лічыцца нормай хапаць чужой жанчыне дзіця, нават не спрабуючы папярэдзіць аб гэтым маці?!

Потым паспрабавала больш-менш спакойна патлумачыць, што ў калясцы добрая сістэма вентыляцыі, дзіця адчувае там сябе камфортна. Але жанчына, на маё шчасце, пакрыўдзілася і пайшла. А я некалькі тыдняў баялася адна гуляць з сынам — клікала на прагулку сябровак, маці, мужа, бо мне здавалася, што нехта зноў паспрабуе схапіць малога.

Яшчэ «эксперты» заўсёды ведаюць, як супакоіць дзіця. Неяк сын зрабіў «вялікія справы» падчас прагулкі, і я бегла дадому тэрмінова змяніць падгузнік. Жанчына гадоў 60 стала істэрычна крычаць: «Ён хоча піць! Тэрмінова дайце яму вады!» — і пачала настойліва соваць мне ў рукі літровую бутэльку вады, з якой сама толькі што піла. Сур'ёзна?! Трохмесячнаму дзіцяці даць ваду са слінай чужой жанчыны з вялізнай бутэлькі?! Я ў адказ прамармытала: «Дзякуй, мне не патрэбная дапамога». Жанчына крычала мне ў спіну: «У такіх маці дзяцей забіраць трэба! Дзяржава лепш выхавае!»

«Які сорам! Дзяўчынкі павінны быць акуратнымі»

Дар’я:

— Мяне больш за ўсё раз'юшваюць незразумелыя гендарныя стэрэатыпы. У мяне двое дзяцей: сын і дачка. Я памятаю: аднаго разу, калі сын быў маленькім, да нас падышоў мужчына з сабакам і стаў замілоўвацца: «Якая прыгожая дзяўчынка!» Я ветліва адказала, што гэта хлопчык. На што атрымала абуранае: «Чаму ён тады так неактыўна гуляе?! Хлопчыкі павінны быць актыўнымі! Ну давай бегай, давай!» У мяне ажно мову заняло. У той дзень у мяне 10 тысяч крокаў былі пройдзеныя ўжо ў 11 гадзін раніцы. Толькі сын трохі супакоіўся, а тут ад яго зноў патрабуюць актыўнасці!

А калі дзяцей стала двое, я стала бачыць, наколькі па-рознаму да іх ставіцца грамадства. І сын, і дачка гуляюць так, што я жартую: прасцей нарадзіць новых дзяцей, чым адмыць гэтых.

Бачачы сына, бабулькі на лавачцы заўсёды ўсміхаюцца: «Хлопчык, што тут зробіш! Малайчына, бачна, што добра пагуляў!» Затое дачка заўсёды чуе: «Ну ты ж дзяўчынка, як так можна?! Які сорам! Дзяўчынкі павінны быць акуратнымі. Хто ж з табой ажаніцца захоча?!»

«Такі маленькі і ўжо з гаджэтаў не вылазіць! Гэтым мамам зараз толькі б мульцікі ўключыць!»

Ала:

— Не люблю, калі нехта навокал пачынае дэманстратыўна цокаць языком: «Такі маленькі і ўжо з гаджэтаў не вылазіць! Гэтым мамам зараз толькі б мульцікі ўключыць!» І вось нешта я ні разу не чула, каб нехта замілоўваўся, гледзячы, як мой сын бегае па кавярні, смяецца і хапае сурвэткі са сталоў, а вось гэта цалкам нармальна для яго ўзросту.

Калі я даю двухгадоваму сыну планшэт у рукі, гэта значыць толькі адно: у мяне цалкам скончыліся сілы, і мне трэба хаця б 15—20 хвілін спакою. Для астатніх гэта, дарэчы, таксама азначае 15—20 хвілін спакою. Ці можна гэта не каментаваць?

«А чаму яна ў чатыры гады так мала слоў гаворыць?»

Інга:

— Лічу нетактоўнымі любыя заўвагі наконт таго, што дзіця павінна рабіць у гэтым узросце. Спачатку было: «Чаму ваша дачка яшчэ не ходзіць? Паглядзіце, вакол усе дзеткі ўжо тупаюць!» Цяпер: «А чаму яна ў чатыры гады так мала слоў гаворыць? Трэба ж займацца з дзіцём, вось я са сваім з першых дзён шмат размаўляю». І далей расповед пра тое, што яе дзіця ў год Шэкспіра цытавала.

Ніхто лепей за мяне не ведае, колькі праблем у маёй дачкі. Яна нарадзілася нашмат раней, чым павінна была. Да года ў яе было шмат праблем са здароўем, але большую частку з іх мы вырашылі. Цяпер працуем з тым, каб яна пачала нармальна размаўляць. Вядома, я вельмі хвалююся, што гаворыць яна горш за аднагодкаў. Але ж мы з мужам не сядзім і не чакаем, пакуль усё «само пройдзе». Мы шмат грошай і часу выдаткоўваем на кансультацыі спецыялістаў і заняткі з лагапедам.

Ці павінна я гэта ўсё тлумачыць людзям, з якімі пазнаёмілася пяць хвілін таму на дзіцячай пляцоўцы? Калі ўжо ўсе зразумеюць, што пытанні наконт здароўя непрыстойныя? Любая нармальная сям’я будзе і без вашых падказак ведаць, што ў дзіцяці ёсць праблемы. Навошта аб гэтых праблемах лішні раз нагадваць?!

А пачнеш тлумачыць — атрымаеш мільён парад. «Вы хрысцілі дзіця? Не? Пахрысціце — і пачне размаўляць, 100%». Мой муж у такіх выпадках абураецца: «Няхай вы і веруючы чалавек, але вышэйшая адукацыя ж у вас ёсць. Растлумачце мне, калі ласка, як хрышчэнне ўздзейнічае на тое, як дзіця гаворыць».

«Вось ужо гэтыя сучасныя мамы — дазваляюць дзецям рабіць усё, што тыя хочуць»

Паліна:

— Не люблю, калі робяць заўвагі быццам не мне, а ў паветра. Вось нядаўна мая дачка скакала па летніх лужынах, а побач ішлі дзве бабулі, і адна пачала дэманстратыўна гучна абурацца: «Вось ужо гэтыя сучасныя мамы — дазваляюць дзецям рабіць усё, што тыя хочуць. А дзяўчынка ж захварэе!»

Ну вось нават калі захварэе — чаму чалавек лічыць, што гэта яго неяк датычыць? Я ж не буду прасіць гэтую бабулю сядзець са сваім хворым дзіцём. Я раззлавалася і сказала: «А давайце я і вам дазволю рабіць усё, што вы хочаце. Пажывяце хоць у сваё задавальненне».

Але прыемна, што не ўсё старэйшае пакаленне такое. Неяк да нас падышла жанчына пенсійнага ўзросту і сказала: «Гэта ж ваша дачка ўчора па лужынах скакала? Я з акна бачыла. І была ў такім захапленні ад яе шчасця, што я нават мужа паклікала, каб ён паглядзеў. Муж таксама парадаваўся за дзяўчынку. Потым спытаў: «Слухай, а мы ж сваім дзецям заўсёды забаранялі скакаць па лужынах. А чаму?» Я задумалася: «Мабыць, таму, што ўсе навокал забаранялі — ну і мы як усе».

«Вы павінны гуляць ціха і спакойна, каб на вас было прыемна глядзець!»

Святлана:

— Не люблю людзей, якія лічаць, што маленькія дзеці павінны паводзіць сабе як дарослыя. Напрыклад, гадзіну спакойна сядзець у чарзе ў паліклініцы. А калі дзіцё крыху прабяжыцца, то на цябе глядзяць як на ворага народа. Беларусь увогуле краіна чайлдхэйтараў, дзе людзі лічаць, што маці з дзіцём — гэта тыя, на кім можна бяскарна сарваць злосць.

Пры мне бабулька прыйшла рабіць заўвагі дзецям гадоў сямі, якія гушкаліся на арэлях і размаўлялі спакойна: «Вы павінны гуляць ціха і спакойна, каб на вас было прыемна глядзець!»

Я не вытрымала і ўмяшалася. Урэшце, гэта дзіцячая пляцоўка. І арэлі тут стаяць не для прыгажосці, а для таго, каб на іх гушкаліся. А калі вельмі хочацца кагосьці выхоўваць, то можна пачаць з алкаголікаў, якія на гэтай жа дзіцячай пляцоўцы шумна п'юць і лаюцца ўначы. Але хто ж рызыкне пайсці да нецвярозых агрэсіўных мужчын?

Памятаю, як мяне здзівіла тое, як ставяцца да дзяцей у Грузіі. Майму сыну было паўтара года, калі мы адпачывалі там. Усе адразу ўсміхаюцца дзіцяці, гавораць нешта прыемнае. Нават калі ты выпадкова кудысьці заходзіш, то дзіця робіцца цэнтрам сусвету. Нам увесь час казалі кампліменты, дарылі невялікія падарункі — нават садоўнік, які працаваў у жылым комплексе, дзе мы здымалі кватэру.

Аднойчы сын падышоў у рэстаране да пары, у якой было спатканне. Я кінулася выбачацца, а яны не маглі зразумець чаму. Пачалі гуляць з сынам. Пасля афіцыянтка прынесла да нашага століка бутэльку дарагога віна і сказала, што гэта падарунак ад той пары. Яны прасілі, каб мы выпілі гэта віно на 18-годдзе сына.

У Грузіі я ўпершыню задумалася аб тым, што калі б жыла ў той краіне, то, можа быць, нарадзіла б яшчэ адно дзіця. Бо гэта вельмі прыемна, калі да маці з малым грамадства так ставіцца. У Беларусі ж ты заўжды адчуваеш сябе вінаватай у тым, што ты прыйшла кудысьці з дзіцем. 

Я памятаю, некалькі гадоў таму быў скандал, калі журналіст «Саўбелкі» напісаў, што людзі, у якіх няма грошай на таксі ці сваю машыну, не маюць маральнага права заводзіць дзяцей. І хоць яму шмат хто адказаў, ён выказаў пазіцыю многіх беларусаў. 

Калі чыноўнікі крычаць пра тое, што краіне трэба больш дзяцей, трэба думаць, як мяняць стаўленне да саміх дзяцей у грамадстве. Якая матывацыя нараджаць будзе ў цяперашніх падлеткаў, калі яны ўвесь час бачаць нянавісць і агрэсію ў дачыненні да немаўлят і іх мам (успомніце аб тым, што ёсць абразлівы тэрмін «яжмаць», але няма «яжбацька»)? Ці захочуць дзяўчаты планаваць цяжарнасць, калі яны ведаюць, што пасля гэтага будуць увесь час сутыкацца з пагардай?

Умоўнай Качанавай або Ананіч, якія ўсё перажываюць наконт дэмаграфіі, варта было б сур'ёзна паклапаціцца аб тым, каб знізіць у грамадстве градус нянавісці ў адносінах да матуль і дзяцей. Недастаткова раз на год на Дзень маці сказаць, што вось гэта для нас святое.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?