Прарасійская прапагандыстка з Украіны Дыяна Панчанка і Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю. Фота: сайт прэс-службы Лукашэнкі

Прарасійская прапагандыстка з Украіны Дыяна Панчанка і Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю. Фота: сайт прэс-службы Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка днямі даў інтэрв'ю прарасійскай прапагандыстцы з Украіны Дыяне Панчанка. 

Раней тая працавала на тэлеканалах, звязаных з кумам Пуціна Віктарам Медзведчуком, а праз пару месяцаў пасля пачатку вайны ва Украіне пераехала ў Расію і пачала працу на расійскую прапаганду. За гэта на радзіме на яе завялі крымінальную справу.

Пасля выезду з Украіны Панчанка паспела выдаліць вялікую колькасць пастоў са свайго тэлеграм-канала. Большая іх частка адносілася да перыяду лютага — жніўня 2022 года, або першага паўгода вайны.

Мы знайшлі некаторыя з тых выдаленых публікацый пры дапамозе сэрвісу Tgstat і вырашылі паказаць іх вам. Характэрна, што змест гэтых пастоў мог бы стаць выдатнай падставай для арышту любога звычайнага чалавека як у Расіі, так і ў самой Беларусі.

«Расія прайграла яшчэ 24 лютага, падпісаўшы прысуд сабе і сваім адэптам»

Цяперашняя адэптка вайны і расійскай прапаганды Дыяна Панчанка яшчэ ў красавіку мінулага года пісала, што заўсёды марыла весці эфір менавіта з украінскага Данецка, а Расія, уварваўшыся ва Украіну, толькі падпісала сабе і сваім адэптам прысуд.

У яшчэ адной сваёй публікацыі за той жа красавік яна выказвалася вось так:

«Калісьці дзеці гулялі ў вайнушкі паміж нашымі і фашыстамі. Цяпер замест фашыстаў — рускія. Калісьці сінонімам слова «ізаляцыя» была Паўночная Карэя, а сёння — Расія. Калісьці ўвасабленнем зла быў Гітлер, а зараз — Пуцін.

Трагедыя ў тым, што ў сваім самаразбурэнні Расія забівае нашых людзей. Найлепшыя з нас гінуць у бітве з цмокам.

Я заўсёды казала, што мару правесці эфір у нашым, украінскім Данецку. Але я памылілася. Расія — гэта краіна, якая разумее толькі сілу. Яна прайграла», — пісала Дыяна Панчанка ў сваіх выдаленых публікацыях яшчэ ў першыя месяцы вайны ва Украіне.

Гэтыя пасты, як і многія іншыя, прапагандыстка выдаліла яшчэ ў сярэдзіне жніўня 2022 года, калі ўцякала з Украіны.

Цікава, што тая, якая «заўсёды казала» пра жаданне правесці ўласны эфір ва ўкраінскім Данбасе, сапраўды здзейсніла сваю мару — але на іншым баку канфлікту і на акупаванай Расіяй тэрыторыі. У тым прапагандысцкім рэпартажы Панчанка апраўдвала расійскую агрэсію супраць Украіны, за што на яе і завялі крымінальную справу на радзіме.

Дыяна Панчанка ў прарасійскім прапагандысцкім сюжэце пра акупаваны Данецк. Фота: расійскія дзяржаўныя медыя

Дыяна Панчанка ў прарасійскім прапагандысцкім сюжэце пра акупаваны Данецк. Фота: расійскія дзяржаўныя медыя

Апроч іншага, прарасійская прапагандыстка з Украіны выдаляла і тыя запісы, дзе малілася за Узброеныя сілы Украіны, называла расійскую прапаганду «тупой і ўпоратай», а таксама падтрымлівала барацьбу ўкраінцаў супраць «крывавай імперыі» за сваю свабоду, каштоўнасці і жыццё.

«Да вайны я часта крытыкавала ўладу, але гэта мая, НАША краіна. І калі да нас прыходзяць са зброяй, гэта выклікае гнеў і нянавісць. 

Імперыя трымаецца на крыві і страху, ёй для выжывання трэба ваяваць, забіваць і навязваць. Але вось парадокс — нам навязваць няма чаго. Руская прапаганда па сутнасці ўжо пазбаўлена сэнсаў, акрамя сваёй тупой і ўпоратай сілы.

Барацьба лепшая за страх. Менавіта таму мы пераможам. Імперыя забівае з-за страху сысці ў нябыт. А мы ваюем за свабоду, каштоўнасці і жыццё», — дзялілася сваімі думкамі Дыяна Панчанка ў красавіку.

 

Ужо пасля пераходу на бок Расіі прапагандыстка пачне супярэчыць самой сабе і крытыкаваць украінцаў за іх барацьбу і нежаданне пайсці на мір на расійскіх умовах.

Плюс да ўсяго, нягледзячы на ​​ачыстку папярэдніх пастоў, Панчанка пакінула некранутымі некалькі цікавых публікацый, якія дагэтуль ёсць на яе тэлеграм-канале. Гэта рэпосты ўкраінскіх і замежных выданняў аб вар'яцтвах расійскай арміі ва Украіне, фіксацыі расійскіх абстрэлаў грамадзянскай інфраструктуры, а таксама абвінавачванне Расіі ў масавых забойствах украінскіх дзяцей.

Ва ўсёй гэтай гісторыі самым цікавым з'яўляецца той факт, што падобныя публікацыі (нават у выдаленым выглядзе) прывялі б да неадкладнага арышту любога звычайнага чалавека ў Беларусі і Расіі за «экстрэмізм» і гэтак далей.

Па прыклады доўга хадзіць не трэба: у Беларусі могуць затрымаць ці дапытаць толькі за сам факт наяўнасці ўкраінскага грамадзянства, альбо асудзіць за простае выкананне ці праслухоўванне ўкраінскіх песень (прытым, што рэжым Лукашэнкі не называе сябе прамым ўдзельнікам вайны ва Украіне і ўсяляк заяўляе аб сяброўстве паміж двума народамі).

У той жа час у самой Расіі, куды збегла прапагандыстка Дыяна Панчанка, за крытыку ўлады не шкадуюць нават самых верных расійскіх патрыётаў і прыхільнікаў «рускага свету», нават калі яны самі ваявалі і служылі ў спецслужбах.

І вядома ж, абодва рэжымы не цураліся арыштаў не толькі ўкраінскіх, але і іншых замежных грамадзян нават за меншае, чым ёсць у зместах выдаленых публікацый Панчанка.

Чытайце таксама:

«Ты прыкрый мяне, калі ласка». Лукашэнка пакляўся, што нічога не ведаў пра планы Пуціна напасці на Украіну

«Позна піць баржомі». На Delfi абмеркавалі вострую рэакцыю беларусаў на выхад фільма пра пратэсты 2020 года

Польскі МУС: Лукашэнка паспрабуе ўмяшацца ў выбары ў Польшчы

Клас
11
Панылы сорам
30
Ха-ха
16
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
19

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?