Здымкі ў Баранавічах. Усе фота: Барыс Навагран / «Наш край»

Здымкі ў Баранавічах. Усе фота: Барыс Навагран / «Наш край»

Праязджаючы міма гарадскога стадыёна, нельга не заўважыць кіношнай дзвіжухі: велізарная колькасць транспарту, тэхнікі, стоўпішча людзей. З гучнагаварыцеля акцёрам перадаюць указанні. На ўсялякі выпадак дзяжурыць хуткая, але пакуль меддапамога нікому не спатрэбілася. Ёсць асобны намёт з вадой і гарачымі напоямі для кава-паўзы.

У галоўных ролях фільма з працоўнай назвай «Федзя. Народны футбаліст» здымаюцца Мікалай Фаменка, Ігар Пятрэнка, Аляксандр Носік, Барыс Шчарбакоў і іншыя. У ролі Фёдара Чаранкова — Станіслаў Румянцаў.

У некалькіх намётах працуюць дзясяткі цырульнікаў, грымёраў, якія пераўвасабляюць акцёраў другога плана: яны павінны выглядаць, як у 1980-я. Дзеянне ў фільме пераносіць на сорак гадоў таму, калі ў модзе былі густыя шавялюры, натуральная прыгажосць. Каго трэба — зробяць пажылым з дапамогай накладных маршчын, каму зробяць модную паўстагоддзя таму ўкладку.

Адзін з грымёраў распавядае, што для стварэння вобразаў дэталёва вывучаецца матэрыял тых гадоў: 

— У модзе былі доўгія валасы, таму некаторым накручваем валасы на тонкую плойку, імітуем хімзавіўку, робім начос, у тым ліку і мужчынам. Клеім вусы. Для галоўных герояў ствараюцца спецыяльныя парыкі з натуральных валасоў. 

Побач з памяшканнем ля трыбун і ўсярэдзіне яго размясціліся прымерачныя. У іх мора адзення і абутку, якіх у 2020-я ў крамах не знойдзеш —– іх прывозяць з Масквы, дзе ёсць вялізны склад з вінтажнымі рэчамі. Нешта шыюць на заказ. Працуе больш за дзясятак касцюмераў, прымерана больш за тысячу камплектаў.

На лаўцы чакаюць сваёй гадзіны дамы. Па сцэнары — яны таксама заўзятаркі. Жыхарка горада Кацярына — адна з іх.

— Люблю кіно, мне гэта цікава. Досведу кіназдымак у мяне ніколі не было, вырашыла паспрабаваць. Прыйшла на кастынг у нядзелю, — распавядае Кацярына. — Вось які ў мяне хвост на бок, адзенне, абутак — выглядаю каларытна! 

Вольга Голубева, асістэнт рэжысёра па акцёрах другога плана і яе калегі праводзяць работу па адборы масоўкі. За дзень на здымачную пляцоўку прыходзіць каля 300 чалавек, а ў асобныя дні здымак нават больш. 

— Было спачатку крыху страшнавата, ці зможам мы ў Баранавічах набраць патрэбную нам колькасць акцёраў, але вашы людзі аказаліся настолькі спагадлівымі! — кажа Вольга. — Калі 13 жніўня мы абвясцілі збор, прыйшло 500 чалавек. У прыярытэце — натуральная прыгажосць, без нарошчаных веек і пазногцяў. Людзі гатовыя ахвяраваць сваім часам, знаходзіцца пад сонцам, груба кажучы, 12 гадзін. 

— Адна дзяўчына прыйшла з нарошчанымі пазногцямі і сказала, што праз 10 хвілін здыме іх, абы зняцца ў эпізодзе, — распавяла Вольга Голубева.

Па словах Вольгі, ужо ў 7:30, загадзя, акцёры другога плана пачынаюць прыходзіць на стадыён. 

— Гэта вельмі няпростая праца, праўда. Паўнавартасная змена — з 8 да 20 гадзін. Ёсць перапынак на абед — мы акцёраў кормім, ёсць некалькі кава-паўзаў, — распавядае Вольга. 

На ўваходзе з боку вуліцы Войкава рэпеціруюць крычалкі «футбольныя фанаты» ў бела-чырвоным — фірмовых колерах расійскага «Спартака».

На вуліцы — вышэй за +30. Многія — у вязаных шаліках, кофтах, джынсах і абутку таго часу. Акцёры падзеленыя на групы, таму ў некаторых ёсць час пасядзець у цені пад парасонам, асвяжыцца вадой.

Прадстаўнік PR-агенцтва «Іван» Аляксей Няклюдаў адзначае, што ў здымачнай групе — каля 200 чалавек. У горадзе спыняліся хто дзе — у гасцініцах, на кватэрах. 17 жніўня — першы выхадны, збіраюцца наведаць парк жывёл «Дыпрыз», музей чыгункі, прадэгуставаць мясцовыя «лодачкі». 

— Няпроста было знайсці стадыён, які нам падыходзіць, але ўсё атрымалася. Ён арандаваны, пабудаваны дэкарацыі, пасля здымак усё дэмантуем і вернем, як было першапачаткова. Хатнія гульні ФК «Баранавічы» праходзяць у Івацэвічах, заўзятары наведваюць іх, — кажа Аляксей. — З іх дастаўкай туды і назад мы таксама дапамагаем. Здымкі ў нашым горадзе працягнуцца да канца жніўня, потым група адправіцца ў Барысаў, дзе таксама будуць будавацца вялікія дэкарацыі. Начныя сцэны здымуць на стадыёне «Дынама-Мінск», пасля працягнуцца павільённыя здымкі. 

Чытайце таксама:

У «Беларусьфільма» новы кіраўнік — чаму знялі папярэдняга?

У сеціве з’явілася фінальная версія фільма «Купала», які ўлады не пусцілі ў пракат 

Украіна мае намер адмовіцца ад дубляжу фільмаў на карысць субцітраў. Вось чаму гэта шкодна нават для беларусаў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?