студотряд

Ілюстрацыйны здымак. Фота: online.vsu.by

«Спрабуеш на пальцах тлумачыць, што людзі не гатовыя працаваць за 300—400 рублёў»

— Існуюць розныя катэгорыі студатрадаў — ад раёна, ад БРСМ, унутрыўніверсітэцкія. І вось нельга было зрабіць так, каб адзін і той жа атрад працаваў бы і на раён, і на БРСМ, і ва ўніверсітэце. А колькасць людзей, якія гатовыя пайсці ў студэнцкі атрад, абмежаваная. Як я зраблю, каб іх было ў тры разы больш?

Раён патрабаваў ад нас нейкія нерэальныя лічбы, каб ВНУ дала 600 чалавек. Праца пры гэтым была такая, на якую вельмі цяжка заахвоціць людзей, напрыклад, месці вуліцы ці фарбаваць пад’езды. А заробкі прапанавалі такія, што нават казаць сорамна — ад 300 да 600 рублёў. Але 600 зарабляў мала хто. Найбольш рэальна 300—400. Шмат хто з тых, хто цікавіўся магчымасцю папрацаваць летам, пачуўшы пра заробкі, махаў рукой і казаў: «Дзякуй, я лепей адпачываць буду».

Кожны год, калі ішло падсумаванне вынікаў працы студэнцкіх атрадаў, кіраўніцтва раёна пісала кляўзу: «Трэба пакараць тых супрацоўнікаў універсітэта, якія не выканалі плана і не далі раёну студатрадаўцаў».

Праводзіліся нарады і ў нашай ВНУ. Прыязджала кіраўніцтва раёна і патрабавала ад універсітэта патлумачыць сітуацыю: «Як гэта так? Задачы былі пастаўленыя, але нявыкананыя!» Ціснулі на рэктара, на прарэктара, потым ужо і на звычайных супрацоўнікаў, якія адказвалі за студатрады.

І вось стаіш ты і спрабуеш на пальцах растлумачыць, што, па-першае, людзі не гатовыя працаваць за 300—400 рублёў, па-другое, гэта ідэалагічны складнік — хапае тых, хто не жадае мець дачынення да БРСМ. Бо, шчыра кажучы, для моладзі БРСМ — гэта не cool.

Адказ адзін: «Вы дрэнна працуеце з моладдзю!»

«Маглі падаць спісам 400 студэнтаў, калі рэальна працавала 100—150»

— Я спрабаваў тлумачыць, чаму сёння студатрады не могуць быць такімі папулярнымі, як нават 15 гадоў таму. Тады не існавала электроннага рынку працы: студэнту цяжка было самому адшукаць падпрацоўку на лета. З рэальных варыянтаў — раздаваць флаеры каля метро ці бегаць са швабрай па ўмоўным «Макдональдсе». Цяпер жа студэнты разумеюць, што ёсць шмат варыянтаў дыстанцыйнай працы, калі ты сядзіш дома і сам плануеш свой працоўны дзень. Ты можаш абраць сферу, якая цябе сапраўды цікавіць, і зарабляць нармальныя грошы. І ніякі БРСМ табе для гэтага не патрэбны. 

Пры гэтым кожны год улады патрабуюць паказваць усё большыя і большыя лічбы ў студатрадах. Ніхто нават не хоча чуць аб тым, што колькасць студэнтаў зніжаецца. На паперы, канечне, план спрабуюць выконваць, але ж нават на паперы гэта ўжо цяжка зрабіць. 

Ну вось таму з’яўляюцца прыпіскі. Напрыклад, студэнт працуе два-тры месяцы. А ў дакументах ты пазначаеш, быццам кожны месяц наноў яго працаўладкоўваў. І атрымліваецца, што замест аднаго працаўладкаванага студэнта ў дакументах некалькі. 

Здаралася, што студатрад выходзіў на працу, а праз тыдзень людзі адмаўляліся працаваць, бо разумелі, наколькі цяжкія заданні ім трэба было выконваць за смешныя грошы. Студатрад расфарміроўваўся, але фармальна атрымлівалася, што студэнты працаўладкаваныя. Потым калі нехта пагаджаўся яшчэ кудысьці пайсці папрацаваць, то зноў трапляў у статыстыку як новы чалавек.

Мы з тых 600 студатрадаўцаў, якіх патрабавалі ад нашай ВНУ, маглі падаць спісам максімум 400. А рэальна з іх працавала 100—150.

«Два летнія месяцы студэнт не будзе працаваць як штатны супрацоўнік»

— Сама ідэя студэнцкіх атрадаў адмірае — гэта анахранізм. У свой час яна была вельмі карысная, бо дазваляла маладым хлопцам і дзяўчатам падзарабіць — і часам добра падзарабіць. Калі размаўляеш з ветэранамі студатрадаўскага руху, то яны згадваюць, як на якім БАМе маглі зарабляць па тысячы савецкіх рублёў за месяц. Цяпер у краіне няма аб’ектаў кшталту БАМа. 

Надышла пара адмовіцца ад практыкі студэнцкіх атрадаў. Не можа нават самая добрая ідэя жыць бясконца.

Цяпер адпраўляць студэнтаў на прадпрыемствы сэнсу асаблівага няма. Два летнія месяцы студэнт не будзе працаваць як штатны супрацоўнік. Бо супрацоўнік працуе не толькі за заробак, але і за сацыяльныя гарантыі, за перспектыву кар'ернага росту. Студэнт жа ведае, што, хутчэй за ўсё, не затрымаецца ў гэтай сферы. Для яго галоўны прыярытэт на найбліжэйшыя два-тры гады — вучоба.

Я магу сказаць, што ў пэўным выглядзе можна было б захаваць студатрады. Напрыклад, падчас прыёмнай кампаніі ВНУ заўсёды патрэбныя студэнты, якія будуць прымаць дакументы ў абітурыентаў. Вось на такую працу людзі пагаджаюцца.

«Апрані вось гэту куртачку і пастой літаральна пяць хвілін»

— Канечне, улады спрабуюць паказаць, што моладзь у захапленні ад студэнцкіх атрадаў. Але пра што трэба памятаць, калі бачыш рэпартаж аб іх працы? Па-першае, ёсць так званыя іміджавыя студэнцкія будатрады, якія працуюць, напрыклад, на рэканструкцыі нейкіх значных спартыўных аб'ектаў. Вось у такіх выпадках студэнтам сапраўды і даюць усё неабходнае для працы, і плацяць добрыя заробкі.

Па-другое, вельмі часта студэнты, якія з’яўляюцца ў сюжэтах, — гэта «левыя» людзі. Канечне, ёсць тыя, хто сапраўды працуе і хто гатовы сказаць некалькі слоў для прапаганды. Але ж большая частка студатрадаўцаў з тэлевізара — гэта тыя, каго змаглі ўгаварыць супрацоўнікі ВНУ: «Слухай, апрані вось гэту куртачку і пастой літаральна пяць хвілін. Зробім фота, відэа — і ідзі гуляй».

Чытайце таксама:

Абітурыентаў у Вайсковай акадэміі і школах міліцыі дастаткова, а ў рэгіянальных ВНУ шакуюць недаборы

«Прыехаў стараста са спісам тэм і замовіў дыпломы адразу на ўсю групу». Аўтар дыпломаў на заказ распавёў пра сваю працу

Студатрад БРСМ адправіўся на работы ў Польшчу

Клас
7
Панылы сорам
5
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
6