«Правялі вельмі светлы дзень: гулялі па цудоўным лесе, купаліся ў басейне»

Ганна Златкоўская, пісьменніца:

«8 жніўня мы з мужам і сынам паехалі ў санаторый да маёй мамы. Яна прапанавала на тыдзень прывезці да яе нашага сына, выбіла яму харчаванне. Мы вырашылі, што зрабіць так перад выбарамі — добрая ідэя. Адчувалі эйфарыю, але была і трывога, усведамленне, што ўсё будзе не вельмі добра і не проста. Мы планавалі ў любым выпадку ісці разам і на выбары, і на вуліцу, а Марку тады было восем — занадта маленькі, каб пакідаць яго аднаго дома.

Ганна Златкоўская. Фота: асабісты архіў

Ганна Златкоўская. Фота: асабісты архіў

Той санаторый знаходзіўся пад Гродна, там быў вельмі прыгожы сасновы лес, басейн. Мы засталіся там да раніцы 9-га, правялі вельмі светлы дзень: гулялі па цудоўным лесе, купаліся ў басейне і абмяркоўвалі наступны дзень. Мама вельмі прасіла нас нікуды не хадзіць і сядзець дома — усё як звычайна, мама ёсць мама. 

Я была вельмі зараджаная тым, што адбывалася, напісала ўвечары пост у фэйсбуку. Было трохі трывожна наконт таго, што будзе заўтра, але ў людзей пераважаў аптымістычны настрой.

Нам з мужам вельмі запомніўся эпізод з таго, як мы вярталіся ў Мінск раніцай 9-га. Бачылі, як на маленькім аўтамабільчыку ехала дзяўчына ў сіняй сукенцы, і да яе сіняй машыны быў прымацаваны БЧБ-сцяг. Нас гэта зачапіла да мурашак. Раптам яе спынілі даішнікі, мы аглядаліся і думалі, што будзе далей з гэтай дзяўчынай, ці даедзе яна да горада. 

Недзе за месяц да гэтага я запісвала нейкі ролік, дзе сказала, што лёгка не будзе. Муж яшчэ пытаўся, маўляў, чаму ты не сказала, што ўсё будзе добра? Але ў мяне былі змешаныя пачуцці. Разумела, што будуць і аўтазакі, і АМАП, што трэба будзе неяк берагчыся, але мусім выходзіць, хаця і страшна, што могуць затрымаць. Хаця б адвезлі сына да мамы і не хваляваліся, што, калі нас упякуць на суткі, дзіця застанецца дома адно.

Горад проста віраваў, адчувалася гэтая энергія. Было шмат супрацьлеглага, але было і ўсведамленне, што гэта — гістарычны момант, і нельга яго прапусціць, нельга застацца дома і апынуцца ў баку ад такіх важных падзей.

Нельга цярпець несправядлівасць. Калі кожны з нас скажа, каб за яго выйшаў нехта іншы, і перасядзіць гэты час дома, то так ён толькі схаваецца і будзе за кошт іншага выступаць за свабоду. Гэта трохі не ў маім характары. Мусіла выходзіць, але ўсё роўна трохі берагла сябе, бо я ж мама, маю адказнасць перад дзіцём».

«10 жніўня мы прачнемся ў іншай Беларусі»

Аляксандр «Кусь» Клачко, баец полка Кастуся Каліноўскага:

«2 жніўня ў Баранавічы, мой родны горад, прыязджалі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала, быў мітынг. Сабралася пару тысяч чалавек, але, як мне падалося, гэтага вельмі мала для 180-тысячнага горада. Думаў, што Баранавічы не выйдуць на пратэст, таму вырашыў паехаць у Мінск удзельнічаць у акцыі пратэсту супраць таго, што адбываецца ў Беларусі.

Аляксандр «Кусь» Клачко. Фота: «Наша Ніва»

Аляксандр «Кусь» Клачко. Фота: «Наша Ніва»

Меркаваў, што мы можам нешта змяніць, што ў любым выпадку мы не можам не дзейнічаць. А яшчэ было неверагоднае адчуванне свабоды.

Увечары 8 жніўня я быў у Баранавічах і меў размову з блізкімі. Яны адгаворвалі мяне, каб на наступны дзень, 9 жніўня, я не ехаў у Мінск пратэставаць. Блізкія мне казалі, што я эгаіст і думаю толькі пра сябе, што мяне там могуць пабіць, пакалечыць, забіць, пасадзіць. Абвінавачвалі, што я не думаю пра іх і што нічога не змяню, ні на што не паўплываю сваім учынкам.

Адказаў ім: калі ўсе будуць думаць, што мы нічога не зменім і ні на што не паўплываем, і застануцца дома, то нічога не зменіцца, і цягам часу [сітуацыя ў краіне] стане толькі горш. А калі ўсе зробяць, як я, выйдуць на вуліцы сваіх гарадоў, паедуць у Мінск на плошчу і выкажуць мірным шляхам сваю нязгоду з той хлуснёй і злачынствамі, якія адбываюцца ў краіне, 10 жніўня мы прачнемся ў іншай Беларусі. Тады мы зможам усё памяняць.

Канешне, было страшна, хадзілі чуткі, што ледзь не танкі ў Мінск зганяюць, могуць адкрываць агонь на паражэнне баявымі патронамі. Але я разумеў, што па-іншаму я не магу зрабіць, па-іншаму нельга. І 9 жніўня я паехаў у Мінск».

«Трэнер і некалькі спартоўцаў апрацоўвалі астатніх»

Сцяпан Папоў, самбіст, чэмпіён свету і Еўропы:

«8 жніўня знаходзіўся ў Стайках, у нас былі спартыўныя зборы. Увесь пачатак жніўня быў вельмі напружаны. Трэнер і некалькі спартоўцаў, якія пасля незаконных выбараў сталі на бок рэжыму, ужо апрацоўвалі астатніх самбістаў, каб тыя ішлі галасаваць датэрмінова. Гэтая натуга вельмі адчувалася. Было шмат размоваў і прэсінгу, назіралі за ўсімі навінамі.

Сцяпан Папоў. Фота: асабісты архіў

Сцяпан Папоў. Фота: асабісты архіў

Чакалі, што Лукашэнка прайграе выбары, бо было бачна, што ўсе супраць яго. У нашай зборнай яго падтрымлівалі ўсяго некалькі чалавек. Частка з астатніх, каб не супраціўляцца прэсінгу, пайшлі галасаваць датэрмінова, але іншая частка засталася чакаць 9 жніўня, каб раніцай прыйсці, прагаласаваць і пэўна ведаць, што твой голас будзе ўлічаны.

Настрой быў добры. Адчувалася, што нас шмат і мы можам перамагчы, але цалкам у гэта не верылася. Людзей захоплівалі, не давалі сабрацца, разганялі — усё гэта напружвала. Але асноўны трэш пачаўся потым.

Канешне, былі спадзяванні, бо адчувалася, што нас больш і мы можам выйграць. Але было і трывожна, таму што бачыў, якія пачынаюцца рэпрэсіі. Калі згадаць ужо 9 жніўня, калі Ярмошына абвясціла, нібыта «80% галасоў за Лукашэнку», то ў той дзень з’явіліся злосць, расчараванне. Але раніцай 9-га, калі ўсе выйшлі галасаваць і ля ўчасткаў стаялі вялікія чэргі, больш верылася ў лепшае. Была надзея, нібыта ўсе ўбачаць, што нас больш і што Лукашэнка прайграў. Спадзяваўся на тое, што ўсе гэта ўсвядомяць і гэта можа нешта змяніць, але не меў надзеі, што галасы палічаць сумленна».

«Мусілі даказаць самім сабе, што мы не нейкае быдла, а людзі»

Павел Гарадніцкі, саліст гурту «РСП» і акцёр Свабоднага тэатра:

«8 жніўня да мяне прыязджалі сваякі са Швецыі, і, хутчэй за ўсё, мы з імі гулялі па горадзе. 9-га, дакладна памятаю, мы хадзілі разам на выбарчы ўчастак, а папярэдні дзень у мяне сцёрты з памяці.

Але 6-га жніўня мы гралі са Свабодным тэатрам «Сабак Еўропы» ў Мінску, і было прадчуванне нейкіх зменаў — здавалася, у станоўчы бок. Выглядваў у натоўпе «сваіх», і калі бачыў людзей з белым бранзалетам ці стужачкай, усміхаўся, а мне ўсміхаліся ў адказ. А 2 жніўня гралі з гуртом на мітынгу Ціханоўскай у Брэсце, і было так аптымістычна, бадзёра. Здавалася, што горад наш, і Мінск, і Брэст, бо на мітынг у Брэсце прыйшло проста мора людзей. Усе падтрымлівалі адно аднаго і чакалі 9-га з надзеяй.

Павел Гарадніцкі. Фота: «Наша Ніва»

Павел Гарадніцкі. Фота: «Наша Ніва»

9-га, бліжэй да вечара, з’явіўся адрэналін, адчуванне, што нешта будзе. Мне падавалася, што могуць хутка разагнаць пратэст, як у 2010-м, і ўсё. Але нечакана ўсё гэта зацягнулася і набыло вялікі маштаб. Проста ачмурэў ад той колькасці людзей, якую бачыў на мітынгах яшчэ да 9 жніўня, бачыў, што тут людзі ўключаныя ў пратэст нашмат больш, чым у 2010-м. Яшчэ калі пачаліся нядзельныя маршы, дзе выходзілі сотні тысяч, было адчуванне, што мы перамаглі, яшчэ трошкі – і ўся сістэма пасыплецца.

Канешне, перад 9 жніўня раздумваў, ці выходзіць на вуліцу ўвечары. Жонка перажывала за мяне, але сказаў ёй, што не магу не пайсці, гэта мой грамадзянскі абавязак і я павінен быць там. Пайшоў да выбарчага ўчастка, ён у мяне знаходзіўся ў будынку Лінгвістычнага ўнівера. Там пачаўся хапун, забралі некалькі чалавек з нашага тэатра, я ўцёк. Потым мы перагрупіраваліся і пайшлі ў кірунку стэлы.

Усё гэта было пра эмоцыі. Ты ж не ведаеш, што будзе, толькі разумееш, што нешта павінна адбыцца. Эмоцыі вагаліся ад «клас, мы перамаглі» да «ўсё, гэта канец». Цяпер ужо зразумела, што не перамаглі, але тое ж не былі эмоцыі аднаго дня, яны былі расцягнутыя на працяглы час.

Ці падаецца гэта наіўным? Не, мы ж людзі, а не робаты, мы маем эмоцыі, і гэта нармальна. Калі ты чуеш, што кагосьці забілі, ты плачаш, калі чытаеш, што ў нейкім горадзе амапаўцы ледзьве не склалі шчыты, ты ў эйфарыі. Так уладкаваны чалавек.

Лічу, што ўсё было не дарма. Цяпер складаны перыяд, але ўсё роўна нешта зменіцца, не можа так быць вечна. Гляджу ў будучыню з надзеяй і лічу: тое, што адбывалася ў жніўні і што мы выйшлі — вельмі важна. Мусілі даказаць самім сабе, што мы не нейкае быдла, якое прамаўчыць, засунуўшы язык у адно месца, а людзі. Вельмі важна было выйсці і паказаць, што мы — людзі і мы хочам годнага стаўлення да сябе».

«Было трывожна праз нявызначанасць: не ведалі, як сябе будуць паводзіць людзі і якой будзе рэакцыя рэжыму»

Валерый Кавалеўскі, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных пытаннях:

«8 жніўня здавалася, што адбываецца нешта незвычайнае. Насамрэч гэта можна было адчуць ужо за некалькі месяцаў да самаго дня галасавання — тое, што кампанія ідзе не так, як раней, і людзі неяк па-іншаму ставяцца да кандыдатаў. Таму перад выбарамі ўжо было відавочна, што гэта кульмінацыя і здарыцца нешта нязвыклае.

Валерый Кавалеўскі. Фота: «Наша Ніва»

Валерый Кавалеўскі. Фота: «Наша Ніва»

Асабіста для мяне гэта было станоўчае адчуванне. Здавалася, што зараз мы пабачым новую надзею, людзі змогуць сябе праявіць з іншага боку. Мы і да 8 жніўня бачылі, як яны паказваюць зацікаўленасць у кампаніі і кандыдатах, як выбудоўваюцца ў чэргі на зборы подпісаў. Здавалася лагічным, што гэты актыўны ўдзел беларусаў у выбарчым працэсе дасягне нейкага новага ўзроўню.

У дзень перад выбарамі я сустракаўся з сябрамі. Мы чакалі 9 жніўня, абмяркоўвалі, якім чынам яго правядзем, хто дзе будзе галасаваць, як будзем карыстацца новым для беларусаў інструментам — платформай «Голас». Абмяркоўвалі і тое, што адразу пасля заканчэння галасавання пойдзем да выбарчых участкаў, каб даведацца пра вынікі. 

Магчыма, было трывожна праз нявызначанасць. Па-першае, не ведалі, як сябе будуць паводзіць самі людзі, ці пойдуць яны адстойваць свой выбар і патрабаваць вызвалення ўжо існых на той час палітзняволеных.

Па-другое, было незразумела, якой можа быць рэакцыя рэжыму. Ужо па самой кампаніі было відавочна, што рэжым ні ў якім разе не пагадзіцца правесці вольныя выбары: кандыдатаў арыштоўвалі, Цапкала збег з краіны, Святлана Ціханоўская таксама была пад прэсінгам уладаў — яны пагражалі забраць яе дзяцей. 

То-бок усё сведчыла пра тое, што гэта будзе тыповая выбарчая кампанія ў выкананні Лукашэнкі, дзе насамрэч выбараў няма, а ёсць іх імітацыя. Але найгалоўны гулец у гэтай кампаніі — беларускі народ — адмовіўся падпарадкоўвацца такім правілам».

Чытайце таксама:

«Зараз мы цябе ў аўтазак да тлустых закінем». Як склалася гісторыя маладзёнаў са страшнага фота, якое абляцела ўсю краіну

«Амапавец сказаў: буду біць, пакуль мне плацяць». Андрэй Ткачоў — пра катаванні ў жніўні і вяртанне ў Беларусь

Як склаліся лёсы палітзняволеных нулявых гадоў

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?